У Граўжышках прайшоў мядовы кірмаш

События

Жнівень у нашай краіне – асаблівы месяц, багаты на хрысціянскія святы, якія ў народзе завуцца Спасамі. Адным з самых любімых і чаканых з’яўляецца Мядовы Спас, які сімвалізуе пачатак збору салодкага дару прыроды. Невыпадкова ў цэнтры ўвагі свята ў Граўжышках стаў менавіта гэты каштоўны і духмяны прадукт. На кірмашы можна было не толькі даведацца пра карысныя ўласцівасці мёду, але і пакаштаваць розныя гатункі ласунка.

“Граўжышкоўскі мядовы кірмаш” сабраў у аграгарадку аматараў мёду, а таксама тых, хто хацеў далучыцца да народнай песні і традыцый. Напачатку да прысутных звярнуўся старшыня сельсавета Генадзь Тармасевіч, які адзначыў, што правядзенне такіх мерапрыемстваў стала ўжо добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае пакаленні і захоўвае нашу культурную спадчыну. Ён падкрэсліў, што важна не толькі весела правесці час, але і памятаць пра карані. Пасля старшыня ўручыў узнагароды самым актыўным жыхарам сельсавета. Пробашч парафіі ў Граўжышках ксёндз Юрый Катовіч блаславіў прынесены мёд.

Свята атрымалася па-сапраўднаму шчодрым і шматлюдным. Гасцей чакала шмат забаў як для дзяцей, так і для асоб старэйшага веку. Сваю творчасць дарылі ансамблі “Граўжанцы” і “Мельніца”.

Сапраўднай жамчужынай праграмы стала тэатралізаванае дзейства “Вяселле ў Граўжышках”. Гледачы мелі магчымасць паназіраць і паўдзельнічаць у народным абрадзе. Па сцэнарыі, малады гаспадар-пчаляр вырашыў, што прыйшоў час знайсці сабе гаспадыню ў хату і памочніцу на пасецы. Але жонку ён хацеў асаблівую: каб і мёд любіла, і гаспадарку вяла, і характарам да пары падыходзіла. У гэтай нялёгкай справе юнаку дапамагала мама. Прэтэндэнтак на званне гаспадыні чакала безліч розных выпрабаванняў. Гледачы дружнымі апладысментамі падтрымлівалі дзяўчат. Нарэшце малады пчаляр зрабіў выбар – спыніўся на самай спрытнай, працавітай і вясёлай дзяўчыне. І адразу ж на пляцоўцы пачаўся вясельны абрад з ручнікамі, караваем, падарункамі, жартаўлівымі прыпеўкамі. А мёд стаў сімвалам салодкага жыцця для маладых.

Пакуль дарослыя частаваліся караваем і назіралі за вясельным абрадам, для дзяцей падрыхтавалі сапраўдную гульнёвую праграму з атракцыёнамі і гандлёвымі пляцоўкамі, дзе дзятва магла пачаставацца салодкай ватай і папкорнам.

Кірмаш у Граўжышках стаў выдатнай нагодай для новых знаёмстваў, далучэння да нацыянальных традыцый і народнай песні.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *