Творчая група канала “Беларусь 2” у кастрычніку пабывала на Ашмяншчыне. Вядучыя тэлепраекта “Наперад у мінулае” Аксана Вечар і Юрый Вашчук на аснове фальклору, сабранага на нашай зямлі, падрыхтавалі тры перадачы, у якіх прынялі ўдзел фальклорны гурт Каменналогскага СДК “Лявоніха”, фальклорны калектыў Кальчунскага СДК “Скарбніца” і ўзорны ансамбль народнай песні і танца “Званочкі” СШ №1.
Дзве перадачы ўжо былі паказаны ў эфіры другога тэлеканала. Удзельніцы гурту “Лявоніха” Марыя Ліштван і Казіміра Янкоўская з Бянян пад кіраўніцтвам дырэктара Дома культуры Станіславы Лісоўскай саспявалі песню пра дзяўчыну Гэлю, а затым яе выканалі ў арыгінальнай сучаснай аранжыроўцы вакалісткі гурта “ByCity”. А вось песню фальклорнага гурту “Скарбніца”, якім кіруе Сняжана Кагадоўская, выканаў вядомы ўсім беларусам Ілья Міцько з “Лепрыконсаў”.
Перадача з удзелам дзіцячага калектыву СШ №1 “Званочкі” выйдзе ў эфір у снежні. Па словах кіраўніка ўзорнага ансамбля Веры Федарэнкі, яна запланавана на суботу, 8 снежня. Так што не прапусціце мажлівасці паглядзець на ашмянцаў з экрана тэлевізара. На сайце канала “Беларусь 2” створаны архіў перадач “Наперад у мінулае”. Трапіўшы ў раздзел “Праекты”, можна паслухаць песні нашых калектываў.
Аліна САНЮК.