Ашмянскі ансамбль «Жытніца» выступіў на віленскім кірмашы

Культура

Сярод ашмянскіх творчых калектываў народны ансамбль народнай песні “Жытніца” – адзін з самых яскравых. Яго артысты – сталыя наведвальнікі многіх гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Ды што там раённых! – слава кракоўскіх музыкаў даўно сягнула за межы нашай краіны.


Вось і нядаўна, 7 сакавіка, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, ансамбль “Жытніца” быў запрошаны да ўдзелу у вялікай культурнай падзеі – традыцыйным штогадовым кірмашы “Казюкас”, які адбываецца ў Вільнюсе. На ім традыцыйна прадстаўляюць свае здольнасці народныя ўмельцы і майстры – як у выяўленчым, так і іншых відах мастацтва. Асобнае месца належыць музычным калектывам. Таксама тут можна паглядзець тэатралізаваныя прадстаўленні, набыць цацкі, карціны, сувеніры, прысмакі. Кірмаш нікога не адпусціць з пустымі рукамі.

“Казюкас” – цалкам народнае свята. Таму на ім няма месца розным суперсучасным жалезным рытмам і электрычным гукам. Бо галоўнае месца адведзена народнай ці, як яе называюць, этнічнай музыцы. І тут гучаць нацыянальныя матывы самых розных народаў, якія традыцыйна жылі і жывуць у гэтым рэгіёне: літоўцаў, латышоў, палякаў, рускіх і беларусаў.

Пасольства нашай рэспублікі ў Літве паклапацілася пра ашмянцаў – адмыслова для іх быў прысланы зручны транспарт, таксама ім быў адкрыты “зялёны” калідор. Такім чынам, арганізатары зрабілі ўсё, каб нашы артысты не мелі аніякіх турбот.

Зазначым, што беларускі падворак на кірмашы “Казюкас” быў адкрыты ўпершыню. Ён размясціўся на праспекце Гедыміна. Падчас мерапрыемства нашы таленавітыя землякі выступілі менавіта тут. Дарэчы, нашу краіну прадставілі больш за дваццаць рамеснікаў – і толькі адзін музычны калектыў. Тым больш прыемна, што па запрашэнні пасольства нашай краіны ў Літоўскай Рэспубліцы выступілі артысты ансамбля “Жытніца”.

Пасля ўрачыстасцяў адкрыцця кірмашу адбылася імпрэза ў самым сэрцы старой Вільні – Ратушы. І тут гукі беларускіх музычных інструментаў напоўнілі сцены прасторных залаў старадаўняга будынку. Гаспадары, прадстаўнікі літоўскага боку, безумоўна, былі задаволены майстэрствам і здольнасцямі кракоўскага творчага калектыву.

Артыстаў “Жытніцы” суправаджалі намеснік старшыні райвыканкама Галіна Станіславаўна Люткоўская і начальнік аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Галіна Іванаўна Балінская. Яны шчыра падзякавалі арганізатарам за магчымасць выступіць на такім прадстаўнічым мерапрыемстве.

Сёлетняя паездка нашых артыстаў у суседнюю краіну, першая, але, хутчэй за ўсё, не апошняя. Можна спадзявацца, што яшчэ не раз ашмянскія музыкі ўразяць сваімі талентамі нашых замежных сяброў.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота з архіву ансамбля “Жытніца”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *