Каcі, каса, пакуль раса!..

Главное

На землях СВК “Гальшанскі” поўным ходам вядзецца нарыхтоўка кармоў другога ўкосу.


Наша падарожжа да гальшанскіх працаўнікоў пачалося прахалодным ранкам, калі яшчэ не зусім абсохла ад расы трава. Намеснік старшыні Міхаіл Іванавіч Скаржынскі паведаміў нам, што касьба цяпер вядзецца на полі паблізу вёскі Каменка. Прыбыўшы на месца, даведаліся, што поле немалое – 135 гектараў – і, кажучы мовай спецыяліста, мае складаную канфігурацыю.

На корманарыхтоўцы занята нямала людзей. Як паведаміў нам намеснік кіраўніка гаспадаркі,  у звяне працуюць тры касілкі – дзве трохметровыя КДЛ і адна дзевяціметроўка КПР-9. Уся тройка – айчыннай вытворчасці, працуе без перабояў. Трактар з граблямі збірае падвяленае сена ў валкі. “Ягуар” здрабняе і тут жа загружае зялёную масу ў кузавы трактароў і грузавых аўто. У залежнасці ад адлегласці пяць-дзевяць адзінак дастаўляюць сянаж у траншэі, дзе адбываецца трамбоўка. Закладка кармоў – работа немалаважная, таму загадчык участка Уладзімір Васільевіч Цагельнік уважліва адсочвае сітуацыю на полі, адказвае за зладжанасць і вынікі працы. А курыруе работы сам Міхаіл Іванавіч. Па яго словах, ужо ў мінулую пятніцу распачата назапашванне сенажу ў новай траншэі каля вёскі Навасяды. План нарыхтоўкі – 15 тысяч тон, у траншэях ужо каля 12 тысяч.

На МТЗ-1025 з граблямі Tonutti працуе Станіслаў Даніленка. Дарэчы, як зазначыў Міхаіл Іванавіч, італьянскія граблі хоць і новыя, але шмат у чым капіруюць старую савецкую тэхніку, хіба што толькі больш зграбныя і манеўраныя.

У сельскай гаспадарцы Станіслаў Браніслававіч з 1985 года. Ён працаўнік, якіх пашукаць, за дзень можа і дзве нормы зрабіць. Пасля касьбы ён перасядзе на камбайн і ўключыцца во убору збожжавых. У сям’і – парадак, заўжды падтрымлівае Станіслава жонка Марына Браніславаўна, якая вядзе хатнюю гаспадарку. Сын Дзмітрый пайшоў у жывёлаводы, працуе асеменатарам на малочнатаварным комплексе “Міхайлоўшчына”.

Пабачылі мы і тую самую девяціметровую касу КПР-9. На ёй працуе Ігар Валяр’янавіч Клімовіч. Адзінаццаць год ён водзіць магутную тэхніку. У спісе ягоных “ластавак” ёсць і “Кіравец”, і “Беларус”. Цяпер – МТЗ-3022 ДЦ.1 з дзевяціметроўкай, якая дазваляе пакінуць за сабой 50 – 60 гектараў свежаскошанай травы. А дома яго сустракаюць жонка Алена з маленькім Мацвеем, які пакуль мае справу толькі з машынамі цацачнымі. А Алена Рамуальдаўна, дарэчы, не толькі выхоўвае разам з бацькам сына, але і працуе бухгалтарам у індывідуальнага прадпрымальніка.

Як бачым, для якаснай працы вельмі важна мець падтрымку дома. Але не абысціся рупліўцам і без “гарачай падтрымкі” абедам і падвячоркам, якія спраўна прывозяць да іх на поле.

Такім чынам, як мы пераканаліся, выніковасць працы залежыць не ад аднаго “стаханаўца”, а ад цэлай каманды прафесіяналаў, кожны з якіх цалкам адказвае за свой участак і ўкладае душу ў агульную справу.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *