Генаэфа Уладзіславаўна Янская працуе швачкай ў Ашмянскім камунальным прадпрыемстве бытавога абслугоўвання насельніцтва “Ашмяны-быт” у цэхе масавага пашыву ўжо больш за 40 гадоў. Гэта ўзнагарода ў яе скарбонцы не першая. Для яе, як прызнаецца жанчына, галоўнае на ўзнагарода, а ўсведамленне таго, што яе праца патрэбна людзям. Тым больш, што праца ёй у радасць, а калектыў на рабоце вясёлы, вопытны і дружны – з некаторымі калегамі Генаэфа Уладзіславаўна працуе больш за трыццаць гадоў.
Узнагарод шмат не бывае. І чарговую Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама, як высокую адзнаку шматгадовай добрасумленнай працы ў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва і высокага прафесійнага майстэрства напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генаэфе Янскай уручыў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Юрый Снесар.

