Людзі з абмежаванымі магчымасцямі патрабуюць асаблівага клопату. У нашай краіне гэтай катэгорыі грамадзян удзяляецца значная ўвага. Дзяржава імкнецца дапамагчы кожнаму, хто гэтага патрабуе. Не апошняе месца ў адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі займае бібліятэка, бо яна з’яўляецца асяродкам для сацыялізацыі і развіцця. Плённа працуе ў гэтым накірунку і Ашмянская раённая бібліятэка.
Для яе наведвальнікаў, якія маюць праблемы са здароўем, створаны аптымальныя ўмовы: перад уваходам у будынак устаноўлены пандусы, маецца кнопка для выкліку супрацоўнікаў, а тактыльнае пакрыццё дапамагае пазбегнуць траўматызму інвалідам па зроку. Унутры будынка створана візуальная навігацыя, якая спрыяе арыентацыі ў прасторы людзям з аслабленым зрокам. Спецыяльным абсталяваннем таксама ўкамплектаваны і санвузел. Для інвалідаў па зроку ёсць шэраг аўдыёкніг, з якімі можна пазнаёміцца. Для праслухоўвання кніг абсталяваны асобныя месцы.
Стан здароўя многім чытачам не дазваляе самастойна наведваць бібліятэку. А кнігі з’яўляюцца для такіх людзей адзінымі надзейнымі сябрамі. У такім выпадку супрацоўнікі бібліятэкі наведваюць сваіх чытачоў, прыносяць ім порцыю свежай літаратуры. За гэты час бібліятэкары ўжо добра ведаюць густ сваіх чытачоў, іх літаратурныя перавагі. З дастаўкай кніг дапамагае і бібліёбус. Бібліятэка на колах наведвае самыя аддаленыя населеныя пункты, дорачы людзям доўгачаканую сустрэчу з друкаваным словам. Супрацоўнікі адзначаюць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі прызвычаіліся да гэтай функцыі, таму самі тэлефануюць, калі неабходна ўзяць новыя кнігі. Біблятэка аператыўна рэагуе на такія запыты і забяспечвае чытачоў свежай літаратурай.
Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН таксама з’яўляюцца актыўнымі чытачамі бібліятэкі. У чытальнай зале для іх праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, якія спрыяюць пашырэнню кругагляду і атрыманню новых ведаў. У сакавіку было зладжана адмысловае мерапрыемства “Асноўны закон: правы, гарантыі, ахова”, якое прайшло ў форме лекцыйных заняткаў. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся больш пра Канстытуцыю, пазнаёміліся з артыкуламі, якія датычацца непасрэдна правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На лекцыю быў запрошаны адвакат, які адказаў на пытанні і растлумачыў многія моманты. Супрацоўнікі бібліятэкі і самі наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, праводзяць разнастайныя мерапрыемствы, знаёмяць з літаратурай. На апошняй сустрэчы наведвальнікі аддзялення пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Барыса Палявога. Мерапрыемства адкрыла новыя факты, дапамагло пашырыць уласны кругагляд. Бібліятэкары лічаць, што такія мерапрыемствы збліжаюць, дапамагаюць сацыяльна адаптаваццца і развівацца ў інтэлектуальным плане.
Бібліятэка з’яўляецца тым асяроддзем, якое згладжвае ўсе адрозненні паміж людзьмі, дапамагае адчуваць уласную запатрабаванасць і значнасць. А гэта, безумоўна, прыносіць свой плён.
Марта БАГДАНОВІЧ.

