Мы — маладыя – надзея краіны

Культура

Традыцыйна, у апошнюю нядзелю чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень моладзі. Менавіта за маладымі вучонымі, распрацоўшчыкамі, пісьменнікамі, музыкантамі і іншымі таленавітымі і працавітымі людзьмі стаіць будучыня нашай краіны.

І таму сёння мы хочам расказаць пра Елізавету Лабачэўскую, якая сёлета заняла 2-е месца ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова»
і «Беларуская літаратура».

— Чаму менавіта беларуская мова цябе зацікавіла?

— Я вучуся ў сярэдняй школе № 3, скончыла 8-ы клас. Цікаўлюся шматлікімі прадметамі, ад беларускай мовы да хіміі. Канешне, дакладныя навукі даюцца мне цяжэй. Беларуская мова адрозніваецца ад іншых вучэбных прадметаў, з аднаго боку, дакладнасцю правіл і законаў мовазнаўства, што з’яўляецца найважнейшым складальнікам у падрыхтоўцы да алімпіяды, а з другога боку, адрозніваецца творчасцю, парывам думкі пры выкананні творчых заданняў. Родная мова нейкім цудам распальвае полымя ў маёй душы. Вялікі ўплыў на маё захапленне роднай мовай і літаратурай аказалі майстры сваёй справы — настаўнікі Вікторыя Іванаўна Акінча і Святлана Уладзіміраўна Лабачэўская, якія заўсёды садзейнічалі пашырэнню маіх ведаў. Ужо ў дзіцячым садку я чытала кнігі — і рускія, і беларускія, — прычым не па складах, а бегла. Была знаёма з беларускім «Букваром», ведала нашага першадрукара Францыска Скарыну, чым не раз здзіўляла сваіх родных. Магчыма, ужо тады зараджалася мая любоў да Радзімы, да беларускай мовы.

— Раскажы пра свой шлях у алімпіядны рух.

— Мэтанакіраваная і асэнсаваная падрыхтоўка да алімпіяды пачалася з 7-га класа. І я ведала, на што іду: на штодзённую работу па паглыбленні ведаў па беларускай мове і літаратуры, па пошуку ўсяго, яшчэ не спазнанага, часам – на змаганне з лянотай. Многія заданні прывабліваюць сваёй непрадказальнасцю. У апошні час вельмі цікавымі ў алімпіядах сталі заданні творчага, крэатыўнага характару.

Калі я перайшла ў 8-ы клас, адміністрацыя школы прапанавала мне паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры за 9-ы клас, гэта значыць, на апераджэнне. Я крыху вагалася, але згадзілася. Трэба смела глядзець у будучыню і верыць у поспех. Тым больш падтрымка і дапамога была і з боку школы, і з боку бацькоў. І пачалася актыўная работа на перамогу! Я вымушана была за першыя месяцы восені вывучаць мову і літаратуру наперад, вывучаць тыя раздзелы мовазнаўства, чытаць тыя творы літаратуры, якія былі яшчэ не прадугледжаны праграмай 8 класа.

Абласная алімпіяда прайшла ў студзені ў Скідзелі, дзе сабралася 25 дзевяцікласнікаў і я. Як заўсёды, на комплексную работу даецца 3 гадзіны, а на водгук — 4. У выніку я стала абсалютным пераможцам і атрымала дыплом I ступені. Змагла! Змагла вытрымаць такую высокую канкурэнцыю! Перамагла сур’ёзных супернікаў, якія на галаву былі вышэйшыя за мяне, але не ў фізічным сэнсе, а ва ўзроставым! Але наперадзе быў заключны этап! За справу прыйшлося брацца, не адкладаючы на заўтра. І зноў стосы алімпіядных трэніровачных заданняў, кніг, падручнікаў, слоўнікаў… Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды прайшоў у Магілёве, дзе таксама было 26 удзельнікаў. На алімпіядзе атмасфера была напружаная, трывожная, нават крытычная, бо кожны з удзельнікаў ужо лепшы, але кожны перажывае і змагаецца да апошняга. Маім вынікам сярод дзевяцікласнікаў стаў дыплом II ступені ў рэспубліцы! Усе прыкладзеныя намаганні: мае, настаўнікаў, маці — былі не марныя.

— Ці размаўляеш ты на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці?

— На жаль, на беларускай мове ў паўсядзённым жыцці не размаўляю, не магу ўзяць і загаварыць. Мала хто разумее, а некаторыя просяць перайсці на рускую мову. Але з усімі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры гавару толькі на роднай мове. Можа, праз некаторы час і змагу без перашкод карыстацца паўсюль беларускай мовай.

— Якія ў цябе ёсць хобі, акрамя школы і падрыхтоўкі да алімпіяды?

— Я не творчы чалавек, таму спевы, танцы, дэкарытыўна-прыкладное мастацтва абмінулі мяне. Але, мне здаецца, я нічога не страціла. Люблю праводзіць вольны час за кнігай — класічнай прозай, дэтэктыўнай, навукова-папулярнай, моладзевай. Падабаюцца прагулкі на свежым паветры. Магу паглядзець серыял, кулінарныя шоу. А яшчэ я люблю гатаваць дэсерты. Для мяне гэта як час рэлаксацыі. Як прыемна, калі ў цябе атрымліваюцца смачныя і прыгожыя торцікі, кексы, марозіва, самаробныя цукеркі. А які водар ідзе!

— Чым ты займаешся на летніх канікулах?

— Цяпер я знаходжуся ў аздараўленчым лагеры для адораных дзяцей «Навука-2022». Гэтым летам хачу крыху адпачыць, але адпачынак сумяшчаю з падрыхтоўкай да чарговай алімпіяды. Па вопыце ведаю, што за лета моцна засумую па школьным жыцці.


Уменне бачыць свет пад своеасаблівым ракурсам уласціва Вадзіму Завадскаму. Малады чалавек некалькі год захапляецца фатаграфіяй. Яшчэ ў школе, на занятках у Алены Апанэль, юнак зразумеў, што хоча фіксаваць імгненні і пакідаць іх на памяць. З таго часу Вадзім пачаў цікавіцца нюансамі справы — чытаў інфармацыю ў інтэрнэце, развіваў мастацкі густ, вучыўся лавіць момант, апрацоўваць фотаздымкі.

Сёння ён шчыра прызнаецца, што дзеля ўдалага кадра гатовы на многае: стаяць пад ліўнем або градам, падымацца яшчэ да ўсходу сонца, караскацца на гару… Шкада толькі, што часу на ўсё не стае. Вадзім працуе барменам, а фота захапляецца ў вольны час. Удзельнікамі і героямі яго аматарскага здымання з’яўляюцца родныя і сябры, якія ведаюць: Вадзім і яго сябра фотаапарат не падвядуць!

Больш за ўсё хлопцу падабаецца пейзажнае фота і партрэты. У скарбонцы яго асабістых дасягненняў — перамогі ў абласных і рэспубліканскім конкурсах. Работы Вадзіма Завадскага — пераважна пейзажы і выявы беларускіх замкаў — былі прадстаўлены таксама на фотавыставе ў Ашмянскім краязнаўчым музеі. Удзельнічаў Вадзім і ў фотамарафонах, якія аб’яўляла рэдакцыя раённай газеты. Сёння пазнаёміцца з яго работамі можна на старонцы ў Instagram.


Дзіяна Мацкевіч у гэтым годзе атрымала пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі. Перад дзяўчынай упершыню стала сур’ёзнае жыццёвае пытанне: працягнуць навучанне ў сценах роднай школы або вызначыцца з прафесіяй і паступіць. Але Дзіяна не спяшаецца развітвацца са школай, настаўнікамі і аднакласнікамі. Наступныя два гады яна будзе паглыбляць свае веды па профільных прадметах.

Аднак не толькі вучоба прываблівае школьніцу. У вольны час дзяўчына займаецца пляценнем з папяровай лазы. Дэкаратыўныя скрыні, кошыкі, фларыстычныя кампазіцыі – усё гэта справа яе руплівых рук. Некалькі год таму ў інтэрнэце ёй трапіліся на вочы сапраўдныя папяровыя шэдэўры. Дзяўчына стала цікавіцца тэхналогіяй вырабу такіх рэчаў. І ўжо праз некалькі тыдняў нарадзілася першая кампазіцыя.

Зараз у яе пакоі вялікая колькасць функцыянальных прадметаў, выкананых з папяровай лазы. Дзяўчына загадзя рыхтуе падарункі на святы для родных, сяброў, настаўнікаў. Дзіяна дакладна засвоіла простую жыццёвую праўду: дарогу асіліць толькі той, хто ідзе. Таму кожны малады чалавек павінен свядома развівацца, спасцігаць штосьці новае і невядомае, бо для маладосці няма нічога немагчымага.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *