Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту вандруюць па Ашмяншчыне

Общество

Ашмяншчына – зямля з багатай гісторыяй, маляўнічай прыродай і таленавітымі людзьмі. У гэтым яшчэ раз пераканаліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна падчас экскурсійнай паездкі па мясцінах графа Карла Чапскага.

Першым прыпынкам на маршруце быў помнік прыроды “Валун “Нявесцін камень”, дзе экскурсантаў чакала тэатралізаванае прадстаўленне, арганізаванае работнікамі Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Артысты прадставілі легенду пра гэты прыродны аб’ект, арганізавалі народныя гульні і танцы, пазнаемілі з абрадамі, звязанымі з валуном, разам з прысутнымі павязалі стужачкі на дрэве жаданняў, пачаставалі гасцей духмяным чаем.

Далей экскурсанты завіталі ў былы маёнтак графа Чапскага ў вёсцы Агароднікі, даведаліся пра ўнёсак слыннага земляка ў развіццё горада Мінска, пра добраўпарадкаванне  маёнтка ў весцы Двор Наваселкі — так раней называлася вёска Агароднікі. На жаль, ад двухпавярховага будынка засталіся толькі руіны, але ўсе мелі магчымасць разгледзець стайні, якія засталіся да сённяшняга часу, палюбавацца прыгажосцю прыроды, пасядзець на беразе возера, ў якім, па ўспамінах старажылаў, сам граф Чапскі лавіў рыбу.

У Барунах падарожнікі з цікавасцю  наведалі гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына” мясцовай сярэдняй школы, пазнаёміліся з гісторыяй помніка лётчыкам Першай сусветнай вайны, якія загінулі на тэрыторыі Барун, і на заканчэнне маршрута  наведалі касцёл  Святых Пятра і Паўла, дзе змаглі набраць крынічнай вады, перад  цудатворным абразам Маці Божай Барунскай выказаць свае падзякі і пажаданні.

Маляўнічае тэатралізаванае прадстаўленне, гасцінны прыём, цікавая і пазнавальная экскурсія выклікалі шмат эмоцый у экскурсантаў, словы падзякі гучалі ў адрас калектываў Барунскай сярэдняй школы і Ашмянскага раённага цэнтра культуры. У чарговы раз здзівіў сваёй багатай гісторыяй чароўны і невычэрпны Ашмянскі край.

Тарэса КОШАНЬ, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Ашмянскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *