Зямля належыць тым, хто не баіцца працы і не шукае лёгкага хлеба. Маладыя і апантаныя працаўнікі запальваюцца сваёй справай, імкнуцца рабіць яе дакладна і якасна. Зазвычай любоў да зямлі ўзнікае яшчэ ў дзяцінстве, калі няўрымслівыя хлапчукі назіраюць за тым, як працуе на полі сельскагаспадарчая тэхніка, збіраючы новы ўраджай або апрацоўваючы палі на зіму. Тады зараджаецца цікавасць, а пасля і жаданне самім навучыцца гэтак жа ўвішна спраўляцца з тэхнікай.
Акурат гэтак назіралі за працай у полі і браты Кіркоўскія. Андрэй і Віталій з дзяцінства ведалі, што сваё жыццё звяжуць з сельскагаспадарчай галіной. Браты выраслі ў вёсцы Дружба, вучыліся ў школе ў Гродзях. Пасля заканчэння школы старэйшы брат, Андрэй, вырашыў паступаць у Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж, каб атрымаць спецыяльнасці трактарыста-машыніста і вадзіцеля. 2015 год стаў кропкай адліку для выпускніка. І зараз Андрэй працуе ў КСУП “Крэйванцы”. З гэтага года ён адышоў ад дзейнасці механізатара і перасеў за руль МАЗа.
— Зямля прыцягвае да сябе. Ёсць тут свой цыкл. З ранняй вясны і да позняй восені кіпіць работа. Палі ўсюды дагледжаныя. Прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і мой унёсак, — дзеліцца разважаннямі Андрэй. — Працую ўжо больш за дзесяць год і адчуваю, што знаходжуся на сваім месцы.
Малодшы, Віталій, працуе ў СУП “АграГродзі”. Для яго прыкладам у выбары прафесіі стаў старэйшы брат.
— Мы выраслі ў вёсцы. Праца на зямлі для нас звыклая і зразумелая. Працяглы час працуе ў сельскай гаспадарцы і мама, Іна Іванаўна. Я не баюся працы. Наадварот, цікава назіраць за яе плёнам, — разважае працаўнік. — У 2020 годзе прыйшоў у гаспадарку. Старэйшыя калегі адразу дапамаглі зразумець сутнасць работы, стаць часткай калектыву. Сёння сваю працу ведаю дасканала, і ўжо да мяне звяртаюцца па дапамогу.
Нягледзячы на пра-цоўную загружанасць, Андрэй і Віталій паспяваюць удзяляць час сваім сем’ям. У гэтым месяцы ў сям’і Андрэя Кіркоўскага здарылася доўгачаканая падзея — ён атрымаў ключы ад арэнднай кватэры.
— Важна, што дзяржава падтрымлівае маладыя сем’і. Цяпер разам з жонкай і сынам можам пераехаць у светлую кватэру і тут будаваць жыццё. Ужо ёсць безліч планаў па афармленні пакояў. Хочацца, каб дома было ўтульна і прыгожа. Абавязкова арганізуем наваселле, запросім родных і блізкіх, каб раздзяліць гэту радасць.
У Віталія і Кацярыны падрастае дачушка Варвара. Бацькі імкнуцца, каб у дзяўчынкі было ўсё неабходнае.
— Мы жывём у доме. Гэта было маё рашэнне. Падабаецца быць блізка да зямлі, мець свой агарод, праводзіць час за працай каля дома. Я прывык з дзяцінства да такога раскладу жыцця. І мне ён падабаецца, — разважае малады гаспадар. — Многія шукаюць долі ў вялікім горадзе, але быць шчаслівым можна і на роднай зямлі. Праз працу, сямейныя абавязкі адчуваецца запатрабаванасць.
Браты зазначаюць, што іх звязваюць не толькі кроўная сувязь, але і бясконцая любоў да зямлі. Яны ведаюць, што быць гаспадарамі — значыць клапаціцца пра будучы ўраджай, не быць абыякавым да справы, імкнуцца працаваць сумленна і адказна. Без гэтых простых, але такіх важных складнікаў немагчыма быць шчаслівымі.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

