Ашмянцы сустрэнуць вясну чысціней

Главное

Месячнік па санітарнай ачыстцы і ўборцы горада і сельскіх населеных пунктаў аб’яўлены ў раёне з 25 сакавіка па 24 красавіка.


Старшынёй райвыканкама Міраславам Сарасекам зацверджаны план-заданне па правядзенні месячніка і добраўпарадкаванні як тэрыторый агульнага карыстання, так і ўчасткаў, што належаць прадпрыемствам і арганізацыям. Як паведаміў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валерый Готка, на працягу месяца ўстановамі і арганізацыямі раёна плануецца выканаць вялікі аб’ём работ. Будзе арганізавана ачыстка прыбярэжнай паласы Ашмянкі ад маста па вул. Гальшанскай да гарадскога рынка. Прадоўжыцца распачатая ў мінулым годзе ачыстка ўрочышча Сухая. У планах абсталяванне аўтастаянкі каля ДСУ-28, высяканне хмызняку ля рэчкі ўздоўж агароджы ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”.

Насупраць урочышча Сухая — паміж мастом і паваротам дарогі на бальніцу – будуць высаджаны дрэўцы. Зялёная зона з’явіцца і ў мікрараёне Заходнім: паміж яўрэйскімі могілкамі і д.13 па вул Крынічнай. Новы выгляд прыме тэрыторыя паміж аграрна-эканамічным каледжам і рэчкай.

Кветкавым афармленнем горада, а таксама абрэзкай дрэў зоймецца служба ЖКГ. Камунальнікі добраўпарадкуюць газон ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, а таксама прывядуць у належны стан газоны, якія былі сапсаваныя падчас пракладкі цеплатрас.

Навядзенне чысціні на падведамасных тэрыторыях, добраўпарадкаванне клумбаў і газонаў – такія задачы стаяць перад усімі арганізацыямі ў горадзе і на сяле. Датычыцца гэта і ўласных падворкаў грамадзян, якія павінны за гэты тэрмін прыбраць на сваіх зямельных ўладаннях.

Службай ЖКГ сумесна з РЭС і ААТ “Радыётэхніка” будзе арганізавана дапамога ў вывазе смецця падчас навядзення ашмянцамі парадку на гарадскіх могілках па вул. Я Коласа і вул. Аўдзеева.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *