Адвечны бег ганчарнага круга. Майстар-ганчар Мар’ян Козар

Культура

 

Спакон веку ганчары былі на асаблівым рахунку. Ва ўяўленнях людзей за кручэннем ганчарнага круга заўсёды хавалася нейкая прывабная таямніца, а ў водблісках полымя ганчарнай  печы бачылася асаблівай моцы ачышчальная сіла. Сам жа ганчар уяўляў сабой вобраз пераўтваральніка грубай матэрыі ў нешта ўзвышанае, пры стасунках з якім свядомасць чалавека прасвятлялася, а сіла духу неймаверна ўзрастала.

Вытокі

Ідучы ў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, каб пагутарыць  з майстрам-ганчаром Мар’янам Станіслававічам Козарам, хацелася  пазнаёміцца з яго работамі, даведацца пра таямніцы ганчарнага майстэрства, а атрымалася гутарка пра шлях чалавека-творцы.  Ды і  думкі пра сакральнасць  ганчароў знайшлі сваё  пацвярджэнне.

Адкуль  вытокі таленту  Мар’яна, цяга да прыгожага, прасторавае бачанне, уменне  адрозніваць адценні і нюансы колеру? Магчыма, адказ трэба шукаць у генетычных хітраспляценнях яго роду. Маці нашага героя  нарадзілася ў вёсцы   Ганчары  Іўеўскага раёна. Назва населенага пункта яскрава сведчыць пра сваё паходжанне і тое, чым займаліся першыя жыхары гэтага селішча. Бацька шыў кажухі, праўда, Мар’ян яго амаль не памятае – яго не стала, калі хлопчыку было пяць год.  Сам Мар’ян нарадзіўся ў вёсцы Падгаі Граўжышкоўскага сельскага Савета.  Мабыць, маляўнічыя мясціны  дзяцінства, іх прыгажосць і  велічны спакой таксама паспрыялі    таму, што зярняткі творчасці пакрысе прарасталі ў душы. Разуменне таго, што   мае мастацкія здольнасці, прыйшло да Мар’яна не адразу. Спачатку была вучоба ў Ашмянскай школе-інтэрнаце  – маці складана было адной падымаць чацвярых дзяцей, ды і да школы дабірацца было далёка. Затым была армейская служба ў Германіі.  Мабыць, там канчаткова і вырашыўся яго   далейшы шлях у мастацтва. Мар’ян успамінае, як у вольны час маляваў саслужыўцам “дэмбельскія” альбомы, і як яны карысталіся попытам.  Пасля арміі паспрабаваў паступіць  у мастацка-рэстаўрацыйнае вучылішча ў Міры – атрымалася. Там ён займаўся скульптурай, жывапісам, разьбой, ганчарнай і будаўнічай справамі. Усе гэтыя віды мастацтва абавязкова патрэбна было  асвоіць будучаму рэстаўратару помнікаў каменнага дойлідства – менавіта такую нялёгкую, але цікавую спецыяльнасць абраў для сябе Мар’ян. Пазней ён атрымаў прафесію тэхніка-будаўніка, закончыўшы індустрыяльна-педагагічны тэхнікум у Мінску.

Праца, вандраванні, уражанні

Калі ехаць у Ашмяны праз Іўе, то нельга не заўважыць размешчаны на ўзгорку барочны храм, які як бы плыве над горадам.  Гэтаму адчуванню спрыяе і  статуя Ісуса Хрыста, якая ўстаноўлена ў пачатку двухтысячных ля ўвахода на тэрыторыю касцёла.  Хрыстос-Валадар – так называецца статуя  – як бы абымае рукамі горад. Зрабіў яе Мар’ян Козар па ўзору з паштоўкі, прывезенай ксяндзом іўеўскага касцёла Янам з Партугаліі. Пра гісторыю стварэння скульптуры ўжо пісаў “Ашмянскі веснік”. Ні ў адной крыніцы вы не знойдзеце звестак пра аўтара статуі — ён сціпла застаўся ў цені, толькі  беражліва захоўвае пастырскае блаславенне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча за творчае ўвасабленне хрысціянскай думкі і выкананую працу. А  Хрыстос-Валадар стаў візітоўкай горада. Дзякуючы статуі Ісуса, зробленай па падабенству са скульптурай Хрыста з партугальскага горада Алмада,  Іўе   ў турыстычных колах  называюць  “беларускім Рыа”.

Костёл в Ивье

Мар’ян  пакінуў свой след не толькі ў Іўі, але і на Міншчыне, Слонімшчыне, Смаргоншчыне, у Архангельску. Усюды, дзе б ён ні быў, яго цікавілі помнікі дойлідства, іх гісторыя, тэхнічныя характарыстыкі, будова і людзі.

Ён працаваў над аднаўленнем храма Святой Жыццепачатнай Троіцы ў вёсцы Бытча Барысаўскага раёна. Накрываў меддзю дах званіцы  ў вёсцы Вялікая Кракотка, якую з лёгкай рукі  Уладзіміра Караткевіча называюць слонімскай Швейцарыяй. Там  у 2009 годзе быў адкрыты  Свята-Зосіма-Саваціеўскі  мужчынскі манастыр у гонар   прападобных Салавецкіх цудатворцаў  Зосімы, Савація і Германа.

Затым жыццё накіравала яго ў вёску Багушы Смаргонскага раёна, дзе ён працаваў над дахам капліцы  жаночага манастыра ў гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы.  Манастыр узнік на месцы, дзе падчас Першай сусветнай вайны змагаўся жаночы батальён смерці Марыі Бачкаровай  і дзе ў баі загінула каля 80 дзяўчат.

Жыццё ўвесь час невыпадкова сутыкала Мар’яна з цікавымі, творчымі і самаахвярнымі людзьмі:  майстрам Казімірам Адамовічам з Воранава, айцом Міхеем з Вялікай Кракоткі, матушкай Елісаветай з Багушоў, мецэнатам Аляксандрам Арцюховічам, якія пакінулі свой след у душы і сталі духоўнымі настаўнікамі.

Таямніцы ганчарства

На працягу амаль чатырох год Мар’ян Козар працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Пачынаў працаваць яшчэ, калі цэнтр знаходзіўся ў Палянах, толькі не з глінай, а з дрэвам. Калі загадчыца аддзела   Валянціна Свірская  прапанавала  працаваць з глінай, з радасцю згадзіўся – ганчарства і лепка неяк бліжэй да душы, чым разьба. Ды і было на чым працаваць: і электрычны ганчарны круг, і электрычная печ для абпалу гліняных вырабаў у аддзеле ўжо былі, а гліны ў нашай мясцовасці хапае. З радасцю ўзнавіў веды па ганчарстве, наведаўшы спецыялізаваныя курсы ў Мінску.

На сценах у аддзеле – выявава гальшанскай Белай Панны,  медальёны з выявамі жывёл і гярбоў, на паліцах — посуд для розных патрэб, скульптуры жывёл, Гальшанскі замак, цацкі. Зразумела, што ўсё гэта – з гліны. Матэрыял Мар’ян збірае сам, прасейвае яго, надае патрэбную эластычнасць. Гаворыць, што працаваць з “жывой” глінай складана, але цікава. Майстар не дабаўляе ў яе пластыфікатар, дабіваецца пластычнасці і мяккасці сам, пакрысе пазнаючы  тонкасці работы з капрызным матэрыялам.

Зразумела, вельмі хацелася ўбачыць майстра за работай на ганчарным крузе. Літаральна за некалькі хвілін на маіх вачах кавалак гліны ператварыўся ў кубак. Здаецца, што ўсё адбылося вельмі лёгка. Вось пачаў свой бег ганчарны круг,      бясформенны матэрыял  пад рукой майстра паслухмяна  выцягваецца ўверх — праяўляецца знешняя форма, затым майстар, прыціскаючы  гліну ўсярэдзіне  ўніз,    прымушае  яе разыходзіцца, разбягацца ў бакі, і  з’яўляюцца сценкі пасудзіны.  Але па тым, як грунтоўна Мар’ян сядае ля круга, як устойліва абапіраецца локцямі, каб не варухнуцца, пахіснуцца  ў час працы, як увесь час трымае напружанымі рукі, разумею, што лёгкасць зманлівая. Трэба адчуваць рукамі форму, таўшчыню сценак, дно: адзін няправільны рух, лішняе імгненне  — і пачынай працу спачатку. У старажытныя часы, калі толькі з’явілася ганчарства, яно было жаночай справай, але са з’яўленнем ганчарнага круга праца з глінай з жаночых далікатных рук нездарма перайшла ў моцныя мужчынскія.

Перш, чым сесці за ганчарны круг, майстру трэба намаляваць у сваім ўяўленні, а затым і на паперы жаданы вобраз, магчыма, не раз. Наогул, Мар’ян лічыць, што трэба маляваць, маляваць і маляваць,  увесь час развіваць пачуццё прасторы, вучыцца бачыць як мага больш адценняў.  Ганчара ён параўноўвае з  хірургам. Рукі і аднаго, і другога павінны быць моцнымі і далікатнымі, лёгкімі і дакладнымі, а ў галаве павінен быць выразны вобраз і падрабязны план яго ўвасаблення.

Стварэнне вырабу на крузе ці яго лепка – гэта яшчэ зусім не канец работы. Вырабу патрэбна высахнуць у пэўных умовах, тут трэба вытрымаць і час, і  тэмпературу.  Затым выраб пакрываецца глазурай. Тут таксама існуюць свае хітрасці: і ў спосабе глазуравання, і ў выбары матэрыялу: малако, кефір, расліннае масла. Можна не глазураваць, а абпальваць гліну, і атрымліваецца  тэракотавы выраб. Глазураванне кефірам, напрыклад,  надае гліне своеасаблівы цёмны дымчаты колер.

Склалася ўражанне, што   лепшыя  работы майстра яшчэ наперадзе. Пошукі сябе прывялі яго да ганчарства, мабыць, нездарма. Яго духоўныя памкненні знайшлі сваё выйсце. “Трэба ствараць толькі добрыя і светлыя вобразы, каб яны дапамагалі людзям, неслі цяпло і прыгажосць,” – перакананы Мар’ян Козар. А яшчэ ён лічыць, што сапраўдны майстар – не той, хто выдатна валодае тэхнікай, а той, хто можа дапамагчы нежывому матэрыялу загучаць, загаварыць.

Круціцца ганчарны круг  і  апявае адвечную песню жыцця. Яго бег  нараджае зноў і зноў новыя вобразы і выдатныя тварэнні, ён – па-за часам і прасторай, ён не спыняецца, дапускаючы служыць сабе толькі пакліканых.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *