Як сабака з Гальшан пераадолеў дзве тысячы кіламетраў і апынуўся ў крэсле прэм’ер-міністра Літвы

 

Я вельмі люблю чытаць кнігі пра сабак. Са старонак такіх выданняў заўсёды вее дабрынёй, цеплынёй і спагадай. Гэтыя  кнігі саграваюць сэрца і адкрываюць душу для нечага новага і невядомага. У іх, нібы ў цёплы плед, можна захутацца марозным вечарам і падарожнічаць разам з пухнатымі, няўрымслівымі сябрамі, не ўстаючы з канапы.

Гартаючы старонкі кніг пра сабак, усё больш разумееш, што ў кожнай жывёлы ёсць свой лёс і сваё прызначэнне. Так, як і ў звычайнага пухнатага дварняка з Гальшан, які вельмі любіў бавіць час на замчышчы. А неўзабаве за невялікі адрэзак часу зрабіў самую ашаламляльную сабачую кар’еру ў свеце – ад беларускага вандроўніка да сябра літоўскага прэм’ер-міністра.

Нядаўна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Таццяна Лаўрыновіч размясціла кнігу Alšis iš Alšėnų (“Гольша з Гальшан”) літоўскага падарожніка і фатографа Гінтараса Калцяніса і запытала ў падпісчыкаў: можа, хто дзесяць гадоў таму страціў свайго сабаку ля замка, ці, магчыма, у ілюстрацыях і малюнках Дайвы Кібілдзітэ пазнаў свайго чатырохлапага сябра. На жаль, ніхто не адгукнуўся…

Кніга Alšis iš Alšėnų — аб жыцці, аб сапраўдных жыццёвых каштоўнасцях, сяброўстве і адданасці, неверагодным збегу абставінаў, шанцаванні і ўпартасці. Незвычайная гісторыя самага вядомага дварняка Літвы пачалася ў 2010 годзе ў Гальшанах. Сабака блукаў ля руінаў замка Сапегаў, дзе яго і заўважылі літоўскія вандроўнікі на конях, якія накіроўваліся да Чорнага мора шляхамі вялікага князя Вітаўта.

У адным з інтэрв’ю аўтар кнігі расказваў, як ён разам з вершнікамі, набліжаючыся да замка, заўважыў сабаку. Той убачыў клубы пылу, які ляцеў з-пад капытоў, і каб лепш разгледзець, што адбываецца, падняўся вышэй на адну з цагляных сцен замка. Ён доўга, нерашуча і баючыся, назіраў за вершнікамі і коньмі, але не вытрымаў і пайшоў на пах літоўскіх дэлікатэсаў. За адвагу вандроўнікі падзяліліся з пухнатым госцем каралеўскім абедам.

Дзіўна, але пасля таго, як вершнікі рушылі далей па маршруце “2000 кіламетраў гісторыі”, сабака не разгубіўся, а пабег следам за коньмі. Літоўскія вандроўнікі вырашылі не праганяць яго, а прынялі ў сваю кампанію і далі мянушку Альшыс у гонар князя Гольшы, заснавальніка роду Гальшанскіх.

Так беларускі сабака стаў князем Альшысам, сябрам вершнікаў і падарожнікам, які пераадолеў амаль дзве тысячы кіламетраў. Ён крочыў пешшу, бег побач з коньмі і скакаў на конях, пад’язджаў на машыне… Як бы цяжка ні было пухнатаму князю, але ён змог дабрацца да Чорнага мора і ў яго хвалях намачыць свае стомленыя лапы.

Гістарычнае падарожжа чытырохлапага князя Гольшы пралегла праз некалькі краін і завяршылася ў Літве, дзе ён канчаткова абжыўся, а яго фотаздымак з’явіўся ўжо ў літоўскім пашпарце (ветэрынарным, канешне!). Менавіта наш Гольша – адзіны сабака, якому давялося пасядзець у крэсле прэм’ер-міністра Літвы Андруса Кубілюса, якога наведвалі новыя гаспадары жывёлы.

Альшыс паспеў стаць героем рэпартажаў на тэлебачанні і ў газетах, у інтэрнэце, і цяпер можна знайсці відэагісторыю літоўскага сабакі з беларускімі каранямі.

Пасля падарожжа Альшыс пасяліўся ў  горадзе Пакроісе ў аднаго з удзельнікаў пахода Антанаса Нарсантаса, дзе і пражыў да канца свайго шчаслівага і цікавага жыцця. Разам з Альшысам пераехаў і яго сябра — жарабец Кактус (Kaktusas). Гаспадар расказваў, што пакуль Альшыс не пайшоў з жыцця, сабака і конь былі лепшымі сябрамі і не маглі пражыць ні дня адзін без аднаго.

Аўтар кнігі, удзельнік гістарычнага пахода Гінтарас Калцяніс у 2012 годзе прадставіў сваю першую кнігу Žygis žemaitukais iki Juodosios jūros: 2000 kilometrų istorijos, у якую ўвайшлі дзённікавыя запісы з гістарычнага падарожжа з Літвы да Чорнага мора ў гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. На пытанне, як з’явілася ідэя напісання кнігі аб гэтым паходзе, Гінтарыс адказаў, што хацеў зрабіць падарунак усім удзельнікам падарожжа. Менавіта таму ён стварыў цудоўную інтэрактыўную, пазнавальную, прыгодніцкую кнігу Alšis iš Alšėnai для дзяцей і дарослых.  А яшчэ гэта кніга не толькі пра сяброўства і сабаку, але і пра князя Гольшу, у гонар якога быў названы чатырохлапы падарожнік-авантурыст, пра Вялікае Княства Літоўскае і яго багатую гісторыю.

Кацярына РУДЗІК.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля