Вадзіцельскі стаж Віталя Блажэвіча — дваццаць чатыры гады. Не толькі вопыт, але і адказнасць, стараннасць
і мэтанакіраванасць з’яўляюцца складнікамі яго поспеху. Сёлета вадзіцелю КСУП “Крэйванцы” скарылася высокая планка — падчас жніва ён перавёз ад камбайна больш за тры тысячы тон зерня новага ўраджаю.
— Шчыра кажучы, сам не спадзяваўся на такі вынік. Проста працаваў з поўнай аддачай, разумеў, што на нашых плячах ляжыць адказнасць за важную справу — тэрміновую ўборку зерневых і зернебабовых культур, — сціпла адзначае Віталь. — Канешне, калі перавёз першую тысячу, працаваць стаў з яшчэ большым імпэтам. Побач — прыклад стараннага калегі Вітольда Ясюлевіча, які скончыў сёлетнюю ўборку таксама з добрым вынікам — на яго рахунку больш за дзве тысячы тон збожжа.
Да працы на зямлі Віталь Блажэвіч прызвычаены з дзяцінства. Нарадзіўся ён у вёсцы Рудзішкі Мураванаашмянкоўскага сельсавета. Разам з братам і сёстрамі з маленства дапамагаў бацькам, якія працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Маці даглядала жывёлу на ферме, пасля была загадчыцай зернесклада. Бацька працаваў механізатарам. Відаць, яго прыклад вызначыў прафесійны і жыццёвы шлях сыноў – абодва абралі няпростую, але высакародную сялянскую справу, сталі механізатарамі.
— Пачынаў працаваць на трактары ў КСУП “Кракоўка”. Даводзілася і араць, і сеяць, і ў корманарыхтоўцы ўдзельнічаць. Пасля перайшоў вадзіцелем на грузавік. Цяжэй ці лягчэй, пытаецеся. Не ведаю, усюды трэба працаваць, тады і вынік будзе! — упэўнены Віталь.
Непрацяглы час Блажэвіч працаваў у аўтапарку № 13, аднак, відаць, вёска не адпусціла. Трэці сезон ён “за баранкай” у КСУП “Крэйванцы”. Дарэчы, тысячнікам быць ужо даводзілася, але такі рэзультат, як сёлета, на яго рахунку ўпершыню. Зрэшты, і ў раёне наўрад хто можа прыпомніць у апошнія дзесяцігоддзі такі вынік.
Надзейны памочнік Віталя — яго 20-тонны МАЗ, з якім яны ўжо не адну тысячу кіламетраў пераадолелі. Работы ў гаспадарцы заўсёды хапае. Нават падчас жніва Віталь паспяваў пераключацца з адвозкі зерня ад камбайнаў на іншыя даручэнні — разгрузіць сушылку, перавезці зерне на склад, даставіць збожжа для здачы ў лік дзяржаўнага заказу. Зараз у яго пуцёўцы — камандзіроўкі ў Краснасельск па цэмент, у Салігорск па кармавую соль, у Гродна… А падчас нашай размовы Віталь спяшаўся ў чарговы рэйс, каб даставіць са Станцыі Ашмяны мінеральныя ўгнаенні — іх уносяць падчас асенняй сяўбы.
Руплівую працу Блажэвіча ў гаспадарцы вельмі цэняць і заахвочваюць. Кожная тысячная планка сёлета была адзначана падарункамі ад кіраўніцтва КСУП “Крэйванцы”, а таксама ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Поспехам мужа і бацькі радуюцца і дома. Жонка Вольга заўсёды сустракае яго гарачай вячэрай — хай сабе і прыходзіцца яна часта бліжэй да поўначы. Дачка Ксенія — студэнтка медыцынскага ўніверсітэта — таксама ганарыцца бацькам.
А пра маленькага Улада і казаць няма чаго — у свае чатыры гады ён ужо цягнецца да руля. Падрастае змена, што не можа не радаваць бацьку.
Людміла РЫБІК.
Фота аўтара.

