Прадстаўнікі Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа прынялі ўдзел у фэсце “Бацькава булка”

Культура

У мінулым годзе ў Свіслачы ўпершыню адбыўся каравай-фэст “Бацькава булка”, які выклікаў вялікую цікавасць і сабраў людзей з розных куточкаў Гродзеншчыны. У гэтым годзе маштабнае свята адбылося ў Свіслачы другі раз, і наш раён таксама завітаў на цікавае мерапрыемства. Прадстаўнікі Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа прынялі ўдзел у конкурсе кандытарскага і кулінарнага майстэрства і прадставілі вырабы ў трох намінацыях: “Лепшая кандытарская работа”, “Лепшая страва беларускай кухні” і “Лепшая сервіроўка стала”.

Двума экспазіцыямі была прэзентавана намінацыя “Лепшая кандытарская праца”. Цэнтральнае месца на пляцоўцы было адведзена беларускай сям’і, бо менавіта сям’я з’яўляецца захавальніцай традыцый беларускага народа.

Стравы ва ўсіх намінацыях былі высока ацэнены аўтарытэтным журы, а праца “Абед на Яблычны Спас” была адзначана дыпломам ІІ ступені. Аўтарам працы з’яўляецца выкладчыца каледжа Вольга Шчука. У конкурсе яна прымае ўдзел другі раз. У мінулым годзе на каравай-фэсце “Бацькава булка” праца Вольгі Віктараўны была ўдастоена трэцяга месца.

— Праз удзел у конкурсе выпрацоўваецца прафесіяналізм і творчыя здольнасці. Таксама ёсць добрая магчымасць пазнаёміцца з працамі другіх канкурсантаў. А паглядзець, сапраўды, ёсць на што. Падрыхтоўку да каравай-фэсту я пачала ў чэрвені: гартала кулінарную літаратуру, знаёмілася са жнівеньскімі святамі. Хацелася, каб праца адлюстроўвала важную і знакавую падзею. Яблычны Спас — адно з найбольш любімых хрысціянскіх свят. І адзначаецца яно якраз 19 жніўня. Я прачытала вялікую колькасць праваслаўнай літаратуры, каб пазнаёміцца з вытокамі свята і яго традыцыямі. Шчыра кажучы, многае для мяне было новым і невядомым. Знайшла рэцэпт сыра, які рыхтаваўся з яблыкаў на Яблычны Спас і захоўваўся аж да Калядаў. Рэцэпт я крыху ўдасканаліла, не адыходзячы ад першакрыніцы. Здаецца, атрымалася смачна, — зазначыла Вольга Шчука.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *