Вучні Жупранскай школы прынялі ўдзел у “Тыдні лесу”

Общество

 

З 9 па 16 красавіка ў Беларусі праходзіць рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці. Традыцыйна арганізатарам мерапрыемства выступае Міністэрства лясной гаспадаркі.

Галоўнай мэтай акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да неабходнасці беражліва адносіцца да ляснога фонду. Асаблівы акцэнт пры гэтым робіцца на рабоце з падрастаючым пакаленнем.

У гэтым годзе «Тыдзень лесу» ладзіцца ў пятнаццаты раз. І практычна штогод у акцыі прымаюць удзел вучні і настаўнікі Жупранскай сярэдняй школы імя Францішка Багушэвіча.

Безумоўна, асноўная задача добраахвотнай ініцыятывы заключаецца ў пасадцы лесу, аднак работнікі лясной гаспадаркі ўдзячны валанцёрам таксама і за дапамогу ў навядзенні парадку і прыбіранні смецця на тэрыторыі лясных масіваў. Разам з дырэктарам школы Уладзімірам Бізюком і кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Іванам Мацкевічам старшакласнікі прыбралі тры гектары лесу ля аздараўленчага летніка “Дружба”. Разам з дзецьмі працавалі леснікі Ашмянскага лясніцтва Леанід Гайдановіч і Аляксандр Мешчановіч.

Тыдзень лесу яшчэ толькі пачынаецца. І ў кожнага з нас ёсць магчымасць аказаць лесу дапамогу: прыбраць смецце ці пасадзіць дрэва. Дарэчы, сёлета ў Ашмянскім раёне плануецца пасадзіць каля 80 тысяч сеянцаў. Па словах намесніка дырэктара Смаргонскага лясгасу Андрэя Пятроўскага, работы хопіць усім.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *