У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася анлайн- сустрэча з прадстаўнікамі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Культура

 

У Ашмянах за круглым сталом сабраліся ўдзельнікі клуба “Сустрэча” і работнікі бібліятэкі, а ў горадзе над Нёманам іх віталі старшыня арганізацыі Людміла Кебіч і аўтары: Дзмітрый Радзівончык, Ганна Савіцкая-Скаржынская і Андрэй Татур.

Нефарматная сустрэча прынесла новыя адкрыцці і станоўчыя эмоцыі. Пісьменнікі і паэты дзяліліся навінамі літаратурнага жыцця, расказвалі аб сваіх шляхах-дарогах, якія прывялі ў свет творчасці. У кожнага з творцаў свая аўдыторыя і тэмы, на якія яны пішуць, але аб’ядноўвае іх адно — любоў да слова, што роўнымі радкамі кладзецца на белы аркуш.

Аб багатым паэтычным жыцці ашмянцам расказаў Дзмітрый Радзівончык — аўтар зборнікаў «Пиррова техника», «Дым без огня» і «Река безбрежная». Дзмітрый Мікалаевіч спыніў увагу на літаратурнай, перакладчыцкай і рэцэнзійнай дзейнасці. Сярод прачытаных вершаў – “Я хацеў бы зноў спаткацца з вамі на вуліцы”, на напісанне якога натхніў вядомы твор Максіма Багдановіча.

З усмешкамі на тварах ашмянцы слухалі вершы Ганны Скаржынскай-Савіцкай, якая піша для дзяцей. Пісьменніца прызнаецца, што творчасцю пачала займацца, калі нарадзіліся яе дзеці. Менавіта ім яна складала свае першыя казкі, апавяданні, вершы.

Шчырыя вершы Андрэя Татура і Людмілы Кебіч ляцелі з-пад Нёмана і напаўнялі  цеплынёй сцены раённай бібліятэкі. Радкі прыйшліся па душы наведвальнікам клуба “Сустрэча” і былі адзначаны гучнымі апладысментамі.

Анлайн-сустрэчу працягнуў расказ Людмілы Кебіч пра альманах “На нёманскай хвалі”,  у якім публікуюць свае творы пісьменнікі і паэты Гродзеншчыны. Ашмянскія творцы выказалі надзею, што асобнік з’явіцца і ў раённай бібліятэцы, а яго перададуць аўтары з Гродна і змогуць паразмаўляць, адказаць на пытанні аматараў напісанага слова асабіста.

Напрыканцы размовы цёплыя словы падзякі аўтарам выказалі і ўдзельнікі клуба “Сустрэча”, і ўсе, хто, адклаўшы штодзённыя клопаты, завітаў у той дзень у бібліятэку.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *