У квартале Будаўнікоў уздоўж дарогі размесціцца алея жывых ліхтароў

Культура

 

Ашмяны рупліва рыхтуюцца да свайго слаўнага юбілею — 680-годдзя са дня заснавання. Блукаючы па вуліцах горада, ашмянцы ўжо змаглі заўважыць, як змяняецца іх родны куточак і літаральна патанае ў кветках і зеляніне.

Яшчэ адзін цудоўны падарунак з нагоды свята атрымаюць жыхары горада. У квартале Будаўнікоў уздоўж дарогі размесціцца алея жывых ліхтароў, якая, несумненна, у будучыні стане візітоўкай названага раёна горада.

Фото использовано в качестве иллюстрации

Раённы выканаўчы камітэт прапанаваў увасобіць ідэю незвычайнай зоны адпачынку арганізацыям і прадпрыемствам Ашмяншчыны. Так, на прапанову адгукнуліся ТАА “Граніт+”, ААТ “Будаўнік”, філіял Ашмянскіх электрычных сетак РУП Гроднаэнерга, ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” і “Ашмянскі сыраробны завод” філіял ААТ  “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”.

Адметнасць гэтай алеі звязана з незвычайнай формай ліхтароў, якія будуць атачаць ажурныя каваныя лаўкі з драўлянымі элементамі. Стваральнікі будучай алеі жывых ліхтароў не адкрываюць усе таямніцы будучага падарунка, але вядома,  што квартал Будаўнікоў упрыгожыць рамантычная лаўка, сядзенне якой у форме двух пераплеценых сэрцаў сімвалічна будуць абараняць ліхтары–“закаханыя”. Дугападобная “лаўка прымірэння”  будзе збліжаць тых, хто ў парыве засмучаных пачуццяў захоча сесці як мага далей адзін ад аднаго. Закаханыя ашмянцы змогуць сустракацца пад аховай такіх жа “закаханых ліхтароў” і хаваць свае пачуцці ад поглядаў мінакоў пад вялікім каваным парасонам.

Восем арт-аб’ектаў будуць падрыхтаваны індывідуальна рукамі майстроў-кавалёў. Ужо вядома, што некаторыя ідэі будуць увасабляць у жыццё супрацоўнікі ААТ “Будаўнік” і індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Сямёнаў (“Кузнечный хутор”).

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *