Дзень бібліятэк адзначаецца ў нашай краіне 15 верасня

Культура

Гэта не толькі прафесійнае свята бібліятэчных работнікаў, але і свята ўсіх, хто мае дачыненне да кніг, чытання, бібліятэк. Сёння бібліятэкі, акрамя асноўнай сваёй работы,
займаюцца зборам і захаваннем рознага кшталту інфармацыі. Захавальнікам мноства ведаў у Барунскай сельскай бібліятэцы з’яўляецца бібліятэкар-бібліёграф Наталля Рукевіч.

Наталля Станіславаўна нарадзілася і вырасла ў Барунах, таму яе тут ведаюць усе. Прафесійны шлях жанчыны ў бібліятэку не быў прамым — пасля заканчэння школы яна некалькі гадоў правучылася ў Валожыне на цырульніка і нават паспела папрацаваць па спецыяльнасці, пакуль маладую дзяўчыну не заўважыла дырэктар Ашмянскай раённай бібліятэкі Марына Белавус.

— Яна мне так проста і сказала: хачу, каб ты працавала ў сельскай бібліятэцы, — успамінае Наталля Станіславаўна. — А паколькі мяне з дзяцінства цягнула ў гэты цудоўны свет кнігі, то я практычна адразу згадзілася. Паступіла на завочнае аддзяленне ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна і прыйшла працаваць у бібліятэку. Пасля пэўны час была дыспетчарам у эксперыментальнай базе “Баруны”, працавала ў мясцовым паштовым аддзяленні.

— А потым была чарговая сустрэча з Марынай Раманаўнай, і яна зноў упэўніла мяне ў тым, што маё месца ў бібліятэцы, — успамінае Наталля Станіславаўна. — Прызнацца, сапраўды, мяне заўсёды цягнула да кніг: яшчэ дзіцем я часта наведвала барунскі кляштар, дзе ў той час знаходзілася бібліятэка, мне падабалася браць з паліц і гартаць кнігі, удыхаць іх водар. Самая любімая кніга з дзяцінства — “Байкі” Кандрата Крапівы. Нават зараз, калі атрымліваю новыя кнігі, міжвольна параўноўваю іх з тымі, якія былі ў маім дзяцінстве.

Паслугамі ўстановы карыстаюцца больш за трыста чытачоў, узростам ад дзіцячага садка да пенсіянераў. Пераважную большасць складаюць жанчыны. Зараз у фондзе Барунскай бібліятэкі знаходзіцца больш за сем тысяч кніг. Кожны раз, калі фарміруюцца заказы ў аддзел камплектавання, Наталля Рукевіч цікавіцца ў сваіх наведвальнікаў, што б яны хацелі пачытаць. У мінулым годзе фонд папоўнілі чатырыста адзінак, сёлета — дзвесце, калі ў 2022 годзе перавагу чытачы аддавалі дэтэктывам, то ў гэтым лідзіруе дзіцячая літаратура.

— Наша бібліятэка актыўна прымае ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, супрацоўнічае з сельскім клубам, сярэдняй школай, Гальшанскай школай мастацтваў, — расказвае жанчына. — Пры бібліятэцы створана аматарскае аб’яднанне “Карані”, якое працуе ў краязнаўчым напрамку. Акрамя гэтага, штомесяц мы праводзім шмат мерапрыемстваў экалагічнага, патрыятычнага, духоўнага накірункаў. Усе яны разлічаны на чытачоў розных узростаў: квэсты — для самых малодшых, інтэрактыў — для школьнікаў, прэзентацыі — для людзей сталага ўзросту.

Бібліятэка ідзе ў нагу з часам. Тут створаны мультымедыйны цэнтр. У медыятэцы ідзе назапашванне дыскаў з матэрыяламі па ўсіх галінах ведаў. Дзейнічае сацыяльна-інфармацыйны цэнтр. Работу бібліятэкі Наталля Станіславаўна актыўна асвятляе ў сацыяльных сетках. Акрамя бібліятэчнай работы, жанчына паспявае займацца хатняй гаспадаркай: пакарміць катоў, сабак, трусоў, казу.

— Чытаю шмат, — дзеліцца Наталля Станіславаўна. — Трэба ж быць у курсе, што зараз у трэндзе. Самой мне больш даспадобы невялікія апавяданні. Сярод любімых пісьменнікаў — Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Іван Шамякін, Сцяпан Гаўрусёў. Зараз чытаю “Сэрца не падманеш” Уладзіміра Гаўрыловіча, перыядычна — часопіс “Полымя”, у якім часта можна сустрэць добрыя творы і цікавых аўтараў.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *