У кожнай вёсцы, ад маленькай да сённяшняга аграгарадка, вякамі адзначаліся розныя святы: ці сямейныя, ці суседскія, ці агульныя для ўсіх. Апошнімі дзесяцігоддзямі паўсюдна традыцыйнымі сталі святы вёскі. Яны прымяркоўваюцца звычайна на летні час, у асноўным на “зацішак” палявых работ: пасля пасеву, сенакосу, перад жнівом.
Менавіта такі перыяд выбралі кіраўнікі Граўжышкоўскага сельвыканкама і праўленне мясцовага СВК для правядзення свята вёскі. У выхадны дзень, у самым яе цэнтры, на вялікай пляцоўцы каля будынка праўлення СВК і сельвыканкама адбываліся галоўныя мерапрыемствы святкавання. Жыхароў, што сабраліся на свята, павіншавалі вядучыя, назвалі найбольш працавітых, заслужаных людзей, якія шмат сіл і часу аддалі калгасу, мясцовым арганізацыям, школам. Сярод такіх і старэйшая жыхарка Граўжышак Эвеліна Іосіфаўна Сухажэўская, якой споўнілася 93 гады. Не забыліся аддаць даніну памяці землякам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Назвалі маладых жыхароў, якія выконваюць свой грамадзянскі абавязак – служаць у арміі. Гэта Максім Арцём, Максім Акулевіч, Аляксандр Кузьма.
Найбольш весела і гаманліва было на дзіцячай гульнявой пляцоўцы, дзе размяшчаўся атракцыён, запрошаны з Мінска. Дзеці цешыліся на надуўных горках, частаваліся попкорнам і салодкай ватай, радаваліся цёпламу летняму дню і святочнай атмасферы.
Парадавалі сваіх землякоў і мясцовыя артысты. Якое ж свята без іх! Шмат шчырых апладысментаў, як і заўсёды, дасталося ўдзельнікам сямейнага народнага ансамбля “Граўжанцы”. Удзячнымі былі арганізатары свята супрацоўнікам і артыстам з суседняга Кальчунскага сельскага Дома культуры, якія падзяліліся вопытам наладжвання масавых мерапрыемстваў. Цёпла і прыязна сустрэлі граўжанцы маладога ашмянскага саліста Вадзіма Лукашэвіча.
Па водгуках жыхароў, свята ўдалося. Яно не толькі спрыяла добраму настрою як дарослых, так і дзяцей, але і садзейнічала больш цесным, дружалюбным і сяброўскім адносінам паміж вяскоўцамі.
Г. ФАМІН.
Фота Эдварда БУЛКЕВІЧА.

