У Ашмянскім музеі праходзіць незвычайная мастацкая выстава пад назвай “Паэзія кропак”

Культура

 

У Ашмянскім краязнаўчым музеі праходзіць незвычайная мастацкая выстава пад назвай “Паэзія кропак”. Наведвальнікам, у тым ліку і людзям з праблемамі зроку, прапануюць у прамым сэнсе дакрануцца да мастацтва.

Падрабязна пра ідэю стварэння карцін у такой інавацыйнай тэхніцы, пра шэраг праектаў і погляды на мастацтва ашмянцы даведаліся на сустрэчы з аўтарам палотнаў, мастаком-манументалістам Васілём Зянько, якая адбылася на днях у музеі.

Як адзначыў мастак, некалькі год таму падчас творчай лабараторыі, што праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі, ён упершыню цесна судакрануўся з невідушчымі людзьмі, якія таксама маюць эмоцыі, прагнуць прыгажосці. Данесці да іх тыя ці іншыя вобразы – такая на першы погляд амбіцыёзная задача паўстала перад мастаком. Увасобіць яе дапамагла невідушчая піяністка Марыя Рудко. Паколькі зрок яна страціла ў дзяцінстве, то ёй нескладана было “счытаць” аб’ёмную карціну Васіля Зянько “Сланечнікі”. Аказалася, што аўтарская тэхніка, заснаваная на пісьме акрылам па палатне з выкарыстаннем разнастайных фактур, вельмі добра ўспрымаецца людзьмі з праблемамі зроку. Каб ім яшчэ лягчэй было знаёміцца з выявамі на карцінах, Васіль вырашыў стварыць спецыяльны праект, у якім мастацтва спалучаецца з літаратурай.

Звярнуўшыся да творчаці спачатку Алеся Разанава, а затым Максіма Багдановіча, Васіль Зянько стварыў 18 незвычайных палотнаў. У чым іх асаблівасць? Мастак выбраў сем “пункціраў” Разанава – кароткіх лірычных мініяцюр і з дазвалення беларускага паэта стварыў мастацкую імправізацыю, на якой акрамя саміх вобразаў знайшлі месца вершаваныя радкі, нанесеныя шрыфтам Брайля. Дапамогу ў гэтай няпростай справе Васілю аказвала ўсё тая ж Марыя Рудко. Так атрымаліся яркія тактыльныя карціны, якія адным дапамагаюць спасцігаць прыгажосць вачамі, другім – кончыкамі пальцаў.

Выстава “Паэзія кропак” адправілася “ў народ” – яна ўжо пабывала на радзіме Разанава ў Бярозе, з Ашмянаў паедзе ў Ліду, Гродна, Магілёў. Мастацтва павінна жыць і быць даступным, упэўнены Васіль Зянько.

Падчас сустрэчы аўтар расказаў ашмянцам яшчэ пра некалькі сваіх праектаў “Жыццё насякомых”, “Рэфлексус” і іншыя. Шматгранная творчасць Васіля Зянько вылучаецца індывідуальным стылем так званага экалагічнага рамантызма. Такую трапную характарыстыку яму даў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Для самога ж аўтара галоўнае ў творчасці шчырасць і адкрытасць – гэта адчуваецца і ў яго карцінах. Дарэчы, пераканацца ў гэтым можна, наведаўшы выставу ў краязнаўчым музеі, якая працягнецца да 25 ліпеня.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *