Працаваць з людзьмі – справа складаная і адказная. Быць заўсёды ўсмешлівым, захоўваць раўнавагу ў самых складаных сітуацыях – гэтаму майстэрству трэба павучыцца. Алена Азаровіч, загадчыца крамы “ ProЗапас”, валодае сакрэтам добрых узаемаадносін і з калектывам, і з пакупнікамі.
У сферы гандлю яна працуе з 1997 года. За час працы здараліся розныя сітуацыі, аднак жанчына ніколі не дазваляла сабе быць грубай і нетактоўнай. Алена Мечыславаўна лічыць, што галоўнае ў гандлі – знайсці свайго кліента, зацікавіць яго, а часам і дапамагчы вызначыцца з выбарам. Да гэтага пытання жанчына падыходзіць сур’ёзна: у сацыяльных сетках вядуцца старонкі, дзякуючы якім можна пазнаёміцца з асартыментам. Прыязджаюць у краму і пакупнікі з іншых вуліц, якія робяць запас прадуктаў на цэлы тыдзень.
Да ветлівай і ўсмешлівай Алены з павагай ставяцца наведвальнікі крамы. Адзначае Алену Азаровіч і кіраўніцтва. Віталій Кастусік, дырэктар Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства, падкрэслівае:
– Алена Мечыславаўна – адказны спецыяліст. Яна патрабавальная і да сябе, і да свайго калектыву. Заўжды шукае новыя спосабы заахвоціць пакупнікоў, умее знайсці падыход да кожнага. Усё гэта гаворыць пра тое, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы.
Алена Азаровіч – гонар сваёй сям’і: мужа Аляксандра, сына Паўла і дачкі Ангеліны. Павел і Ангеліна маюць свае сем’і. Ангеліна выхоўвае сына, дваіх сыноў выхоўвае Павел. Алена змалку вучыць унукаў да любой справы адносіцца адказна і сур’ёзна.
Марта БАГДАНОВІЧ.

