«Яна ў нас цудоўная». Прыёмшчык заказаў Геноэфа Жабінская

Общество

 

Немагчыма пераацаніць узровень адказнасці тых людзей, якія працуюць у сферы бытавога абслугоўвання. Работнікі гэтай галіны шчыра прыкладаюць намаганні, каб іх кліенты засталіся задаволенымі. Атэлье, камбінаты, майстэрні, сэрвісы, салоны аказваюць паслугі па вырабе і рамонце мэблі, мыцці і хімічнай чыстцы, індывідуальным пашыве і рамонце абутку і адзення.

Унітарнае камунальнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва «Ашмяны-быт» нясе ў раёне сур’ёзную сацыяльную нагрузку. Каб высветліць, якую, мы накіраваліся ў комплексны прыёмны пункт УП “Ашмяны-быт” аграгарадка Навасёлкі.

У Навасёлках жыццё кіпіць і віруе — тут хапае і дарослых, і моладзі, і дзяцей, а значыць, і працы ў мясцовай бытоўцы хапае. Нядаўна ў комплексным прыёмным пункце зрабілі касметычны рамонт: пабялілі столь, пафарбавалі сцены і падлогу, у цырульні абнавілі абсталяванне, набылі новую швейную машынку і прасавальны стол. Канешне, невялікія нюансы засталіся, але гэта дробязі, лічыць прыёмшчык заказаў Геноэфа Жабінская.

Трэба адзначыць, што паслугі пункта запатрабаваны ў мясцовага насельніцтва: вяскоўцы актыўна карыстаюцца, напрыклад, хімчысткай, мыццём, рамонтам абутку і адзення, швейнымі паслугамі.

— Зразумела, што некаторыя паслугі магчыма выканаць толькі ў горадзе, напрыклад, мыццё бялізны, рамонт абутку ці рамонт бытавых машын, — адзначае Геноэфа Іванаўна. — Аднак і тут, на месцы, мы не сядзім склаўшы рукі: прымаем заказы на пашыў і рамонт адзення, пракат бялізны, некаторыя рытуальныя паслугі і іншае.
За час працы Геноэфа Іванаўна сама навучылася стрыгчы кліентаў: мясцовыя мужчыны — пастаянныя наведвальнікі цырульні комплекснага прыёмнага пункта. А вось з жаночымі прычоскамі складаней — прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва даводзіцца запісвацца на вызначаны дзень, калі ў Навасёлкі прыязджае майстар-цырульнік з Ашмян, які працуе цэлы дзень.

Геноэфа Жабінская ўсё сваё жыццё аддала абслугоўванню насельніцтва. Яна нарадзілася ў Гудзянятах, пасля школы скончыла Гродзенскае вучылішча бытавога абслугоўвання. Па накіраванні ў 1981 годзе прыйшла на працу ў цэх пашыву Ашмянскага камбіната бытавога абслугоўвання. Аднак праз тры гады прыняла рашэнне перавесціся ў Навасёлкі, дзе і працавала ўсё жыццё. Мабыць, таму яна і ведае добра запыты мясцовых жыхароў.

Тут яна некалі спаткала і свайго будучага мужа: спачатку ён працаваў у калгасе, але з цягам часу перайшоў вадзіцелем у бытоўку і на працягу многіх гадоў быў яе памочнікам і дарадцам. У Навасёлках у іх нарадзіліся сын Іван і дачка Наталля, якія праз пэўны час падарылі ім унукаў.

Як адзначае Геноэфа Іванаўна, жыццё на адным месцы мае свае плюсы: усе яе кліенты — добрыя знаёмыя і сябры, з якімі заўсёды можна пагаварыць пра справы надзённыя. Аднак гэта акалічнасць не ўплывае адмоўна на якасць паслуг і надзейнасць тавараў, якія заўсёды стаяць на першым месцы.

— Яна ў нас цудоўная, — расказала нам жыхарка Навасёлак Марыя Чайкоўская. — Ветлівая, спакойная, заўсёды выслухае, нешта параіць. Тавараў на нашым пункце таксама заўсёды хапае, а апошнім часам асартымент нават павялічыўся.

У асабістай скарбонцы Геноэфы Жабінскай вельмі шмат грамат і дыпломаў, а значыць, яе праца не застаецца незаўважанай.

Геноэфа Іванаўна ўжо год як з’яўляецца пенсіянеркай, але любімую работу пакуль пакідаць не спяшаецца. Як яна прызнаецца, для пачатку трэба падрыхтаваць сабе змену. Хоць і ля дома працы хапае — і ў агародзе, і ў кветніку. Так, каля яе дома з ранняй вясны да позняй восені квітнеюць ружы, цюльпаны, лілеі, якімі яна вельмі ганарыцца, радуюць гаспадыню ўраджаем зеляніна ды гародніна. Акрамя клопатаў на зямлі жанчына перыядычна бярэ ў рукі прыналежнасці для вязання ці сядае за швейную машынку, каб пашыць нешта моднае для сваіх унукаў.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *