Нявесцiн камень стане турыстычным аб’ектам Ашмяншчыны

Культура

Пра Нявесцін камень, што ляжыць у прыдарожным лесе непадалёку ад Навасёлак і Агароднікаў, шмат ходзіць легенд. Кажуць, што незамужнім дзяўчатам ён дорыць сустрэчу з суджананым, а сем’ям, у якіх няма дзяцей, дапамагае пазнаць радасць бацькоўства. Трэба ўсяго толькі дакрануцца да яго парослага мохам боку альбо пасядзець на ім. Розныя існуюць аповеды і пра тое, адкуль ён з’явіўся на Ашмяншчыне.


Цікавасць валун выклікае і ў тых людзей, хто нават і не чуў пра існаванне легенд, таму да каменя ніколі не зарастае сцежка.

Работнікі культуры нашага раёна не раз думалі аб тым, каб сістэматызаваць звесткі пра камень і зрабіць гэта месца турыстычным аб’ектам краю. Дзеля гэтага прыкладаліся розныя намаганні. Адно з іх – удзел у міжнародных конкурсах праектаў. Як вынік – праект “Нявесцін камень” краязнаўчага аматарскага аб’яднання “Знай край”, што створана пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, стаў пераможцам у конкурсе праектаў “Тандэм II”.

Для рэалізацыі праекта Еўрасаюзам выдаткавана 13300 долараў – 90 працэнтаў ад агульнай сумы. Астатнія дзесяць працэнтаў будуць прафінансаваны з мясцовага бюджэту.

На днях адбылося арганізацыйнае пасяджэнне рабочай групы па рэалізацыі праекта, у склад якой, акрамя спецыялістаў устаноў культуры раёна, увайшлі дырэктар Ашмянскага лясніцтва Вячаслаў Панасевіч, начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Гардзей, кіраўніцтва Навасёлкаўскага сельвыканкама.

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіны Балінскай, у справе рэалізацыі праекта ёсць ужо пэўныя вынікі. Так, блізіцца да завяршэння фальклорная экспедыцыя, якую ўзначальваюць дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марына Белавус і метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. Сабраныя імі легенды будуць занатаваны ў адным з буклетаў, што плануецца надрукаваць падчас рэалізацыі праекта. На аснове вуснай народнай творчасці работнікі культуры будуць рыхтаваць анімацыйныя праграмы для турыстаў.

Важнейшы этап ажыццяўлення праекта – гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол валуна. У планах – высяканне хмызняку. Да каменя, што ляжыць у яры, будуць весці спецыяльна ўсталяваныя прыступкі. Расчысціцца пляцоўка пад правядзенне анімацыйных мерапрыемстваў. Побач з’явяцца лаўкі і ўрны для смецця. Перад спускам да каменя будзе ўстаноўлены інфармацыйны стэнд.

На канец красавіка запланавана краязнаўчая канферэнцыя «Валуны – маякі гісторыі», у якой прымуць удзел навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Праект дасць магчымасць турыстам адкрыць для сябе яшчэ адзін цікавы куток нашай Ашмяншчыны і дапаможа зберагчы яго для нашчадкаў – аб’ект плануецца ўнесці ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Аліна САНЮК.

Фото Светланы МУЦЯНСКОЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *