Настаўніцкі дар — у спадчыну. Сямейная дынастыя Савёнак – Свірбутовіч – Канцавая

Образование

Людзі, адданыя любімай справе, заўсёды выклікаюць у мяне захапленне.Так склалася, што першым лідарам на маім прафесійным шляху стаў творчы педагог, мудры і таленавіты кіраўнік, інтэлігентны і тактоўны чалавек — Антаніна Мікалаеўна Савёнак. З вучнямі, калегамі, маладымі спецыялістамі яна шчодра дзялілася ведамі і жыццёвым досведам, была і застаецца (бо часта бывае ў гімназіі) настаўнікам і дарадцай, прыкладам, на які раўняюцца ў калектыве. Ці дзіва, што вобраз маці — заўсёды прыгожай, ветлівай — натхніў яе дачок Марыну і Ларысу, якія таксама абралі педагогіку?! Тры філолагі (два «рускіх» і адзін «беларускі») у адной сям’і — што гэта: пляцоўка для дыспутаў ці экспертны савет? Адказаць на гэта пытанне і на многія іншыя мы паспрабавалі падчас сустрэчы з сямейнай дынастыяй Савёнак – Свірбутовіч – Канцавая.

Хтосьці паспрабуе запярэчыць, маўляў, для дынастыі патрэбны тры пакаленні. Сапраўды, і яны ёсць. Цётка Антаніны Мікалаеўны таксама працавала настаўніцай. Калісьці менавіта яна, Вера Канстанцінаўна Датчук, паўплывала на прафесійны выбар пляменніцы.

Напачатку была праца… а потым вучоба

Ніводны чалавек не нарадзіўся адразу вучоным або мастаком, урачом ці артыстам, кіраўніком ці юрыстам. Не думала і юная Антаніна, што лёс рыхтуе ёй пасаду дырэктара. У 17 год, пасля таго, як гістарычны факультэт педагагічнага інстытута аддаў перавагу хлопцам —якая-ніякая, у іх за плячыма была ваенная падрыхтоўка, — Антаніна вырашыла не траціць дарэмна часу і пайшла працаваць старшай піянерважатай. Яе першы кіраўнік, дырэктар Палянскай школы Васіль Рыгоравіч Бандарэвіч, толькі замацаваў рашэнне паступаць у педінстытут. Антаніна і раней ведала, што хоча быць, як яе школьныя настаўнікі — Леанід Гардзеевіч Зенчанка, Вольга Андрэеўна Шастова, дырэктар яе роднай першай школы Дзмітрый Дзмітрыевіч Саламонаў. Праз год піянерважацкага хлеба Антаніна Мікалаеўна паступіла ў інстытут, толькі ўжо на філалагічны факультэт. Так яе прызваннем стала выкладанне рускай мовы і літаратуры. Незаўважна праляцелі дзесяць цікавых, насычаных педагагічных гадоў, і Антаніне Мікалаеўне прапанавалі стаць метадыстам у аддзеле адукацыі. Яна курыравала пачатковыя класы, школьныя бібліятэкі і працягвала настаўніцкую практыку — вяла ўрокі рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 2. Так праз усё жыццё Антаніна Мікалаеўна пранесла цесную сувязь з вучнямі.

Эксперымент за эксперыментам.Вынік — удалы!

Калі ўзнікла ідэя адкрыцця пачатковай школы, Антаніна Мікалаеўна з энтузіязмам узялася за справу — вывучала пытанне, ездзіла за вопытам ў Мінск, разбіралася ў нюансах. Урэшце менавіта ёй, як самай дасведчанай у гэтым пытанні, даручылі ўзначаліць новую ў раёне ўстанову адукацыі. Так у будынку былога вучэбна-вытворчага камбіната па вуліцы Савецкай, 14 у 1992 годзе была адкрыта пачатковая школа. Канешне, пачынаць прыйшлося з пошуку будаўнічых матэрыялаў на аптовых базах і рамонту, з напаўнення кабінетаў, набору дзяцей і галоўнае — са стварэння калектыву: творчага, прафесіянальнага, трывалага, дружнага.

На шчасце, лёс падарыў Антаніне Мікалаеўне цудоўную якасць — нягледзячы на малады ўзрост яна добра разбіралася ў людзях і амаль беспамылкова вызначала апантаных калег: вопытных перацягвала з іншых школ, моладзь запрашала на размеркаванні.  Многія з таго трывалага «касцяка» ў 2005 годзе перайшлі ў гімназію — на базе паспяховай  пачатковай школы, якая гучала не толькі ў раёне, але і па-за яго межамі, была адкрыта гімназія.

Так ужо склалася, што Антаніну Мікалаеўну і створаны ёю калектыў чакаў яшчэ адзін эксперымент. Сумненняў і перашкод, канешне, хапала. Палохала адсутнасць базы, прадметных кабінетаў, напрацовак. Ды і будынак не зусім адпавядаў установе новага тыпу. Але ж не сцены ўпрыгожваюць людзей, а зусім наадварот. І камандзе аднадумцаў, у якую ўвайшлі настаўнікі, тэхнічны персанал і, канешне ж, адміністрацыя — намеснікі дырэктара Наталля Кучынская, Валянціна Сапачова, Ірына Міхайлоўская, — усё аказалася па сілах.

— Удзельнічалі ў разнастайных праектах і конкурсах, заяўлялі аб сабе. Бачылі і аддачу, асабліва, калі перамогі прыносілі фінансавыя вынікі, — успамінае былы дырэктар гімназіі. — Так атрымалася абнавіць абсталяванне на харчблоку, закупіць першы ў раёне параканвектамат. Шмат увагі надзялялі рабочаму месцу педагога і забеспячэнню камп’ютарнай тэхнікай. Хацелася, каб не толькі кадравы патэнцыял вабіў нашых вучняў, якія прыходзілі за трывалымі ведамі, але і сучасныя магчымасці, арганізацыя адукацыйнага працэсу.

Мова, як песня

Гледзячы на настаўніцу-маці, якая ўдала спалучала педагагічную справу і абавязкі кіраўніка, пры гэтым выклікала захапленне, падрасталі дзяўчаты.

— Мама заўсёды была для нас лідарам, прыгожая, спакойная, справядлівая, — успамінае старэйшая дачка Марына. — А мова якая! Яна лілася, як песня. Зразумела, хацелася навучыцца гэтак жа.

Сваю важкую ролю ў выбары Марыны адыгралі ўрокі беларускай мовы і літаратуры, якія на той час выкладала ў СШ № 2 Тэрэза Раманаўна Івашкевіч. Улюбёны ў свой прадмет педагог, сакавітая родная мова, глыбокія творы Уладзіміра Караткевіча змаглі распаліць сэрцы вучняў. Так шлях Марыны пралёг на аддзяленне славянскай філалогіі. І цяпер ужо яна — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, за якой чарадой ходзяць гімназісты. Для іх Марына Гендрыкаўна — сапраўдны лідар, граматны педагог, неардынарная асоба. На яе ўроках не бывае сумна, нават «сухія» правілы і тэрміны яна падае творча. Разам з мужам стварае камп’ютарныя гульні, прапануе дапытлівым вучням нестандартныя заданні. Ужо і яна па праве ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія працягваюць педагагічную справу — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры стала Вікторыя Каліноўская, пасля заканчэння ўніверсітэта чакаюць у гімназіі беларускага філолага Кацярыну Бернат. У свой час гэты ж факультэт скончыла Кацярына Бенадысюк, якая зараз працуе на абласным тэлебачанні.

«Настаўнік не мае права раскісаць!»

За маці і старэйшай сястрой незаўважна пацягнулася і Ларыса. Спачатку марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, а пасля, у дзясятым класе зразумела, што не ўяўляе свайго жыцця без літаратуры. Больш за дваццаць год таму абраўшы рускую філалогію, яна ні на дзень не расчаравалася ў прафесіі.

Урокі, пазакласныя мерапрыемствы, класнае кіраўніцтва, стосы сшыткаў, падрыхтоўка планаў, пастаянны пошук новага цікавага матэрыялу — у гэтым няспынным колазвароце пралятаюць дні, чвэрці, гады. Адзін выпуск змяняецца другім, а шчасце, якое нараджаецца ў сэрцы, калі з-за партаў накіраваны дапытлівыя і зацікаўленыя позіркі вучняў, толькі множыцца.

На пытанне, што ні пры якіх абставінах не можа дазволіць сабе настаўнік, Ларыса з упэўненасцю зазначыла:

— Нельга раскісаць! Настаўнік — публічны чалавек, ён штодня мае зносіны з дзецьмі, бацькамі, калегамі, таму павінен захоўваць аптымізм і добры настрой.

Да гэтай высновы сямейная дынастыя Савёнак – Свірбутовіч – Канцавая прыйшла дзякуючы ўласнаму вопыту, а ён складае больш за восемдзесят гадоў педагагічнага стажу. За імі – сотні выпускнікоў і іх бацькоў, удзячных за навуку, клопат і адданасць настаўніцкай справе, якую педагогі-філолагі выконваюць з годнасцю і прафесіяналізмам.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з сямейнага архіва настаўніц.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *