У гняздзе ў Навасядах вывелася пяцёра буслянят

Культура

 

Кожная раніца жыхароў прыбярэжнай вуліцы, што ў Навасядах Кальчунскага сельсавета, пачынаецца пад дружны клёкат буслінай шматдзетнай сям’і. Сёлета ў высокім і дыхтоўным гняздзе, узведзеным на бетонным слупе, вывелася ажно пяцёра буслянят. Назіраць за жыццём чырванадзюбага сямейства месцічам дастаўляе вялікае задавальненне.

— Птушкі сталі часткай нашага размеранага вясковага жыцця, — кажа Іван Антонавіч Бароўскі. – Калі восенню яны адлятаюць у вырай, становіцца неяк сумна. Мы не можам прывыкнуць да пустога буслінага жытла, таму вельмі чакаем вясны і радуемся, як дзеці, калі белакрылыя птахі пачынаюць лунаць над вёскай.

Белыя буслы пачалі майстраваць гнёзды на лініях электраперадачы, што стаяць на выгане пры рэчцы, дзесьці каля пяці год назад. Аднак электрыкі птушыныя “самабуды” актыўна разбуралі, скідваючы іх са слупоў на зямлю.

Праблема захавання птушыных гнёздаў, размешчаных на паветраных лініях, пачала ўзнімацца ў Беларусі некалькі год назад. Вядома, што каля 40 працэнтаў буслянак знаходзіцца менавіта на апорах ЛЭП, а гэта стварае небяспеку і для саміх птушак, і для ліній электраперадачы – кароткае замыканне можа абясточыць цэлы населены пункт. Беларускія энергетыкі пайшлі насустрач прыродаахоўнікам і пачалі распрацоўваць тэхнічныя ўмовы для збудавання птушыных платформ, а таксама замяняць аголеныя правады на ізаляваныя. Аб гэтай праблеме пісала ў свой час і раённая газета. Прачытаўшы інфармацыю ў “Ашмянскім весніку”, Іван Бароўскі звярнуўся ў Ашмянскі РЭС да майстра Ігара Кандратовіча. Вядома ж, мужчына не вельмі разлічваў на станоўчае вырашэнне птушынага пытання, але майстар Кандратовіч са сваёй брыгадай ад незвычайнай просьбы не адмахнуўся, і ў хуткім часе на выгане побач з апорамі ЛЭП быў усталяваны слуп, на якім электрыкі замацавалі аснову – барану. Было гэта восенню, а вясной ужо буслы заняліся абжываннем новай кватэры. У той год у буслінай сям’і вывелася трое дзяцей. Яшчэ праз год – чацвёра, а сёлета бусліха знесла ажно пяць яек.

Ужо два тыдні прайшло, як моладзь узнялася на крыло. Звычайна раніцай буслікі дружна ляцяць на кальчунскія абшары, а ўжо пад вечар, падсілкаваўшыся, вяртаюцца дамоў. Іх прылёт заўжды суправаджаецца меладычным клёкатам.

— Аб чым яны “размаўляюць”, застаецца толькі здагадвацца, — смяецца Іван Антонавіч. – Пэўна, дзеляцца ўражаннямі аб пражытым дні. Буслінае жыццё праходзіць на нашых вачах. Мы назіраем, як птушкі сядзяць на яйках, як клапоцяцца адзін аб адным, а пасля, калі паяўляюцца дзеці, як маці ахоўвае малых ад дажджу і непагадзі, як сваімі крыламі засланяе іх цэлы дзень ад пякельнага сонца. Калі штосьці я не заўважу, суседка Леанарда Лукашэвіч раскажа. Яна са сваімі ўнукамі таксама любіць назіраць за малечамі.

Калі мы прыехалі ў вёску, бусляняты былі ў адлёце. Толькі дарослы бусел, стоячы на адной назе, пільна пазіраў з буслянкі за нашымі рухамі. Калі застракатаў рэдакцыйны квадракоптэр, птушка пераляцела на другі слуп, бліжэй да хаты Бароўскіх, як бы шукаючы ў чалавека абароны.

Міне некалькі тыдняў, і бусліная сям’я адправіцца ў вырай, каб затым разам з цяплом вярнуцца ў родны край, дзе чакаюць утульнае гняздо і блізкія ёй людзі. Пасля зімовай сцюжы застанецца жытло крыху падправіць і можна будзе далей працягваць свой бусліны род. Дарэчы, дарослыя буслы ў Навасядах пачалі выбудоўваць побач – на другім слупе — яшчэ адну кватэру. Відаць, для сваіх дзетак, бо якім вялікім не было б жытло, сямі дзюбам у ім усё-такі цеснавата.

Аб тым, ці рэдкая насамрэч з’ява на Беларусі – пяцёра буслянят, мы папрасілі адказаць Максіма Нямчынава, спецыяліста па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:

— Калі казаць коратка, нячастая з’ява, але і не тое, каб рэдкая. На колькасць яек (і птушанят) у гняздзе ўплывае шмат фактараў, пачынаючы з экалогіі і эвалюцыі віда птушкі: у кагосьці адно, і тое не кожны год, а ў іншых — па тры-чатыры дзясяткі за сезон. Калі мы будзем разглядаць менавіта белага бусла, у якога патэнцыйны дыяпазон абмежаваны 0—8 яйкамі, то галоўнае, што будзе непасрэдна вызначаць колькасць у кожным прыватным выпадку, — гэта забяспечанасць кормам і дадзеныя самкі: узрост і вопыт. Адкласці найбольшую колькасць яек і, адпаведна, выгадаваць шмат птушанят можа сталая, але несастарэлая маці «ў поўным росквіце». Але, калі тэрыторыя не забяспечвае досыць ежы, колькасць яек змяншаецца: птушка ўласна на сабе «адчувае», што шмат дзяцей выкарміць не зможа. Апошнімі гадамі з-за недастатковай колькасці ападкаў натуральных кармоў белым буслам не хапае, бо ў іх жа асноўная ежа ў вільготных месцах: жабы, рапухі, вужы… Таму найбольш частымі становяцца варыянты бліжэй да мінімальных — з двума-трыма яйкамі (птушанятамі) на гняздо. А ў прыдатных месцах пражывання норма як раз чатыры ці пяць яек. Але такіх цалкам прыдатных месцаў становіцца, на жаль, усё менш.

Калі абагульніць сказанае, то 4-5 яек (птушанят) у гняздзе белага бусла — гэта варыянт нормы, хаця ён і не часта сустракаецца.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *