Гальшанцы справілі Дажынкі

События

Важнае свята для кожнага хлебароба – дажынкі – у СВК “Гальшанскі” прайшло з вялікім размахам. Адначасова адзначылі і Дзень аграгарадка.

Вядучыя мерапрыемства Надзея Рыбакова і Настасся Зянкевіч у шматлюднай зале ўрачыста аб’явілі, што ў гаспадарцы ўбраны апошні каласок з палёў, і нагадалі: “Каб жніво правесці своечасова і без страт, каб збожжа магутнай залатой ракой палілося ў засекі гаспадаркі, трэба дружна талакой узяцца за працу, і тады ўсё абавязкова атрымаецца”.

Традыцыйна на дажынкі запрашаюцца Жыцень (Вадзім Лукашэвіч) з Талакой (Вольга Кузьміцкая). Пад песню, якая суправаджала ўрачыстае шэсце вакальнага жаночага гурта “Зараніца”, быў унесены сімвал багацця і сілы роднага краю – дажыначны сноп. Яго па традыцыі ўручылі старшыні СВК “Гальшанскі” Мікалаю Праўко.

З вялікім хваляваннем і адначасова гонарам за хлебаробаў кіраўнік гаспадаркі прыняў сімвал дабрабыту, багацця і гасціннасці – каравай, выпечаны з зерня новага ўраджаю.

Духмяны важкі каравай – гэта яшчэ і сімвал хлебаробскай працы, намаганняў тых людзей, якіх ушаноўвалі на дажынках. Ім, героям жніва-2012, лепшым з лепшых, сёлета кланяюцца не толькі гальшанцы, але і госці ўрачыстасці.

За высокія паказчыкі на ўборцы, адвозцы збожжа, давядзення яго да патрэбных стандартаў камбайнераў, вадзіцеляў і загадчыкаў зернесушыльных комплексаў, заняўшых першыя месцы, Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі ўзнагародзіў старшыня СВК. Сярод іх — экіпаж Пятра і Дзмітрыя Пазнанскіх, які на камбайне “Лексіён-560” намалаціў 1699 тон зерня і 209 тон рапсу; экіпаж Аляксандра Цвіковіча і Андрэя Яковіча, які на камбайне “Палессе ЖС-12” намалаціў 1494 тоны зерня і 25 тон рапсу; экіпаж Аляксандра Кошчыца і Сяргея Каралевіча, які на камбайне “Ліда-1300” намалаціў 731 тону зерня. Высокіх рэзультатаў на жніве дабіліся і вадзіцелі: Вацлаў Чаплінскі на машыне МАЗ-555102 перавёз 1475 тон зерня; Мікалай Шыдлоўскі даставіў на зернесушыльны комплекс на машыне ГАЗ-53 951 тону зерня. На зернесушыльным комплексе “Гальшаны” (загадчык Вольга Чымбар) прасушана звыш 12 тысяч тон зерня.


Пад шчырыя апладысменты на сцэну падняліся лепшыя камбайнеры, якія выканалі і перавыканалі план па ўборачнай кампаніі: экіпажы Генрыха Скаржынскага і Валерыя Цыбоўскага, Уладзіміра Сасноўскага і Віктара Дзенісенкі, Алега Чымбара і Андрэя Сарокі, Станіслава і Дзмітрыя Даніленкаў, Віктара Часналовіча і Івана Мацавіча, Віктара Збароўскага і Андрэя Канавалюка, Івана Рароўскага і Андрэя Чаплінскага, Іосіфа Чымбара і Максіма Міхневіча, Пятра і Дзмітрыя Пазнанскіх, Аляксандра Цвіковіча і Андрэя Яковіча, Аляксандра Кошчыца і Сяргея Каралевіча.

Грашовую прэмію з рук Мікалая Праўко атрымаў і старшыня Гальшанскага сельвыканкама Войцех Коўзан, які другі год запар падчас жніва працуе на зернесушыльным комплексе.

Са святочным віншаваннем і падзякай за плённую працу да гальшанскіх хлебаробаў звярнуліся ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Юрый Адамчык, начальнік аддзела адукацыі, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Наталля Кучынская і дырэктар СШ №1 г.Ашмяны Міхаіл Гружэўскі.
З вялікім гонарам за сёлетні вынік плённага жніва, з асаблівай увагай і падзякай да механізатараў, камбайнераў і памочнікаў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў, жывёлаводаў і загадчыкаў фермаў, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да сёлетняга рэкорднага намалоту збожжа, звярнуўся Мікалай Праўко.

А якое ж свята хлебаробаў без частавання смачным і духмяным караваем? Гальшанскія дажынкі не сталі выключэннем. Кожны, хто прыйшоў на свята, змог пакаштаваць караваю, адчуць яго непаўторны водар і смак.

Напрыканцы мерапрыемства вядучыя пажадалі ўсім моцнага здароўя, плённай працы на гальшанскай зямлі, каб у кожнай хаце заўсёды лунаў водар духмянага хлеба – вянец хлебаробскай справы, галоўнае багацце нашай Радзімы.

Удзельнікам дажынак шчыра дарылі святочны настрой салісты дзіцячага гуртка эстрадных спеваў “Жамчужыны”, народны ансамбль цыганскай песні і танца “Джана Рома”, народны сямейны калектыў “Граўжанцы”, народны тэатр песні і танца “Імпульс” РДК, жаночы гурт “Зараніца” і салісты Гальшанскага СДК, а таксама работнікі Кальчунскага СДК.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: каравай у руках старшыні Мікалая Праўко; (злева направа) галоўны аграном Валянціна Чаплінская, намеснік старшыні Міхаіл Скаржынскі, загадчык зернесушыльнага комплексу Вольга Чымбар.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *