Князь Вітаўт — уладар Жупран

«Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы росквітам княства Літоўскага, нашага краю, і называюць той век залатым», — так пісаў у XVI стагоддзі пра вялікага князя літоўскага Вітаўта паэт і дыпламат Мікола Гусоўскі.d0b2d0b8d182d0bed0b2d0b0d182-d0b2d0b5d0bbd0b8d0bad0b8d0b9-1350-1430

Асоба князя Вітаўта цесна звязана з гісторыяй Ашмяншчыны. Так з гістарычных дакументаў вядома, што ў 1407 годзе вялікі князь падарыў мястэчка Жупраны, якое яму дагэтуль належала, віленскаму ваяводзе Войцеху Монвіду (Манівіду). Слынны ашмянскі краязнаўца Чэслаў Янкоўскі адзначаў, што арыгінал дарчай граматы на пергаменце з пячаткай ад князя Вітаўта захоўваўся яшчэ ў канцы XIX стагоддзя ў палацы графаў Чапскіх у Навасёлках. Уладальнікі маёнтка паказвалі гэты дакумент як вялікую каштоўнасць толькі самым важным гасцям. Менавіта гэта дарчая грамата стала першым гістарычным дакументам, у якім згадваюцца Жупраны. З 1407 года мястэчка пачало адлік сваёй афіцыйнай гісторыі.

Магчыма, Жупраны перайшлі ў спадчыну князю Вітаўту ад яго бацькі — вялікага князя Кейстута. Пра гэтага валадара ВКЛ вядома, што ён кіраваў княствам разам са сваім родным братам Альгердам, падзяліўшы тэрыторыі.

Кейстут прызнаваў аднак вяршэнства Альгерда як свайго старэйшага брата. Калі Альгерд памёр, яго спадчыннікам стаў сын  Ягайла, праўда Кейстут лічыў, што як старэйшы ў родзе мае больш правоў на вялікакняскі трон. Ягайла пачаў плесці інтрыгі супраць свайго дзядзькі, каб не дапусціць  таго да ўлады. У хуткім часе Ягайле ўдалося падманам зняволіць Кейстута ў 1382 годзе ў Крэўскім замку. Хутка Кейстута па загадзе яго пляменніка Ягайлы задушылі. Вітаўт таксама быў у палоне ў Крэве, але яго жонка Ганна здолела пранесці мужу жаночую вопратку, у якой той уцёк з-пад замкавай варты.

Вітаўт стаяў на незалежніцкіх пазіцыях ды пасля уніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у 1385 годзе ўзначаліў групоўку феадалаў ВКЛ, якія былі супраць аб’яднання з Польскім каралеўствам. У выніку барацьбы Вітаўта з Ягайлам, які стаў польскім каралём, у 1392 годзе было заключана кампраміснае пагадненне, паводле якога за Вітаўтам прызнавалася фактычная вярхоўная ўлада ў ВКЛ, але Ягайла ўсё ж захоўваў тытул вялікага князя літоўскага.

Вітаўт праславіўся як выбітны ваеначальнік, стаўшы на чале літоўскіх дружын у 1410 годзе падчас слаўнай бітвы з крыжакамі пад Грунвальдам. Пад яго панаваннем Вялікае Княства Літоўскае дасягнула сваёй найбольшай магутнасці і самых вялікіх памераў. Вітаўт уключыў у склад сваёй дзяржавы Смаленск, вызначыў мяжу ВКЛ і Маскоўскага княства па рэках Угра і Ака, а на поўдні давёў уладанні ВКЛ аж да Чорнага мора.

Маскоўскі цар Васіль І звяртаўся да Вітаўта ў граматах «Господин и отец мой», што сведчыла пра высокую пазіцыю Вітаўта ў гэтай частцы Еўропы і яго пратэктарат над кіраўніком Маскоўскага княства.

«Як ні дзівіцца славе вялікага гаспадара Вітаўта. Няма земляў ні на ўсходзе, ні на захадзе, адкуль не прыходзілі б пакланіцца гэтаму слаўнаму гаспадару», — славіў князя Вітаўта ў пачатку XV стагоддзя ананімны аўтар.

Праўда, Вітаўт меў адну мару, здзейсніцца якой не давялося. Каб узмацніць яшчэ больш аўтарытэт сваёй дзяржавы ды сваю пазіцыю, ён захацеў каранавацца ды атрымаць тытул караля. Каранацыя мелася адбыцца восенню 1430 года, але карону не змаглі даставіць з нямецкіх зямель ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Вільню — яна знікла па дарозе. Існуе версія, што яе перахапілі польскія магнаты, якія бачылі ў асобе Вітаўта канкурэнта і не хацелі, каб ён стаў каралём. Вітаўт, не вытрымаўшы такога моцнага душэўнага ўзрушэння, у хуткім часе памёр.

Хоць ніякіх звестак пра гэта не засталося, але вельмі верагодна, што князь Вітаўт бываў у Жупранах, бо праз мястэчка праходзілі ў той час важныя шляхі.

Дзеля папулярызацыі ведаў пра  гісторыю, зацікаўлення мясцовых жыхароў мінуўшчынай варта было б ушаноўваць памяць першага ўладара мястэчка. У гонар князя Вітаўта ў Жупранах, да прыкладу, магла б быць названа адна з вуліц альбо ўсталявана памятная шыльда на адным з сучасных будынкаў.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

Опубликовать в Одноклассники
Стоит почитать:

Комментарии:

3 комментариев для “Князь Вітаўт — уладар Жупран

  • 16.10.2017 в 21:22
    Permalink

    Жупранам в этом году продаётся внимание, думаю, что этот материал по истории будет подспорьем местным.

  • 17.10.2017 в 08:07
    Permalink

    Виктор молодец! Всегда интересно и познавательно

  • 21.10.2017 в 13:17
    Permalink

    Цікавы артыкул

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>