Адданыя роднай зямлі. Сям’я Тарасевіч

Общество

Праца на зямлі ніколі не была лёгкай. У сельскай гаспадарцы трымаюцца самыя моцныя і цягавітыя людзі, адданыя сваёй справе сэрцам. Сям’я Тарасевіч з такіх людзей. Іван Антонавіч, Гражына Іванаўна і Аляксей Тарасевічы адданы зямлі бацькоў, якая выгадавала і дала пуцёўку ў жыццё.

Разам у жыцці і працы

Іван Антонавіч Тарасевіч родам з невялікай вёскі Бяцюны Крэйванцаўскага сельсавета. З 1987 года ён пачаў працу ў гаспадарцы (тады — калгасе імя Ільіча) загадчыкам участка. Пасля заняў пасаду намесніка старшыні калгаса, а з 2000 па 2023 гады ўзначальваў КСУП “Крэйванцы”, аддаючы клопату пра справы гаспадаркі ўвесь свой час і намаганні. Дзякуючы працы, Іван Антонавіч сустрэў і сваё каханне — будучую жонку Гражыну.

Гражына Іванаўна нарадзілася ў Гардзіеўцах і таксама выбрала сабе прафесію ў сельскай гаспадарцы. Скончыла Ільянскі саўгас-тэхнікум і атрымала спецыяльнасць ветэрынарнага фельчара. Але працаваць прыйшлося спачатку загадчыцай фермы па адкорму буйной рагатай жывёлы ў Гардзіеўцах, пасля — загадчыцай склада гаруча-змазачных матэрыялаў і зернесклада ў Анжадава, а з 2003 года Гражына Іванаўна стала спецыялістам па кадрах. На гэтай пасадзе жанчына працуе і сёння. Добра ведае свой калектыў. За кожным радком у працоўных кніжках хаваюцца лёсы людзей, гісторыя гаспадаркі і яе ўласнае жыццё. Толькі аб адным шкадуюць Іван і Гражына Тарасевіч — у штодзённых клопатах і турботах прабеглі гады, выраслі дзеці — дачка і сын.

Дзецьмі Іван Антонавіч і Гражына Іванаўна могуць ганарыцца. Яны выраслі годнымі і працавітымі людзьмі.

Прадаўжальнік традыцый

Справу бацькоў працягнуў сын Аляксей. З 2015 года малады чалавек працуе механізатарам у КСУП “Крэйванцы”. Яго імя неаданаразова гучала сярод перадавікоў жніва ў раёне, ён адзін з перспектыўных работнікаў гаспадаркі.

У свой час Аляксей скончыў Навагрудскі аграрна-эканамічны каледж і атрымаў спецыяльнасць агранома. Некаторы час малады чалавек паспрабаваў сябе ў гэтай ролі, але хутка зразумеў, што на гэтага спецыяліста кладзецца вялікая адказнасць не толькі за вынік сваёй работы, але і за вынік работы цэлага калектыву. Малады чалавек не адчуваў у сабе здольнасці кіраваць іншымі людзьмі. Ён ведаў, што прынясе больш карысці гаспадарцы, калі будзе працаваць сам-насам на сваім участку работы.  І папрасіўся сесці на камбайн. Вопыт кіравання тэхнікай у Аляксея ўжо быў немалы: з дзявятага класа ён дапамагаў летам на жніве, працуючы памочнікам у пары з камбайнёрам Уладзімірам Даўлевічам. Такая праца была хлопцу па душы. Кіраўніцтва гаспадаркі пайшло насустрач, і Аляксей атрымаў сваю першую машыну — кормаўборачны камбайн КВК-800. Механізатар добра зарэкамендаваў сябе на ўборцы траў і кукурузы на сілас. А ў хуткім часе сеў і на зернеўборачны камбайн. Добра спраўляецца малады мужчына і з трактарам МТЗ 15-23.3, на якім займаецца культывацыяй земляў, падрыхтоўкай глебы пад пасеў зерневых культур, пахатай. У сельскай гаспадарцы няма калі сумаваць, работа тут ёсць круглы год, толькі старайся. Калі няма работы ў полі, то заўсёды знойдзецца ля трактара ці камбайна. Каб тэхніка працавала спраўна, яна патрабуе догляду і гаспадарскай рукі. Вось так і бяжыць час, змяняючы лета на восень, зіму на вясну, а чалавек аддана працуе, аддаючы зямлі плён сваіх рук.

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу — сапраўднае свята для ўсёй сям’і, якая шчыра працуе на карысць роднай зямлі.

У гэтым сямейным саюзе кожны на сваім месцы: досвед бацькі, мудрасць маці і энергія сына сплятаюцца ў адзіны рытм. Зямля любіць тых, хто ставіцца да яе з душой, і шчодра плаціць ім тым жа. І можна не сумнявацца: справа, распачатая бацькамі, знаходзіцца ў надзейных руках, а значыць, гэтая гісторыя будзе працягвацца яшчэ доўгія гады.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *