Боль Чарнобыля

Общество

Чарнобыль. Менавіта так называюць шматгадовую травяністую расліну сямейства складанакветкавых з чырванавата-бурым сцяблом, якая з’яўляецца разнавіднасцю палыну. Такую асацыяцыю выклікала і так трактавалася гэта паняцце да 26 красавіка 1986 года. Сумная дата зрабіла слова мнагазначным, надала яму палыновай горычы. 38 год таму цывілізаванае грамадства скаланулася ад страшнай падзеі — выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Тэхнагенная катастрофа стала нечаканай навіной, змяніла звыклы і размераны ход падзей. Пазней творцы слова, мастакі і музыканты не раз звярталіся да тэмы Чарнобылю, паказваючы ўвесь жах падзеі. Для кожнага з нас радыяцыйная аварыя застаецца сумным фактам гісторыі, аднак ёсць і тыя, для каго Чарнобыль – асабісты боль і незагойная рана, якая крывавіць і сёння.

Валянціна Іванаўна Каман­дзірчык, жыхарка нашага горада, калісьці жыла на Гомельшчыне. Жанчына ўсёй душой любіла сваю маленькую радзіму. Тут жылі яе родныя і блізкія, тут яна планавала будаваць светлую і шчаслівую будучыню. Аднак з-за трагедыі яе шчырым марам не ўдалося спраўдзіцца. Валянціна Іванаўна і сёння ў думках часта вяртаецца ў той сонечны красавіцкі дзень, калі яна, узяўшы адгулы на працы, прыехала да бацькоў мужа, каб дапамагчы пасадзіць бульбу. Хата бацькоў знаходзілася за трыццаць кіламетраў ад станцыі, у Брагінскім раёне. Свякроў чакала зяця з Афганістана. Усе рыхтаваліся да гэтай падзеі: фарбавалі фасад дома, прыбіралі, пралі. А ноччу сям’я спала з расчыненымі вокнамі, каб не адчуваць паху свежай фарбы. На наступны дзень планавалі талакою пасадзіць бульбу. З самай раніцы прыехаў малаказборшчык. Ён расказаў, што яго сын, які працаваў выратавальнікам у мясцовым аддзеле МНС, не вярнуўся з дзяжурства, бо на Чарнобыльскай станцыі адбылася нейкая надзвычайная сітуацыя.

Гэта інфармацыя выклікала насцярожанасць і трывогу, аднак сапраўднае ўсведамленне сур’ёзнасці падзеі прыйшло крыху пазней, калі ў вёску з сірэнай імчаліся аўтамабілі і аўтобусы для вывазу людзей з забруджанай зоны.

Першымі ў чарзе для эвакуацыі былі сем’і з дзецьмі. Валянціна Іванаўна разам з сястрой хутка сабралі дзяцей і пакінулі вёску. За вокнамі мільгалі знаёмыя пейзажы. Падавалася, што нічога такога не адбылося: па-ранейшаму свяціла сонейка, зелянелі лісточкі на дрэвах, цінькалі птушкі. У прыродзе назіралася гармонія, аднак недасягальныя для чалавечага вока працэсы ўсё ж адбываліся. Касметычны рамонт дома, грады, чаканне гасцей — усё гэта засталося ва ўчарашнім дні. У тым дні, які быў напоўнены звычайнымі клопатамі і планамі. Аднак трагедыя цалкам перакрэсліла тыя намеры.

Бацькі мужа засталіся ў вёсцы, каб здаць скаціну. За ёй павінен быў прыехаць дадатковы транспарт. Людзям ва ўзросце складана было развітвацца са сваім падворкам, хатай, суседзямі, гаспадаркай. Цэлае жыццё прайшло ў гэтай вёсачцы, дзе з кожнай сцяжынкай звязаны пэўныя ўспаміны.

Другога мая Валянціна Іванаўна паехала да сваіх бацькоў, якія жылі ў Веткаўскім раёне. Населены пункт знаходзіўся за 150 км ад рэактара. Жанчына памятае, як яна разам з роднымі садзіла бульбу. Калі яна дакраналася да сырой зямлі, то адчувала паколванне ў пальцах і горыч у роце. Родныя супакойвалі, кажучы, што жанчыне гэта ўсё падаецца. У 1990 годзе бацькі Валянціны Іванаўны таксама пакінулі сваё гняздо. Дом, дзе прайшло дзяцінства Валянціны Камандзірчык, у адзін момант асірацеў. Такі ж лёс чакаў і іншыя дамы ў населеным пункце. Усё, быццам, заснула, знерухомела, застыла.

Па-рознаму склаліся лёсы перасяленцаў. Пакінуўшы свае наседжаныя гнёзды, яны накіраваліся ў розныя бакі. Валянціну Іванаўну лёс закінуў на Ашмяншчыну. Тут пачалася новая старонка ў яе жыцці. Першыя месяцы жыцця былі асабліва складанымі: прыходзілася прызвычайвацца да новых кліматычных умоў, менталітэту мясцовых людзей, іншых звычаяў. Час ад часу яна вярталася ў мінулае, прыгадвала родны дом, Гомельшчыну з яе адмысловай прыродай і стракатымі краявідамі. За некалькі дзесяцігоддзяў, пражытых у Ашмянах, жанчына цалкам прызвычаілася да рэгіёна, знайшла сяброў, вывучыла мясцовыя традыцыі.

Прыязджаць у адселеную зону былым жыхарам можна толькі раз у год — на Радаўніцу. Гэтыя візіты заўсёды выклікаюць цэлую палітру пачуццяў і эмоцый, бо памяць яшчэ захоўвае тыя каляровыя моманты шчаслівага жыцця. Прыгадваюцца яскравыя карціны ранейшага жыцця, бацькоўская хата, дзе было заўсёды цёпла і ўтульна. Аднак сцежкі да яе даўно зараслі чарнобылем і іншымі дзікарослымі раслінамі. Гледзячы на гэтую карціну, жанчына ўзносіць вочы да неба, дзякуе Богу за магчымасць дыхаць свежым паветрам, любавацца кветкамі і травамі, шчыраваць на ўласным агародзе. Гэтыя простыя рэчы, якія многім падаюцца натуральнымі, надзвычай каштоўныя для жанчыны, бо яна ведае высокі кошт дабрабыту.

Марта БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *