У паштовых аддзяленнях Ашмянскага ўчастка паштовай сувязі працягваецца падпіска на перыядычныя выданні на чацвёрты квартал. На днях у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі прайшоў дзень падпісчыка. Супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Ашмянскі веснік” і інструктар-інспектар па падпісцы Таццяна Завадская віталі як пастаянных чытачоў, так і тых, хто толькі-толькі вырашаў пасябраваць з газетай.
Падчас сустрэчы наш карэспандэнт высветліў у падпісчыкаў, якія тэмы і рубрыкі ім асабліва цікавыя ў раённай газеце.
– На мой погляд, у газеце хапае і мясцовых, і дзяржаўных навін. Моладзі, вядома, прасцей – яна ўсё ў інтэрнеце знаходзіць, а для больш сталага пакалення, канешне, важна, каб у сваёй газеце было напісана пра жыццё раёна – гэта ж наш галоўны пастаўшчык навін, – расказвае супрацоўніца “Ашмяны-быт” Тарэса Іосіфаўна.
Яе калега, Святлана Казіміраўна, прызналася, што падпісваецца на газету паквартальна:
– Люблю нашу “раёнку” за прыемныя сюрпрызы: цікавыя навіны, магчымасць убачыць на яе старонках знаёмых людзей і адкрыць іх з новага боку. Люблю чытаць пра лёс і жыццё працоўных людзей, пра тое, як яны сваёй працай услаўляюць наш горад, раён і краіну. На маю думку, наша газета – адна з лепшых і ў ёй хапае самых розных навін: і сур’ёзных, і забаўляльных.
А вось Валянціна Сцяпанаўна з КСУП “Кракоўка” перавагу аддае навінам пра падзеі:
– Калі наша газета трапляе мне ў рукі на рабоце, то я праглядваю яе з канца: мне цікава, можа, хто са знаёмых і сяброў адзначае юбілей. Дома я газету чытаю дэтальна, як кажуць, ад коркі да коркі – як жа без мясцовых навін?
Зваротная сувязь з падпісчыкамі дазваляе зразумець, у якім напрамку развівацца газеце. Сувеніры ад рэдакцыі і дзесяціпрацэнтная скідка на размяшчэнне рэкламы ў раёнцы сталі ў гэты дзень прыемным бонусам для чытачоў, якія працягнулі падпіску.
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота аўтара.


