У краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча разгарнулася выстава вучняў мастацкага аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. “На мове палітры” – пад такой назвай аб’яднана 31 работа юных мастакоў, якія спасцігаюць асновы малюнка, жывапісу і кампазіцыі ў Наталлі Эдуардаўны Буткевіч.
Як адзначыла настаўніца, акцэнт у прапанаваных работах зроблены менавіта на кампазіцыі – адной з найбольш складаных катэгорый творчасці, галоўная задача якой заключаецца ў правільным кампанаванні прадметаў.
У кагосьці арганічна звязаць паміж сабой усе элементы карціны з дапамогай сюжэту, колеру і ўнутранага настрою атрымліваецца ўжо на першым годзе навучання. А хтосьці дасягае гэтай сувязі праз некалькі гадоў карпатлівай і стараннай працы, упарта шукаючы розныя варыянты гармоніі на палатне.
Як атрымалася гэта ў вучняў Наталлі Эдуардаўны, можна зрабіць заключэнне, наведаўшы выставачную залу музея. Работы для выставы юныя мастакі адбіралі самі. Тут можна ўбачыць карціны як вучняў-пачаткоўцаў, так і экзаменацыйныя работы, а таксама малюнкі дзяцей, якія скончылі навучанне некалькі год таму. Выкананы яны рознымі матэрыяламі: гуашшу, акрылам, шляхам змяшэння розных тэхнік. Яны розныя па тэматыцы, аднак вельмі светлыя і пазітыўныя, дзесьці па-дзіцячы наіўныя, а дзесьці па-даросламу глыбокія.
Пра кожнага свайго вучня Наталля Эдуардаўна можа расказваць гадзінамі, адзначаючы талент, старанне і жаданне дзяцей бачыць прыгожае навокал. Многія юныя мастакі, якія займаюцца ці займаліся выяўленчым мастацтвам у Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў, сталі лаўрэатамі шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, а таксама прэміі раённага выканаўчага камітэта “Надзеі Ашмяншчыны”.
Марыя Вараб’ёва, Маргарыта Мусніцкая, Аляксандра Пятрухіна, Юлія Молчан, Аліса Садоўская, Кацярына Бальцэвіч, Дар’я Гірава, Дзіяна Ямант… Для кожнай з іх выстава ў раённым музеі – чарговая прыступка прызнання свайго таленту і здольнасцей, а для нас з вамі – унікальная магчымасць далучыцца да свету выяўленчага мастацтва, узбагаціцца эмацыянальна і стаць больш шчаслівымі. Менавіта так – калі мы разглядваем карціну, слухаем музыку ці чытаем мастацкую літаратуру, мы, няхай усяго толькі на хвіліну, але супакойваемся і трапляем у стан гармоніі.
Выстава вучняў мастацкага аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў “На мове палітры” будзе працаваць у музеі на працягу ліпеня – не прапусціце гэту ўнікальную магчымасць.
Аліна САНЮК.
Фота аўтара.


