Ведаеце статую Ісуса Хрыста ў Іўі? Яе зрабіў наш зямляк Мар’ян Козар

Культура

Маё завочнае знаёмства з таленавітым, але амаль нікому невядомым земляком адбылося сёлетняй вясной. Падчас прэс-тура па Іўеўскай зямлі пробашч мясцовай парафіі Ян Гавецкі паведаміў цікавую інфармацыю: статуяй Ісуса Хрыста, якая ўзвышаецца побач з касцёлам у Іўі, нашы суседзі абавязаны жыхару Ашмянскага раёна Мар’яну Козару.

Велічную скульптуру, якая быццам абдымае іўеўчан, напэўна, бачылі многія. Як і сам храм, размясцілася статуя вельмі ўдала, на адной з найвышэйшых кропак горада. Адныя называюць яе паменшанай копіяй вядомай статуі Збаўцы з Рыа-дэ-Жанейра, другія з веданнем справы сцвярджаюць, што гэта копія статуі Хрыста-Уладара з партугальскага горада Алмада. Пацвердзіць або абвергнуць здагадкі, разумела я, пад сілу толькі майстру.

Костёл в Ивье
Фота poshyk.info

Аднак яго пошукі тады, у маі, пайшлі ў няправільным напрамку. Ксёндз дакладна не ведаў месца жыхарства Мар’яна Козара, паведаміў толькі, што той з Гальшанскага краю. Праўда, у Гальшанскім сельвыканкаме такога майстра не ведалі.

І вось праз некалькі месяцаў высвятляецца, што той самы Мар’ян Козар працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры вёскі Паляны, часта ўдзельнічае ў выставах, прымеркаваных да розных святочных урачыстасцей. Яго вырабы ўпрыгожваюць не толькі ўстанову культуры, радуюць сяброў, але і прыносяць сапраўднае эстэтычнае задавальненне аматарам прыгожага. Адныя набываюць падчас выстаў яго вырабы з дрэва, другім больш даспадобы жывапіс.

Мар’ян жа самай значнай сваёй работай лічыць, канешне, статую Ісуса Хрыста і ахвотна расказвае гісторыю яе стварэння.

— Яшчэ ў 90-я гады я выразаў з дрэва двухметровае ўкрыжаванне ў Іўеўскую капліцу. Ксяндзу вельмі спадабалася работа, ён загарэўся ідэяй стварэння копіі статуі з Рыа. Яго запал перадаўся і мне, — успамінае Мар’ян Станіслававіч. — І хаця праца над праектам ішла не хутка, з перарывамі, я адчуваў, што павінен яе скончыць. Спачатку вылепіў скульптуру з гліны, пасля адліў кускавую форму з гіпсу. Для трываласці выкарыстоўваў арматуру. Менавіта яна дазваляе статуі смела “глядзець” у твар дажджам і вятрам, вытрымліваць высокую паруснасць. Дарэчы, у якасці падмурка выкарыстана цэлая рама ад КамАЗа ці ЗІЛа.

Працуючы над статуяй у Іўі, Мар’ян Станіслававіч шукаў вобраз, які будзе апорай для людзей, таму яго Ісус абдымае гараджан і гасцей райцэнтра. Не менш сімвалічны і сам пастамент, выкананы ў выглядзе сэрца з промнямі, якія плаўна пераходзяць у прыступкі. А драпіроўка, удакладняе майстар, павінна нагадваць полымя, у якім Сын Божы згарае дзеля людзей.

статуя христа в ивье

Таленавіты і ў той жа час сціплы па натуры, Мар’ян Станіслававіч амаль нікому не расказвае пра сваю выдатную працу. Кажа, што найлепшая ўзнагарода для яго – захапленне, з якім турысты наведваюць мясцовую славутасць.

Свае здольнасці да лепкі, разьбярства Мар’ян заўважыў яшчэ ў юнацтве. Зацікавіўся аб’явай у газеце і вырашыў паступаць у Мірскае вучылішча (зараз Мірскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж). Там два гады спасцігаў прамудрасці рэстаўрацыйна-узнаўляльных работ, вучыўся правілам лепкі, жывапісу. Ужо пасля, у дарослым жыцці, шмат ездзіў, вучыўся ў розных майстроў, стараўся прыкмячаць асаблівасці той ці іншай тэхнікі, выкарыстоўваць іх у сваіх работах, каб потым перадаць веды вучням. А іх ён сустрэў тут, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе дзякуючы падтрымцы тагачаснага кіраўніцтва знайшоў не толькі працу, але і сапраўдны прытулак свайму таленту.

Зараз Мар’ян Станіслававіч з аднолькавай асалодай бярэ ў рукі пэндзаль, прымушае ажываць гліну, знаходзіць незвычайныя кавалкі драўніны і ўвасабляе ў іх вобразы, якія бударажаць уяўленне майстра. Ён упэўнены, што талент, нібы хмара з вадой, павінен праз некага праліцца. Сваёй асабістай задачай Мар’ян Козар лічыць неабходнасць дапамагчы дзецям раскрыць свае здольнасці, навучыцца бачыць і ствараць прыгажосць. Пасля рамонту ў былым будынку аграрна-эканамічнага каледжа, куды пераязджае цэнтр рамёстваў, ён будзе весці гурток “Асновы выяўленчага мастацтва”. Магчыма, тады рукі дойдуць і да ўласных дачок Міланы і Ульяны, у якіх атрымліваюцца нядрэнныя малюнкі. Праўда, работа і будаўніцтва свайго дома адымаюць шмат часу – яго катастрафічна не хапае, каб дэтальна развіваць талент дзяўчат.

Зараз Мар’ян Станіслававіч у перамежках паміж рамонтнымі работамі ў новым памяшканні цэнтра працуе над драўлянай папараць-кветкай. Полае палена, якое, здаецца, для гэтай мэты стварыла сама прырода, выпадкова трапіла на вочы разьбяру, падсвядома ўзнік міфалагічны вобраз. Працу гэтую майстар плануе размясціць у цэнтры рамёстваў.

Сярод грандыёзных планаў, якія так і не атрымалася рэалізаваць, Мар’ян Козар называе статую Георгія Пераможцы на кані. Чамусьці менавіта яна бачыцца майстру побач з касцёлам у Ашмянах.

Напрыканцы нашай кароткай сустрэчы, падчас якой Мар’ян Станіслававіч часта ўспамінаў Божае наканаванне, не магла не пацікавіцца:

— Вы веруючы чалавек?

— Так, — не задумваючыся, адказаў майстар. – Сцвярджаць, што Бога няма, — тое самае, што сказаць сляпому, што не існуе сіняга колеру, або пераконваць глухога, што няма музыкі.

Гэтую музыку ён чуе кожны дзень і стараецца ўвасабляць у сваіх працах.

Людміла РЫБІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА и poshyk.info



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *