На Ашмяншчыне прайшоў раённы суботнік

Общество

 

Першы ў гэтым годзе добраахвотны пачын распачаўся адразу ж пасля нарады, на якой за арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна замацавалі адпаведныя тэрыторыі і аб’екты, што патрабуюць добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі.

Ашмянцы добраўпарадкавалі тэрыторыі населеных пунктаў, воінскія пахаванні і могілкі, зоны адпачынку, прыбярэжныя і прыдарожныя палосы, аб’екты ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя і гандлю, бялілі дрэўцы, займаліся пасадкай зялёных насаджэнняў.

Члены райвыканкама на чале з кіраўніком раёна Уладзіславам Гершгорыным адправіліся ў суботу ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Дружба”, што ў Замасцянах. На вялікай тэрыторыі дзіцячай установы неабходна было падгрэбці ігліцу і наламанае за зіму вецце, а таксама дэмантаваць і вывезці старую тратуарную плітку ля спальных домікаў. У хуткім часе тут будуць пакладзены новыя дарожкі.

На працягу тыдня работнікі РУП ЖКГ працавалі на ўчастку за вуліцай Савецкай ўздоўж ракі Ашмянкі побач з мікрараёнам Заходнім ажно да вуліцы Лейбы Стругача. Мужчыны выразалі, а затым спальвалі зараснікі кустоў, а жанчыны збіралі смецце на тэрыторыі, прылеглай да крынічкі.

Значны фронт работ быў выкананы на тэрыторыі за гаражным кааператывам “Ашмянскі будаўнік” да возера ў квартале Будаўнікоў. Тут працавалі на працягу некалькі дзён калектывы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ААТ “Будаўнік” і энергетыкі. Участак за вучэбна-вытворчай базай аграрна-эканамічнага каледжа з боку картынгавай трасы “падчышчалі” работнікі каледжа. Калектыў раённай бальніцы прыбіраў пешаходную дарожку ад установы аховы здароўя да вуліцы Францішканскай.

Штогод патрабуе гаспадарскай рукі і парк па вуліцы Голяса. Любімае калісьці ашмянцамі месца адпачынку стала непраходным зараснікам. Дружна гулі тут бензапілы Ашмянскага мясакамбіната, сыраробнага завода, вытворчага ўчастка ПМС, аўтамабільнага парку №13 і дражджавога завода.

Настаўнікі і тэхнічны персанал СШ №1 бялілі дрэвы на алеі, што вядзе ад фізкультурна-аздараўленчага комплексу да маста праз Ашмянку. На сваіх тэрыторыях завіхаліся калектывы школ і дзіцячых садкоў. У паркавай зоне ля возера ў квартале Будаўнікоў прыбіралі вучні, настаўнікі і тэхнічныя работнікі СШ №2. Апалае лісце і галлё адразу ж грузілася на трактар РУП ЖКГ.

У дзень суботніка кіпела работа на ўчастку ўздоўж дарогі Р63 Барысаў – Вілейка – Ашмяны ў межах аграгарадка Кракоўка. Пад старшынствам начальніка ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Яўгена Гаўрыса санітарную ачыстку прыдарожнай паласы праводзілі службы райвыканкама, аддзел статыстыкі, упраўленне капітальнага будаўніцтва, аддзел фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, цэнтр банкаўскіх паслуг № 418 Беларусбанка, цэнтр банкаўскіх паслуг № 429 Белаграпрамбанка, РАУС, ДЭУ-57, Ашмянскае, Будзёнаўскае, Граўжышкоўскае і Гальшанскае лясніцтвы.

Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення суботніка, пойдуць на добраўпарадкаванне горада і правядзенне мервапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці.

Распачатая на гэтым тыдні работа па санітарнай ачыстцы горада і раёна прадоўжацца і на наступным. А 16 красавіка ашмянцаў чакае суботнік рэспубліканскі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *