“Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы…” – гэтыя лірычныя радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” сталі прарочымі для Таццяны Трусевіч, якая з 2009 года працуе прадаўцом у краме “Родны кут” па вуліцы Пушкіна, 1. Крама стала першым працоўным месцам для Таццяны.
Тут яна набіралася вопыту, вучылася гандлёваму майстэрству ў старэйшых калег, рабіла свае першыя нясмелыя крокі. Зараз Таццяна – сапраўдны прафесіянал: яна ўмее знаходзіць падыход да пакупнікоў, з лёгкасцю спраўляецца з дакументацыяй, любой пастаўленай задачай. Зусім нядаўна плённая праца прадаўца была адзначана ўзнагародай – жанчына атрымала Падзячнае пісьмо Савета дэпутатаў.
– Для мяне ўзнагарода такога ўзроўню стала прыемнай неспадзяванкай. Свае абавязкі з першых дзён імкнулася выконваць дакладна і дасканальна. Працуючы з грашыма, патрэбна быць дакладнай, уважлівай. Нельга адхіляцца на іншыя справы. Да таго ж, наша праца патрабуе ветлівасці, умення знаходзіць кантакт з пакупнікамі. Дрэнны настрой, праблемы пакідаю за парогам крамы. Наш гандлёвы аб’ект знаходзіцца каля дарогі, таму сюды заходзяць не толькі жыхары навакольных дамоў, але і іншыя людзі. Па адносінах прадаўцоў пакупнікі фарміруюць меркаванне не толькі пра наш “Родны кут”, але і пра ўвесь горад. Можна сказаць, што крамы – гэта твар нашага горада.
Працоўны дзень Таццяны пачынаецца ў 8 гадзін раніцы, а заканчваецца – у 21 гадзіну. Жанчына зазначае, што ў летні перыяд пакупнікоў заўсёды больш. Зараз Таццяна знаходзіцца ў адпачынку. Яго імкнецца браць заўжды ў летні перыяд. Гэта абумоўлена гаспадарскім жаданнем жанчыны дагледзець агарод, нарыхтаваць запасы на зіму, схадзіць у ягады. Акрамя таго, участак сям’і Трусевіч упрыгожваюць шматлікія кветкі і кусты, якія патрабуюць своечасовага догляду.
Уменне сумяшчаць працу і сямейныя абавязкі – сапраўдны талент. Таццяна, бы руплівая пчолка, імкнецца паспець усюды. І гэта ў яе, па праўдзе сказаць, добра атрымліваецца.
– Жывучы ў прыватным доме, заўжды знойдзеш сабе працу: вось гурочкі перарастаюць, а вось ужо з’яўляюцца першыя таматы, а каля дома ўжо пачынаюць абсыпацца парэчкі. Хочацца ўсё паспець, нічога не змарнаваць. Сапраўднай апорай для мяне з’яўляюцца мае мужчыны – муж Валяр’ян і сын Віталій. Яны дапамогуць, выканаюць любую просьбу. Да таго ж, муж з паразуменнем ставіцца да маёй працы, а калі трэба, то і возьме на сябе частку хатніх клопатаў. За гэта яму вельмі ўдзячна. Ганаруся і сынам, якога мы здолелі выгадаваць спагадлівым і чулым хлопцам. Віталій у гэтым годзе скончыў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. Цяпер наш сын – дыпламаваны праграміст.
У вольны час Таццяна здзіўляе сваіх хлопцаў маленькімі кулінарнымі шэдэўрамі: духмянымі пірагамі і булачкамі, запечаным мясам, салатамі. Сваю любоў да сям’і яна выражае канкрэтнымі справамі, клопатам, імкненнем парадаваць і здзівіць.
У чым заключаецца сакрэт паспяховай працоўнай дзейнасці? Кожны адкажа на гэтае пытанне па-рознаму. Для Таццяны паспяховая працоўная дзейнасць стала магчымай дзякуючы дружнаму калектыву, клапатлівай сям’і, любові да сваёй справы.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.

