Каманда СШ №2 стала пераможцам рэспубліканскага злёту юных краязнаўцаў

Образование

Упэўнена, што кожны з нас хаця б раз казаў сабе, што хоча пераехаць у горад, значна большы за наш. Але амаль ніхто не прыкладае намаганняў, каб здабыць дадатковыя, не ўсім вядомыя, звесткі і пашырыць кругагляд пра сваю малую радзіму. Канешне, ёсць і тыя, хто ў гэтым шчыра зацікаўлены. Прыемна адзначыць, што менавіта падлеткі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі краязнаўчай дзейнасці. Думаю, што не памыляюся ў сваім меркаванні, бо сама атрымала шанец паўдзельнічаць у рэспубліканскім злёце юных краязнаўцаў, які праходзіў нядаўна ў Мінску, і пазнаёміцца са сваімі равеснікамі, шчырымі прыхільнікамі краязнаўства.

Удзельнікамі рэспубліканскага злёту сталі 35 вучняў – гэта актывісты краязнаўчага руху з усіх абласцей і горада Мінска. Гродзенскую вобласць прадстаўлялі на форуме вучні сярэдняй школы №2 г.Ашмяны: Уладзіслаў Мінкевіч, Максім Ганевіч, Крысціна Спецыян, Маргарыта Трутко і я, Марыя Гадлеўская. Рыхтавалі каманду Алена Іванаўна Апанэль, Іна Генрыхаўна Барысевіч і Святлана Іосіфаўна Станкевіч.

Нягледзячы на тое, што падрыхтаваны мы былі добра, хваляванне ўсё ж такі прысутнічала, аднак пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу візітовак ад яго не засталося і следу. Я лічу, што менавіта гэта першая перамога аднавіла нашы сілы і дала надзею на перамогу ў цэлым. Нас чакала насычаная і цікавая праграма: конкурсы, экскурсіі і забаўляльныя мерапрыемствы. Краязнаўчая канферэнцыя «Таямніцы малой радзімы», конкурс «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», конкурс на лепшую распрацоўку экскурсіі «Мясціны майго дзяцінства» і квэст-гульня “Ад гульні да пазнання края” — усё гэта дапамагло даведацца пра цікавыя куточкі Беларусі, да гэтага часу нам незнаёмыя. Свае веды паказалі ўсе каманды: кожны дзень удзельнікі злёту здзіўлялі новымі арыгінальнымі вобразамі, цікавым і карысным матэрыялам, які дазволіў пазнаёміцца бліжэй з малой радзімай канкурсантаў.

Наша каманда актыўна праявіла сябе і па выніках усіх конкурсаў выйшла на першае месца: атрымала чатыры дыпломы першай ступені, дыплом трэцяй ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і дыплом рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Мне хочацца падзякаваць маім настаўнікам за тое, што прывілі мне любоў да краязнаўства. Каб з упэўненасцю глядзець у будучыню, трэба добра ведаць глебу, на якой стаіш – гісторыю роднага краю. Задавайце пытанні, атрымлівайце адказы і рухайцеся толькі ўперад!

Марыя ГАДЛЕЎСКАЯ, вучаніца 11 “Б” класа сярэдняй школы №2 г.Ашмяны



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *