Болтуп: вёска дзіцячых успамінаў

Культура

 

У кожнага ёсць мясціны, дарагія сэрцу. Можа, гэта лесапарк за горадам, куды ты ўцякаў ад гулу машын і блукаў гадзінамі па сцежках. Можа, стыдыён, дзе ўпершыню было разбіта калена. Але ты не спужаўся, бо сябры праз хвіліну прынеслі ліст трыпутніку – і ўжо амаль што не баліць, і кроў не выступае. А што наконт асфальтаванай пляцоўкі за домам? На ёй ты адточваў навыкі малявання каляровай крэйдай і павышаў свой узровень гульні ў “класікі”, калі праскокваў крывавата выведзеную дзіцячымі рукамі сетку. О, як складана гэта крэйда змывалася з адзення і як доўга не хацела сыходзіць са скуры далоняў – яны быццам прапітваліся гэтым парашком. Ці населены пункт, дзе прайшло дзяцінства, – знаёмыя вуліцы, а часцей – толькі адна, амаль што аднолькавыя хаткі, дзе кожны вясковец памятаў і ведаў, “чыя ты дзяўчынка”. Там цябе заўсёды сустракалі сябры, якія таксама прыязджалі пагасцяваць да бабулі ці дзядулі. Вы бегалі па лужынах, гулялі ў футбол і ламалі купленыя некалькі дзён назад ракеткі для бадмінтона.

Апошняе. Менавіта яно застаўляе ўскалыхнуцца ўнутраны свет ад адных толькі ўспамінаў. А што ўжо казаць пра моманты наведвання? Так склалася, што ў маім жыцці ёсць тры вёсачкі, якія займаюць асобнае месца ў сэрцы. Гардзіеўцы, дзе жылі бацькі маёй мамы, Скілондзішкі – радзіма таты і Болтуп – месца жыхарства майго прадзеда. У Болтупе ў мяне былі свае сябры, свае забавы, свае любімыя месцы. Не сказаць, што я гасцявала там часта, але самыя бесклапотныя і вясёлыя ўспаміны – адтуль.

Напэўна, вы ўжо нешта чулі пра гэтую мясціну, таму што менавіта там некалі жыў і працаваў навукоўца і асветнік, знакаміты далёка за межамі нашай краіны, Енджэй Снядэцкі. Зараз на месцы некалі заможнай сядзібы з дадатковымі пабудаваннямі засталіся толькі руіны, але і яны вабяць у Болтуп гасцей не толькі з Ашмянскага раёна, але і з усёй Беларусі і суседняга замежжа. Вядомы род Аскеркаў – таксама адтуль. Старажылы вёскі нават зараз прыпамінаюць некоторыя рэчы, звязаныя з панамі.

Невялікі па памерах населены пункт размясціўся недалёка ад раённага цэнтра – прыкладна кіламетрах у дзесяці. Калі ехаць з Ашмян, то гэта вёсачка адразу за Бернікамі. Сустракае гасцей на ўездзе брукаваная дарога – яшчэ адна адметнасць, якую можна лічыць гістарычнай каштоўнасцю. Па словах мясцовых жыхароў, над брукам працавалі ўсёй вёскай, і працавалі сумленна, таму што каменная кладка служыць і зараз.

Галоўным багаццем любога населенага пункта заўсёды былі людзі. Працавітыя, дбайныя, неабыякавыя. Так, у вёсцы з не больш чым пятнаццаццю хатамі некалі працавала кузня, быў мехдвор, існавалі нават невялічкі спіртзавод і млын. У ладзе і ўзаемнай згодзе жылі суседзі. Як і ў кожнай беларускай вёсцы, усе тут добра ведалі адзін аднаго, хадзілі ў госці, дапамагалі, ладзілі вяселлі і вечарыны. Дарэчы, мой прадзед Баляслаў Красноўскі быў музыкам. Мелодыі яго скрыпкі ведалі далёка за межамі Ашмяншчыны. Колькі пар ён пажаніў за сваё жыццё, не ведаў нават сам дзядуня, а ў родным Болтупе ён быў галоўным арганізатарам усіх святаў.

А зараз… Зараз жыццё чуецца толькі ў трох дамах. Астатнія пустуюць. Канешне, з надыходам дачнага сезону Болтуп крыху ажывае, але ўсё роўна, калі параўноўваць з тым, што было, становіцца балюча — вёсачка зусім апусцела. Некаторых вяскоўцаў ужо няма ў жывых, хтосьці перабраўся ў горад, да дзяцей, іншыя выкарыстоўваюць домікі як дачы, прыязджаючы сюды ўлетку. Але ёсць і тыя, хто не дае вёсачцы загінуць і перабіраецца сюды з Ашмян. Не на выхадныя, не на сезон, а на пастаяннае жыхарства.

Як прыклад – сям’я Грыбоўскіх. Андрэй і Алена жывуць у Болтупе ўжо тры гады. Алена працуе ў гарадской стаматалогіі, Андрэй – у мясцовым “Будаўніку”. Дом пары дастаўся ў спадчыну ад бацькоў.

Двор Грыбоўскіх.

Частку дзяцінства мужчына са старэйшай сястрой Галінай правялі ў Болтупе. Іх маці родам з Кушлян, што ў Смаргонскім раёне. У 1950-х, калі працы зусім не было, сям’я прыняла рашэнне паехаць на заробкі на далёкую Поўнач. Так, Грыбоўскія апынуліся ажно ў Архангельскай вобласці. Андрэй з Галінай і зараз успамінаюць, як праязджалі на цягніку адлеглаць у дзве тысячы кіламетраў, каб правесці лета ў болтупскай хатцы, якая належыла іх роднай цётцы.

Вярнуцца на радзіму назаўсёды сям’ю прымусіла хвароба той самай цёці. Так, Грыбоўскія зноў апынуліся ў вёсцы, але ўжо ў статусе мясцовых жыхароў, і пачалі наладжваць быт.

Галіна зараз ладзіць гаспадарку ва ўласным доме ў Кальчунах, а Андрэй так і не змог канчаткова з’ехаць з вёскі. Пражыўшы значную колькасць год у Ашмянах, зноў вярнуўся ў Ботлуп — ужо са сваёй сям’ёй.

Галіна Мілашэвіч (Грыбоўская)

— Вялікі ўплыў на мяне і на гэты пераезд аказала Алена. Яна стопрацэнтная гараджанка, але, прыязджаючы ў Болтуп, паступова пранікалася любоўю да гэтай мясціны, — расказвае Андрэй.

Доўгі час пара перабіралася сюды з раённага цэнтра выключна на летні сезон, але з кожным разам, калі прыходзіў час ад’езду ў горад, мужу і жонцы ўсё цяжэй было развітвацца з гэтым месцам. Так, у чарговы дачны сезон яны вырашылі, што ў кватэру ў Заходнім варачацца не будуць і пачалі ладзіць камунікацыі і ўцяпляць вясковае жыллё, каб не было складанасцей у зімоўцы.

Алена, Андрэй і любімец Умка.

— Калі сын перабраўся ў Мінск, мы сталі ўсё больш часу праводзіць на дачы і не заўважылі, як яна нас паглынула поўнасцю. Так і пайшло-паехала. Паступова зрабілі рамонт, дабудавалі да дома яшчэ адну частку, значна павялічыўшы памяшканне. Зараз працуем над гасцявым каркасным домікам на падворку па ідэі з інтэрнэта, — дзеліцца Алена.

Амаль кожную раніцу Алена з Андрэем ездзяць на працу ў горад. Кажуць, што дыскамфорту гэта не выклікае, наадварот, увесь дзень у руху, у справах.

— Не ляжыць у мяне душа да горада, усё там чужое. Пагляджу за акно – не маё, а вось Болтуп – маё, хоць да замужжа я ўвогуле не ведала аб існаванні гэтага населенага пункта, — дзеліцца гаспадыня. – У горадзе не бачна, як змяняецца прырода з надыходам новай пары года, а тут кожная свежая травінка і кожны новы лісточак бачны. Назіраць за прыроднымі зменамі – асабістая асалода.

І сапраўды, складана не ўлюбіцца ў гэтае месца. Цішыня, супакой, пейзажы, якія вымушаюць запаволіць рух і спыніцца. Да лесу рукой падаць, напрыканцы вёскі – невялікая рачулка. Асабліва вабіць гэты край вясной, калі ўсё квітнее і патанае ў водары маладой лістоты і кветак.

Хатка майго прадзеда, якую я наведваю са сваёй сям’ёй і зараз, размясцілася на ўскрайку вёсачкі. Побач – дамы суседзяў, а ў астатніх – пустэча. Час ад часу парушае гэту цішыню гул цеплавозаў, якія накіроўваюцца з ці на торфабрыкетны завод у Кальчунах.

Памятаю, як прамысловая, для перавозу торфу, чыгунка мне падавалася велічнай жалезнай дарогай, рачулка, якая зараз мне па калена глыбінёй, – глыбокай шырачэзнай ракой, а рэшткі сядзібы Снядэцкага здаваліся нечым магічным. Думалася, што вось-вось выгляне прывід з-за напалову разбуранай цаглянай сцяны.

Палюбілі гэту мясціну і мае сябры. Прыязджаючы сюды летам на шашлыкі, любуемся садам і заходам сонца. Зімой атрымліваем асалоду ад вялікай рускай печы, якая займае значную часту пакоя. На ёй можна гатаваць стравы і нават ляжаць!

Дарэчы, суседзі Грыбоўскія кажуць, што “болтупскі сіндром” – адкрытая імі хвароба — сапраўды існуе: той, хто наведаў вёску аднойчы, абавязкова захоча туды вярнуцца. І я не магу з імі не згадзіцца.

Інга ГІЗ.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *