У СШ №2 прайшоў дзень інфармавання, прысвечаны Дню беларускай навукі

Общество

 

У мінулы чацвер у межах “Школы актыўнага грамадзяніна” прайшоў чарговы дзень інфармавання, прысвечаны Дню беларускай навукі. Дзевяцікласнікі СШ №2 разглядалі тэму: “Белорусская наука: в ногу со временем”.

Аб тым, як зрабіць навуку цікавай і простай для школьнікаў, дакладна ведае настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Інэса Барысевіч. Яна расказала вучням аб заснаванні Дня беларускай навукі і аб дасягненнях нашых навукоўцаў і даследчыкаў. Вучні СШ №2 таксама не адстаюць ад навуковага працэсу — у школе больш за дзесяць гадоў дзейнічае навуковае аб’яднанне “Эрудыт”. Юныя навукоўцы нават вырошчвалі крышталі, стваралі і распрацоўвалі духі. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць гісторыю горада, удзельнічаюць не толькі ў раённых і абласных, але і ў рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. З гонарам Інэса Генрыхаўна адзначае, што работамі школьнікаў, прадстаўленымі на “Гальшанскіх чытаннях”, зацікавіліся краязнаўцы і вучоныя.

Таленавітая, цікавая, творчая асоба, улюбёная ў гісторыю, дырэктар  краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Алена Жасткова размаўляла са школьнікамі аб тым, як развіваецца ў музеі навуковая дзейнасць і як, здавалася б, цяжкая навука звязана з паўсядзённым жыццём.

Яна адразу знайшла агульную мову са школьнікамі і змагла зацікавіць дзевяцікласнікаў гісторыяй роднага горада і незвычайнымі фактамі з мінулага Ашмяншчыны. Дзякуючы Алене Іванаўне ў музея з’явіўся профіль у Instagram, які, несумненна, цікавіць нашых школьнікаў.

Прысутныя на ўроку школьнікі даўно сябруюць з музеем: яны наведваюць музейныя заняткі і цікавяцца выставамі, ходзяць разам з настаўнікамі на экскурсіі. Але, не ўсё яны змогуць убачыць падчас такіх паходаў. Алена Жасткова адкрыла старшакласнікам таямніцы аб тым, як вядзецца навуковая дзейнасць, што папярэднічае выставам.

Дзеці з цікавасцю слухалі расказ Алены Іванаўны аб тым, з чаго пачалося яе захапленне гісторыяй і аб студэнцкіх гадах. Дарэчы, свае дыпломныя работы яна пісала аб Заходняй Беларусі, таму даўно знаёма з Ашмяншчынай і з задавальненнем прыехала сюды са сталіцы.

— Літаральна на днях падбірала плануемыя новыя назвы для дзвюх вуліц нашага горада ў раёне вуліцы Францішканскай і Часлава Янкоўскага, — расказвае Алена Жасткова. — Давялося ўзрываць вялікі пласт інфармацыі, каб знайсці навуковае абгрунтаванне, чаму менавіта адна ці другая назва мусіць быць на карце твайго горада. Спачатку ты займаешся навукай, а пасля можаш хадзіць і бачыць, што спрычынілася да гэтай важнай справы.

Сорак хвілін урока праляцелі на здзіўленне хутка, дзеці цалкам далучыліся да дыялогу з госцяй і, напэўна, паспелі запланаваць паход у музей.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *