Школьнікі Ашмяншчыны працуюць у студатрадзе на базе ЖКГ

Образование

Канікулы для многіх юнакоў і дзяўчат – час для адпачынку і прыгод. А для некаторых – выдатная магчымасць зарабіць у вольны ад вучобы час асабістыя грошы. Ашмянскія школьнікі дакладна ведаюць, што адзін з асноўных спосабаў правесці гэты час з карысцю – праца ў студэнцкім атрадзе.

Першы студатрад сёлеташнім летам на працу запрасіла жыллёва-камунальная гаспадарка. У склад атрада ўваходзяць школьнікі ва ўзросце 14-16 гадоў гарадскіх і Кальчунскай сярэдніх школ. Камандзір атрада, лабарант сярэдняй школы № 2 Алеся Сазон, расказала, што ў яго склад уваходзіць дваццаць чалавек. План работ распісаны на дзесяцідзённую змену. Дзяўчаты і хлопцы разам пад наглядам камандзіра займаюцца ўборкай і добраўпарадкаваннем мікрараёна Заходняга – вычышчаюць траву з пліткі, падмятаюць і збіраюць смецце. Працуе моладзь ужо з панядзелка, і за гэты час паспела навесці парадак у многіх дварах.

Працаўладкаваннем навучэнцаў і студэнтаў займаецца ГА «БРСМ». Наш карэспандэнт распытаў юнакоў і дзяўчат, як яны патрапілі ў працоўны атрад і аб іх уражаннях пасля першага працоўнага тыдня.

Вікторыя Раманоўская:

– На самай справе, прыбіраць свой горад – гэты цікавы і карысны занятак. А паколькі мы наводзім парадак у мікрараёне, дзе я жыву, гэтая справа мне яшчэ больш даспадобы. Вядома, у першы дзень я крыху хвалявалася, бо нікога ў атрадзе не ведала, але цяпер ужо ўсе пазнаёміліся і пасябравалі і спадзяюся дзесяць дзён, што мы працуем разам, праляцяць неўзаметку.

Максім Багдановіч:

– Мне ўсё падабаецца: праца нескладаная, кампанія добрая, новы вопыт фізічнай працы заўсёды спатрэбіцца, ды і зарплату ў ЖКГ абяцалі нядрэнную. А пасля студатрада, думаю, можна і адпачыць добра – бо лета толькі пачынаецца. Куды збіраюся патраціць заробак? Пакуль не думаў. Можа, запрашу сваю дзяўчыну ў кафэ.

Максім Вартанаў:

– У школе прапанавалі летам папрацаваць у студатрадзе, і я запісаўся разам са сваім аднакласнікам. Падымацца ўлетку зранку мне зусім нескладана. Я ўпэўнены, што досвед, набыты тут, мне абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Да таго ж, мы тут не толькі працуем, а яшчэ знаёмімся, размаўляем на розныя цікавыя тэмы.

Вадзім Суровіч:

– Працуецца класна. Калі мне прапануюць пайсці яшчэ ў які-небудзь студратрад – з задавальненнем згаджуся. Калі не, то паеду на дачудапамагаць бацькам – там таксама працы хапае. У наступным годзе я заканчваю школу, наперадзе — экзамены і паступленне —  баюся, трапіць у студатрад ужо не атрымаецца. Хоць пасля ўсіх іспытаў я б з задавальненнем на пару тыдняў куды-небудзь запісаўся, каб папрацаваць і зарабіць грошай.

Ульяна Купчалойць:

– Я ў студатрадзе ўжо другі раз. У мінулым годзе працавала на мясакамбінаце, сёлета вырашыла запісацца ў ЖКГ. Чаму я пайшла ў студатрад? Таму што студатрад – гэта сяброўства, каханне, магчымасць зарабіць і самае галоўнае — прывесці ў парадак наш горад. А яшчэ, як казаў Маленькі Прынц: «Прачнуўся, памыўся, паліў кветкі – прывёў у парадак сябе і сваю планету…». Бо калі кожны будзе сачыць за сабой, не смеціць і не псаваць чужую працу, то наш горад і краіна будуць самымі лепшымі.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *