Выпускнікі школ, якіх больш не існуе, дзеляцца ўспамінамі пра школьнае жыццё

Образование

 

Якая яна, наша школа? Вядома ж, у кожнага свая — невялікая пачатковая, захаваная хіба што на здымках, старэнькая васьмігодка з садам у забытай вёсцы альбо сучасны шматпавярховы гарадскі гмах. Аднак нашы ўспаміны аб ёй не абмяжоўваюцца толькі будынкам, бо немагчыма ўмясціць у яго неабсяжнае школьнае жыццё — з маляўнічым букваром і букетам для першай настаўніцы, з піянерскім зборам і кастром у выглядзе зорачкі, з дружнымі аднакласнікамі і надпісам у кнізе, падоранай за актыўны ўдзел у мерапрыемстве, з дзённікам, які мы часам забываліся дома, са слязьмі і крыўдай на настаўніка за дрэнную адзнаку і наказам дырэктара не забывацца дарогу да роднай школы…

Сюды мы вяртаемся, каб адчуць сябе няўрымслівымі дзецьмі, якім вельмі хацелася пасталець, не насіць “ненавісны” гальштук і не ўставаць раніцай, калі так соладка спіцца, у школу. Нам хацелася хутчэй выслізнуць з-пад апекі бацькоў і настаўнікаў і стаць дарослымі. Але ж тады мы, наіўныя максімалісты, не ведалі, што прыйдзецца самастойна прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць, сустракацца з сур’ёзнымі праблемамі і вытрымліваць дзясяткі экзаменаў, падрыхтаваных жыццём.

Мы вяртаемся ў школу, каб расказаць ёй аб нашых дасягненнях, падзякаваць настаўнікам за іх нялёгкую і не заўсёды ўдзячную працу і падзяліцца з аднакласнікамі сваімі марамі і памкненнямі. Напэўна, менавіта дзеля гэтага і быў прыдуманы вечар сустрэч з выпускнікамі — мерапрыемства, якога мы чакаем у першую суботу лютага. (У гэтым годзе з-за пандэміі каранавірусу сэстрэчы адменены). У гэты дзень школы шырока расчыняюць свае дзверы для ўсіх сваіх вучняў незалежна ад узросту і статусу. Аднак так склалася, што часцей за ўсё такія святы ладзяцца ў сярэдніх школах, а базавыя, а тым больш пачатковыя адыходзяць у нябыт.

Колькі іх існавала ў свой час у кожным раёне?! Практычна ў кожнай вёсцы была пачатковая школа. Яшчэ ў 2001 годзе ў Ашмянскім раёне іх налічвалася дзевяць: гарадская Ашмянская, Каменналогская, Гарэцкаўшчынская, Каменская, Каецяняцкая, Маствілішская, Гейстунская, Рамейкішская, Янканцаўская. У гэты час працавала 13 базавых школ. За дваццаць год усе яны былі зачынены. Апошняй — Гродзіеўская (у 2015 годзе). Базавай (вучэбна-педагагічным комплексам) стала і Граўжышкоўская сярэдняя школа.

Мы паспрабавалі адшукаць выпускнікоў гэтых школ і папрасілі падзяліцца ўспамінамі пра школьнае жыццё.

Андрэй Субач, міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Ашмянскага аддзела аховы Дэпартамента аховы МУС, вучань Вайшнарышскай базавай школы:

— Мяне немагчыма назваць выпускніком, бо калі скончыў восем класаў, Вайшнарышскую школу зачынілі, і мы з аднакласнікам Леанідам Чаплінскім пайшлі вучыцца ў Гальшаны. Наш клас быў самым малым. Самі разумееце, два вучні — гэта практычна індывідуальнае навучанне. Штодня нас выклікалі да дошкі, і нават па некалькі разоў!

Сам я родам са Шчапанавіч, а гэта каля трох кіламетраў ад Вайшнарышак. Звычайна дабіраўся на заняткі на рэйсавым аўтобусе, а калі не хацелася чакаць транспарту, то ішоў з аднавяскоўцамі дамоў пешшу. Нічога ў гэтым дзіўнага не было, не палохалі школьнікаў ні маразы, ні снег.

Жылі мы дружнай сям’ёй. Зусім не шкадую, што вучыўся тут. З цеплынёй успамінаю сваіх настаўнікаў, асабліва класнага кіраўніка, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ядзвігу Іосіфаўну Чаплінскую і настаўніцу нямецкай мовы Таццяну Іванаўну Абрамовіч. Апошнія тры гады вучыўся ў Гальшанскай СШ. Нашым класным кіраўніком была Алена Мікалаеўна Малышка, якую мы вельмі паважалі. Аднаго разу я нават хадзіў на вечар сустрэчы школьных сяброў, але роднай для мяне засталася школа Вайшнарышская.

Эдвард Сяргей, вартаўнік Дакурнішскага ВПК, вучань Анкудскай базавай школы:

— Наша школа мае багатую гісторыю. Размяшчалася яна ў былым асабняку шляхціца Хмялеўскага. Да будынка вяла прыгожая ліпавая алея. У сямідзясятыя гады вучняў было больш за сто. Мы нават вучыліся ў дзве змены. Прыходзілі ў школу дзеці з усёй акругі — Скірсціны, Скілондзішкі, Ціханы, Працкаўшчына, Талоцішкі, Асотнікі…

Калі ў 1971 годзе зрабілі цагляную прыбудову, вучэбны працэс у светлых класах пайшоў жывей. А ў старым будынку засталіся настаўніцкая, майстэрня, бібліятэка і сталовая, хадзіць у якую мы вельмі любілі. Пасля ў нас нават адчыніўся буфет. Тут мы з задавальненнем набывалі коржыкі і ражкі па 7-8 капеек. Хаця ў маіх бацькоў зарплата была невялікая, на гэтыя прысмакі грошай заўжды хапала.

Школу я скончыў даўно, аднак прозвішчы настаўнікаў памятаю выразна: Аркадзь Юльянавіч Страх, Дзмітрый Людвікавіч Мацкевіч, Аляксандра Якаўлеўна Аўтуховіч, Міхаіл Барысавіч Супрановіч. Я вельмі ўдзячны ім за навуку і выхаванне, за парады, якія спатрэбіліся ў жыцці.

Шкада, што нашай школы больш няма. На яе месцы – пустка. А так хацелася б завітаць сюды на вечар сустрэч – узгадаць настаўнікаў, пагутарыць з аднакласнікамі. Дзявяты і дзясяты клас я і некалькі маіх школьных таварышаў заканчвалі ў СШ № 2, аднак для гарадскіх аднакласнікаў мы так і засталіся “дзеравеншчынай”.

Наталля Войнюш, былая настаўніца беларускай і рускай мовы і літаратуры Павяжскай базавай школы і яе выпускніца:

— Восем класаў Павяжскай базавай школы я скончыла ў 1978 годзе. Сябе бачыла толькі настаўніцай, бо і мама мая, Ядзвіга Іванаўна Ластоўская, была педагогам — выкладала ў нашай школе біялогію. Дарэчы, была маім класным кіраўніком, а таксама і маёй сястры. Мой шлях у прафесію быў няпростым. Спачатку скончыла Ашмянскі сельгастэхнікум, затым працавала піянерважатай у СШ № 2 і Павяжах, завочна вучылася ў педінстытуце.

У сваёй роднай школе выкладала на працягу 26 гадоў. Напачатку адчувала вялікую адказнасць перад сваімі настаўнікамі, не хацелася падвесці ні іх, ні сваю маму. Аднак неяк непрыкметна і школа, і педагагічны калектыў сталі для мяне дружнай сям’ёй.

З хваляваннем успамінаю гады, звязаныя з Павяжскай школай. У класе, дзе я вучылася, было 26 дзяцей — пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі настаўнікам стала сама, штогод заўважала, што вучняў становіцца ўсё менш. Мы ведалі, што не сёння, дык заўтра наступіць час скасавання нашай установы, аднак не верылася да апошняга. Калі ў 2013 годзе яе зачынілі (38 вучняў было), усе мы — і дзеці, і настаўнікі плакалі.

Дружба, якая нарадзілася ў нашай прыгожай і ўтульнай школцы з вялікім пладовым садам, не сышла з гадамі. Мы па-ранейшаму сустракаемся — прыязджаем адзін да аднаго ў госці, перапісваемся ў “Аднакласніках”, абменьваемся навінамі. Наша школа — гэта частка нашага жыцця, прычым — лепшая.

Таццяна Ціхановіч, бібліятэкар Мураванаашмянкоўскай сельскай бібліятэкі, вучаніца Рудзішскай базавай школы:

— Ад маёй любімай школы няма нават і фундаменту. Калі мінаю гэта месца, то нават і не верыцца, што тут прайшлі мае лепшыя гады. Я была вельмі хваравітым дзіцем. У першым класе, каб навярстаць навуку, хадзіла да настаўніцы Таццяны Іванаўны Мардас летам. Нават і цяпер памятаю яе пяшчотныя рукі, якія дапамагалі мне выводзіць літары ў сшытку ў касую лінейку. Напачатку ў нашым класе былі чатыры дзяўчынкі, пасля адна з іх пераехала ў другое месца жыхарства, але прыйшоў хлопчык. З удзячнасцю ўспамінаю сваіх аднакласнікаў Таццяну Ус, Тарэсу Борткевіч, Ядзвігу Жальветра, Іосіфа Бараноўскага, а таксама настаўнікаў, якія заўсёды былі для нас прыкладам — непатрабавальную і добрую Яніну Вікенцеўну Бараноўскую, настаўніцу роднай мовы і літаратуры, і строгую Марыю Міхайлаўну Марняк, якая выкладала рускую мову.

У старэйшых класах я вучылася ў Мураванаашмянкоўскай сярэдняй школе. У гэтым годзе ў нашага выпуску юбілей. Трыццаць год прайшло, як я скончыла школу, але трапяткія дзіцячыя ўспаміны аб ёй жывуць у маім сэрцы.

Гутарыла Аліна САНЮК.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *