Фотаздымкі з пахавання. Навошта фатаграфаваць смерць?

Культура

 

У маёй бабулі на верхняй паліцы шафы, колькі я памятаю, захоўвалася некалькі скрынак з фотаздымкамі. У дзяцінстве я часта любіла іх разглядаць і цікавіцца ў родных, хто на іх сфатаграфаваны. Яскрава адлюстраваліся ў памяці моманты, калі сярод вясельных і іншых сямейных фота я натыкалася на карткі з пахаванняў: людзі, якія стаяць ля труны з нябожчыкам. Былі і рэпартажныя здымкі, дзе памерлага нясуць па вуліцы. Тады я ў сілу дзіцячага ўзросту не паглыблялася ў гэта пытанне, успрымала проста як факт. Зараз жа я разумею, што гэта даволі неадназначная з’ява. Але для людзей таго часу такія здымкі былі нормай. Прычым, на фота далёка не заўсёды былі блізкія родзічы – часта гэта былі суседзі, знаёмыя, знаёмыя знаёмых…

Навошта фатаграфаваць смерць? І галоўнае – навошта захоўваць такія здымкі ў агульным стосе фатаграфій? “Так раней рабілі”, – адказваюць мне родныя. А навошта? Хіба не важней памятаць чалавека пры жыцці? Такія падзеі як смерць, і без фотаздымкаў на жаль, захоўваюцца ў памяці і іх і так немагчыма забыць.

Але так лічыць большасць з пакалення Y. Сучасныя падлеткі, так званае пакаленне X, увогуле пра такую традыцыю наўрад ці ведюць. Кожнаму часу – свае традыцыі і паняцці, свае нормы і правілы.

Каб даведацца пра традыцыю пахавальных фота, я звярнулася да дырэктара Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Алены Жастковай, якая займалася даследаваннем гэтай тэмы на тэрыторыі Беларусі.

Ашмяны. Першая палова 20 стагоддзя

— Фотамастацтва на Беларусі распачалося толькі на мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў, не Беларусь вынайшла справу фотамастацтва, але беларусы ўдзячна падхапілі магчымасць зрабіць імгненне вечнасцю і развівалі яго з годнасцю, беларуская традыцыя фотамастацтва паўстала і пачала развівацца разам з беларускай фатаграфіяй наогул, — расказвае Алена.

— Сучаснасць зрабіла фота даступным, больш за тое, — неад’емным складнікам жыцця. Зафіксаваць зараз можна літаральна кожны момант. Але калі мы апошні раз трымалі ў руках папяровыя, надрукаваныя здымкі? Яшчэ колькі год таму, для фотаздымка мы мусілі ісці ў фотаатэлье ці фотасалон. Фотаздымак быў рытуалам, які аб’ядноўваў родзічаў фізічнай і метафізічнай нагодай для сустрэчы.

— Што вядома пра фатаграфаванне пахавання?

— Асобную старонку ў фатаграфіі займаюць здымкі пахаванняў – як не дзіўна, знаёмы многім віктарыянскі пост-мартэм (пасмертны фотаздымак – Заўв. Рэд.) існаваў і на тэрыторыі Беларусі, і яго, па праўдзе, можна назваць адной з традыцый, улічваючы культ продкаў у беларусаў. Выявы памерлых – гэта вялікі пласт культуры, які бярэ свой пачатак ад каменных надмагілляў арыстакратыі. Так, нам вядома надмагілле Паўла Сапегі з Гальшан і яго трох жонак. 

Надмагілле Паўла Сапегі з Гальшан і яго трох жонак

Спачатку памерлага паказвалі як жывога – існавалі нават спецыяльныя прылады, якія дапамагалі зафіксаваць цела ў звычайнай позе, быццам у глыбокім сне, без труны. Калі памірала дзіця – бацькі фатаграфаваліся з ім і лічылася, што такі здымак паказвае шчаслівую сям’ю, а слёзы лічыліся нявыхаванасцю.

Раней фатографа запрашалі толькі на самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека, часцей – вяселле. Паступова сталі здымаць і пахаванні. Прычым, у 1950-х у многіх пахавальная фотакартка была адзіным здымкам чалавека за ўвесь перыяд яго жыцця.

— Ці ёсць розніца паміж еўрапейскімі здымкамі і беларускімі?

— Кардынальных – няшмат. Пераважна ўсё пераймалася. Калі да 1970-х гадоў яшчэ можна заўважыць больш пастановачныя фота – бачна, што людзі пазіравалі фатографу, то ўжо пасля такіх кадраў становіцца ўсё менш —  часцей рабілася рэпартажная здымка.

Калі задавацца пытаннем, чаму ў альбомах сустракаюцца пахавальныя фатаграфіі з людзьмі з мясцовасці, дзе яны ніколі не былі, то, хутчэй за ўсё, гэта знаёмыя родных. Часта здымкі з пахаванняў раздавалі родным, сябрам, адпраўлялі поштай – не ва ўсіх была магчымсаць трапіць на само пахаванне, таму хоць фотакарткі дасылалі.

— Калі паглядзець на такія фотакарткі, то можна заўважыць, што на пахаванне не баяліся прыводзіць дзяцей. Зараз жа — наадварот. З чым гэта звязана?

— Так, вы нават не заўважыце на дзіцячых тварах страху. Гэта было звычайнай з’явай. Такім чынам дзецям паказвалі, як выглядае смерць, і вучылі паводзінам на пахаванні.

— Атрымліваецца, што раней былі іншыя адносіны да смерці?

— Гэта было звязана яшчэ і з веравызнаннем. Кожны сапраўды веруючы чалавек павінен быў успрымаць смерць як непазбежнае – далей душу чакае новы этап, новае “падарожжа”.

Сёння традыцыя фатаграфавання пахавання амаль што знікла. У некаторых раёнах Гродзенскай вобласці можна сустрэць рэпартажныя здымкі. Але нягледзячы на непапулярнасць працэдуры, усё ж такі некаторыя рытуальныя агенцтвы сярод сваіх паслуг прапануюць і фотаздымку.

— Як асабіста вы ставіцеся да такіх фатаграфій?

— Цяпер здымкі памерлых, ці жывых на фоне памерлых поўняцца прымхамі і забабонамі, ад такой спадчыны спяшаюцца пазбавіцца. Наша грамадства, цывілізацыя развіваюцца і імкліва крочаць наперад, а стаўленне да шмат якіх бытавых працэсаў ці рэчаў прыкметна рэгрэсуе і па якасці забабонаў ужо можа раўняцца з успрыманнем першабытным чалавекам. Я ў такіх здымках нічога страшнага ці палохаючага не бачу – гэта частка культуры.

На вялікі жаль, аналагічнага лёсу не пазбягаюць і проста старыя сямейныя здымкі. Уладальнікі надзяляюць іх здольнасцю сурокаў, навядзення няшчасця, не бачаць у іх мастацкай вартасці, адпраўляюць у печ ці на сметнік. Тым самым мы, даследчыкі і захавальнікі нашых традыцый і культуры, губляем каштоўны пласт нашай гісторыі – праўдзівыя, зафіксаваныя выявы твараў, строяў, святаў і момантаў жыцця.

Інга ГІЗ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *