Сучасная молодзь лічыць, што бібліятэкар – прафесія мінулага стагоддзя. Навошта ён патрэбен, гэты чалавек, які на працы толькі тым і займаецца, што чытае кнігі?!
Гэта бадай ці не самая паважаная поруч з настаўнікам прафесія на вёсцы, сцвярджаюць жыхары аграгарадка Кальчуны, прыводзячы ў прыклад Алену Адольфаўну Шкелду, якая вось ужо 50 год нясе месцічам культуру і асвету.
Хто з іх мае рацыю, паспрабуем разабрацца, наведаўшы бібліятэку ў Кальчуны. Разам з сельскім бібліятэкарам правядзём у бібліятэцы палову яе рабочага дня, паразмаўляем з чытачамі і заглянем на кніжныя паліцы і ў фармуляры.
Праца пачынаецца з парадку
На гадзінніку яшчэ няма адзінаццаці, а бібліятэка ўжо адчынена. Нават і чытач ёсць – жанчына старанна гартае перыядычныя выданні. Па ўсім відаць, што шукае яна нешта канкрэтнае.
Тым часам бібліятэкар завіхаецца ля кніжных паліц. Тут усё павінна быць на сваіх месцах.
— Сельскі бібліятэкар — гэта не толькі чалавек, які працуе з кнігамі. Так памылкова думаюць многія. Ён і артыст, і псіхолаг, і маркетолаг, і педагог, і прыбіральшчыца, — адзначае Алена Адольфаўна Шкелда, якая перад нашым прыездам паспела абысці тэрыторыю, сабраць паперкі, паглядзець, ці ўсё ў парадку з клумбай, ёй жа пасаджанай пад акном. – На паліцах таксама павінны быць парадак і чысціня.
Генеральная ўборка праводзіцца ў бібліятэцы раз у месяц, аднак Алена Адольфаўна не чакае санітарнага дня – на стэлажах кнігі састаўлены пад лінеечку, і на іх (кніжны фонд складае 13,5 тысячы экзэмпляраў) анівонай пылінкі!
Пра чытача раскажа фармуляр
Над адной з паліц стаіць шыльда “Знаёмцеся – мы кніжкі новыя!” Тут размешчаны кніжныя навінкі.
Бібліятэкар папярэджвае мае пытанне і пачынае распавядаць, якімі выданнямі апошнім часам папаўняецца кніжны фонд.
— Кніга павінна працаваць, а не ляжаць мёртвым грузам, — заўважае Алена Адольфаўна. – А для гэтага яе неабходна прарэкламаваць, знайсці чытача, якога яна можа зацікавіць. Паслугамі бібліятэкі карыстаецца каля 500 чалавек. Бібліятэкар можа расказаць пра перавагі ў чытанні і захапленнях кожнага з іх. Пра гэта сведчаць і пазнакі на фармулярах: літары, надпісы, малюнкі – сонейкі і хмаркі. Сонейкі – актыўныя чытачы, хмаркі – хто чытае мала. У рабоце дапамагае і спіс насельніцтва, які бібліятэкар удакладняе ў сельвыканкаме.
На абслугоўванні бібліятэчнай ўстановы знаходзіцца 20 населеных пунктаў. Праўда, чатыры з іх размешчаны на маршруце аўтабібліяэкі, якая згодна з графікам курсіруе па вёсках Ашмянскага раёна. Аднак і Алене Адольфаўне хапае куточкаў у Кальчунскім сельсавеце, у якія ёй трэба патрапіць двойчы на месяц – у другую і чацвёртую суботу.
— Як ты туды будзеш дабірацца, ніхто ў цябе не пытаецца, — адзначае бібліятэкар. – Усяляк бывае. Саджуся “на хвост” старшыні сельвыканкама Ліліі Янушкевіч, прашу свайго зяця ці сына. А яшчэ ў мяне ёсць добрыя памочнікі – валанцёры з ліку старшакласнікаў мясцовай школы, якія на веласіпедах, што маюцца ў нашым распараджэнні, і кніжкі развязуць, і дапамогу акажуць пажылым людзям.
Алена Адольфаўна даходзіць не толькі да аддаленых вёсак, але і да фермаў і мехдвароў. У яе чытаюць усе – механізатары, вартаўнікі, даяркі. Яна заўсёды знойдзе, як дабрацца ў мясцовую гаспадарку і прапанаваць кнігу ці часопіс.
Грамадскія справы – у дадатак
Кіраўніком праекта «КУТ» Алена Шкелда стала сем год назад.
— Тады пытанняў было шмат, і праблемы ўзнікалі. Аднак вы не паверыце, колькі задавальнення я атрымала, калі з’явіліся рэзультаты нашых добрых спраў, якія паўплывалі на жыццё жыхароў усяго сельскага Савета. Мастком на Будзёнаўку сёння могуць карыстацца ўсе. Расце і наш сад у Мардасах. Мінулай восенню мы сабралі яблыкі і на дзень пажылых людзей зрабілі падарункі мясцовым жыхарам. Між тым, увесь час трэба думаць аб тым, як гэты сад абкасіць, як апрацаваць ад шкоднікаў. Дый дзіцячая гульнявая пляцоўка ў Кальчунах патрабуе пастаяннага догляду – дзе падрамантаваць неабходна, дзе пафарбаваць.
Падчас абедзеннага перапынку заглянулі з Аленай Адольфаўнай у гэты дзіцячы куток. Сёлета дзякуючы ініцыятыве бібліятэкара, якая выконвае яшчэ і грамадскія абавязкі старасты, усе канструкцыі былі абноўлены свежай фарбай. Ганарыцца бібліятэкар і грамадскім калодзежам, вадой з якога карыстаюцца кальчунцы. Шмат трэба было прыкласці намаганняў, шмат абабіць парогаў, каб пачысціць закінутую водную артэрыю і прывесці яе ў належны стан.
— Сёння раніцай выйшла на балкон, акінула вокам пляцоўку. Мужчына ва ўзросце набірае ваду, а затым падышоў да турніка – робіць практыкаванні. Усё-такі добрую справу мы зрабілі, патрэбную! – лічыць мясцовая актывістка.
Пакуль мы размаўлялі з Аленай Адольфаўнай, яна “кінула кліч” дзецям, каб паперкі на пляцоўцы сабралі, падбегла ў суседні дом, пастукала ў акно і папрасіла свайго чытача змазаць салідолам дзіцячыя арэлі – каб не рыпелі. Да ўсяго гэтай няўрымслівай жанчыне ёсць справа.
Хто дбае, той мае
Усе бібліятэкі раёна камп’ютарызаваны. Значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база бібліятэчнай установы ў Кальчунах дзякуючя праекту. Сучаснае абсталяванне (ноўтбук, праектар, экран, стэнды) актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце.
На сцяне бібліятэкі вісіць новы тэлевізар. Гэта падарунак бібліятэкару за першае месца ў рэспубліканскім конкурсе, у намінацыі “За значны ўклад ў выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”.
Цікавасць да кнігі ў сваіх чытачоў Алена Адольфаўна развівае з дзіцячага садка. У дашкольнай установе яна частая госця. І малышы таксама не мінаюць бібліятэку. Тут і мультфільмы можна паглядзець, і паўдзельнічаць у цікавым мерапрыемстве. Аматарскія аб’яднанні, што працуюць пры бібліятэцы, згуртоўваюць людзей розных узростаў – ад малых да старых.
Мерапрыемствы Алена Адольфаўна ладзіць сумесна з мясцовым аддзелам культуры і вольнага часу. Аб планах – гадавых, квартальных, на месяц – сведчаць не толькі папкі і абвесткі на інфармацыйных стэндах, але і здымкі. Цікавыя сустрэчы, творчыя конкурсы і віктарыны, валанцёрская работа, добраўпарадкаванне помнікаў воінскай славы, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета – гэта толькі невялікі пералік мерапрыемстваў, распісаных на дзевяці лістах плана. У календары шмат дат – дзяржаўныя святы, юбілеі пісьменнікаў і паэтаў, прафесійныя святы. Гэта таксама трэба ўлічыць. Сёлета акцэнт — на Год народнага адзінства.
Узаемны абмен інфармацыяй
— Работы шмат, — адзначае бібліятэкар. – Кнігу пачытаць не заўсёды хапае часу. Аб тым ці іншым выданні часам даведваюся ад саміх чытачоў. Я з імі заўсёды абменьваюся інфармацыяй. Да мяне яны прыходзяць не толькі як да бібліятэкара, але і са саімі просьбамі і праблемамі. І ўсіх трэба выслухаць, даць параду, замовіць слова ў сельсавеце.
Падчас нашай размовы ў бібліятэку наведаўся Станіслаў Клімашэўскі. На гэты раз прыйшоў ён не за кнігамі, а каб адрамантаваць веласіпед, на якім ездзяць па аддаленых вёсках валанцёры. Галіна Дубіцкая, былы галоўны эканаміст торфабрыкетнага завода, цікавіцца палітыкай і пытаннямі эканамічнага развіцця краіны, таму праглядвае найперш газеты і часопісы. Разам з тым прынесла яна і сваю праблему – каторы тыдзень на вуліцы не гарыць святло. Часта прыходзіць у бібліятэку Барыс Качан – і кнігу ўзяць, і пагаварыць, распытацца, што чуваць новага па-за межамі аграгарадка.
Кніга – сэнс жыцця
Акрамя абслугоўвання чытачоў, штодня трэба перагледзець перыёдыку. Распісаць змешчаныя там артыкулы ў картатэку. Адсканіраваць публікацыі і разнесці іх па тэматычных папках. Падрыхтаваць папкі для індывідуальнага інфармавання. Пастаянна трэба трымаць на кантролі інфармацыю на стэндах – каб не састарэла і не страціла сваёй актуальнасці. Платныя паслугі таксама ніхто не адмяняў. Іх больш за трыццаць, і даведзены план неабходна выканаць, і адчытацца за кожную капейку, аформіўшы “цэлую бухгалтэрыю”.
Дамоў бібліятэкар вяртаецца ў дзясятай гадзіне вечара. І так на працягу пяцідзесяці год. Наўрад ці ў каго павернецца язык сказаць, што бібліятэкар нічога не робіць – толькі кнігі чытае. І калі ў бібліятэчнай установе пастаянна ёсць наведвальнікі, значыць, яна патрэбна людзям.
А як жа чытанне кніг? Іх Алена Адольфаўна таксама любіць – Наталлю Батракову, Івана Шамякіна, Галіну Пярун…
Чытае яна часцей за ўсё тады, калі за акном апускаецца ноч. Бібліятэкар лічыць, што жыць без кніг немагчыма. Кніга – гэта добры сябар, гэта адказ на пытанне, якое ставіць жыццё. А ў выпадку з ёй – гэта само жыццё.
Аліна САНЮК.
Фота аўтара.