Гуляйце разам з вучнямі Навасёлкаўскай школы

Образование

“Гульня – гэта іскра, якая запальвае агеньчык дапытлівасці і цікаўнасці”, — пісаў вядомы педагог Сухамлінскі. Гуляць любяць усе: і дзеці, і дарослыя. Але важна, каб у працэсе гульні дзеці вучыліся карыснаму і разумнаму. Да таго ж апошнім часам усе дзіцячыя гульні зводзяцца да віртуальнага свету. Дзецям ні аб чым не гавораць назвы “Жмуркі”, ‘Разыначка”, “Казакі-разбойнікі”, знаёмыя нашым мамам і татам з дзяцінства.

У Навасёлкаўскай сярэдняй школе педагогі паспрабавалі злучыць віртуальнасць і рэальны дзіцячы свет, немагчымы без актыўнага руху: Для вучняў 1-4 класаў была праведзена гульнявая праграма “Падарожжа па сацыяльных сетках”, падчас якой школьнікі павінны былі збіраць падпісчыкаў і лайкі для школьнага акаўнта. Аўтарам і галоўнай вядучай гульнявой праграмы стала наш педагог-арганізатар Анастасія Іванаўна Дорняк.

Перамяшчаючыся па кабінетах, удзельнікі гульні наведалі сацыяльныя сеткі “Аднакласнікі”, “УКантакце”, “Інстаграм” і “Тік-Ток”. Самая папулярная сярод іх – апошняя. Гэта я кажу з вялікай упэўненасцю: свет ідзе ў нагу з часам, і вельмі часта можна сустрэць бабулю, якая дае фору ў гэтай справе нават сваім унукам.

Гульнявую праграму прадоўжылі танцавальныя трэнды. Іграла мелодыя – і вучням трэба было танцаваць, калі ім быў знаёмы харэаграфічны элемент. На здзіўленне, усе ведалі рухі і танцавалі, як сапраўдныя зоркі. Гэта гаворыць про тое, што дзеці, якія жывуць на вёсцы, такія ж “прадвінутыя”, як і іх гарадскія аднагодкі, у іх шмат жыццёвай энергіі і энтузіязму. Пасля танца на іх тварах свяціліся шчаслівыя ўсмешкі!

Дзякуючы гэтай гульнявой праграме настаўнікі паказалі, што зрабіць цікавым школьны дзень вельмі лёгка! Праз падобныя мерапрыемствы дзеці, нават самыя сціплыя і незаўважныя, адкрываюцца з нечаканага боку. Мне ж успомніліся гады навучання ў пачатковай школе, калі наша першая настаўніца Жанна Віктараўна Свірская змагла нас з’яднаць у дружны клас менавіта шляхам гульняў, у першую чаргу – рухомых.

Быць сучасным, быць на адной хвалі разам з вучнямі, дапамагаць у цяжкія моманты, быць сапраўдным сябрам, любіць, вучыць, перажываць за нас — усе гэта і многае другое робяць нашы настаўнікі. Зараз я ўжо ў 10 класе, але ўдзячнасць нашым педагогам нясу ўсе гэтыя гады.

Хачу і вас запрасіць падпісацца на наш школьны акаўнт: з намі весела і цікава. За намі будучыня, мы – маладое пакаленне, якое будзе праслаўляць нашу краіну, і найперш, нашу Ашмяншчыну!

Дарэчы, наша гульнявая праграма перамагла ў раённым этапе конкурсу “Гуляюць дзеці — гуляем мы!” і была адабрана для ўдзелу ў абласным этапе.

Іаланта АЎСЯНІК, вучаніца 10 класа Навасёлкаўскай сярэдняй школы, слухач школы маладога журналіста пры раённай газеце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *