Ашмяны рыхтуюцца да юбілею горада

680-летие г. Ошмяны Общество

 

Сёлетні год для райцэнтра юбілейны. Да 680-годдзя, якое Ашмяны адзначаць у верасні, горад упрыгожваецца, набывае сучасны выгляд. Камунальшчыкі паклапаціліся пра добраўпарадкаванне ў гарадскім парку.

Дзякуючы фінансаванню з мясцовага бюджэту, якім выдаткавана больш за 15 тысяч рублёў, яшчэ напярэдадні 9 Мая тут з’явіліся новыя лаўкі, сметніцы былі заменены апоры асвятлення і ліхтары.

Радуе позірк і абноўленая кветкавая кампазіцыя, якая міжволі нагадвае словы Максіма Багдановіча: «І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага узора, цвяток радзімы васілька». Здаецца, дробязь — высеклі кусты абапал дарожкі, а стала больш прасторна. Напрыканцы мінулага года было знесена некалькі старых будынкаў. Так, лапік за лапікам, месца адпачынку ашмянцаў  набывае новы выгляд.

Літаральна на днях адмысловыя тумбы з кветкамі ўсталявалі на гарадской плошчы. Плануецца, што да намаганняў камунальшчыкаў, якія рыхтуюць яшчэ некалькі сюрпрызаў, далучацца арганізацыі і ўстановы раёна, а вырабленыя імі малыя архітэктурныя формы лагічна дапоўняць гарадскія пейзажы.

Зрэшты, у гэты малюнак ужо арганічна «ўпісаліся» два новыя аўтобусныя павільёны, якія з’явіліся на вуліцы Савецкай.

Гледзячы на зробленыя справы і намаганні, хочацца, ведаеце, як на камп’ютары, націснуць клавішу «Захаваць». Шкада толькі, што некаторым такое жаданне не ўласціва.

Людміла РЫБІК.

Фото Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *