Ашмянцы адзначаюць Вадохрышча і акунаюцца ў купелі

 

На календары — сярэдзіна зімы і вялікае праваслаўнае свята — Богаяўленне (ў народзе — Вадохрышча), якое нагадвае нам пра хрышчэнне ў рацэ Іардан самога Ісуса Хрыста.

Для праваслаўных вернікаў яно пачынаецца ўрачыстай службай у царкве, на якой асвячаецца вада. Гэтай вялікай святыняй сёння людзі акрапляюць свае кватэры і рэчы, п’юць з малітвай і клапоцяцца, каб хрышчэнскай вады хапіла на цэлы год — да наступнага свята. Аднак запасацца цэлымі літрамі такой вады не варта. Святары тлумачаць, што нават кропля хрышчэнскай вады не страчвае цудадзейнай сілы і здольна асвяціць не адно вядро звычайнай…

Звычай акунацца ў Іардань — вадаём, на якім праведзены чын асвячэння, прыдуманы не дзеля спартыўных подзвігаў. Ён існаваў здаўна. Дарэчы, само слова «хрысціць» азначае «пагружаць у ваду», а сама вада, згодна са Старым Запаветам, з’яўляецца пачаткам жыцця…

Спакон веку асаблівасцю гэтых дзён студзеня з’яўляецца паніжэнне тэмпературы надвор’я. З прыродай не паспрачаешся. Парадавалі маразамі ашмянцаў і сёлетнія студзеньскія дні. Традыцыйна вадохрышчанскае купанне праводзіцца ў Ашмянах пасля богаслужэння ў храме Уваскрасення Хрыстова. Протаіерэй Пётр Пятлёха, благачынны цэркваў Ашмянскай акругі, і іерэй Сергій Мігель накіроўваюцца на вадаём у квартале Будаўнікоў.

Усе, хто прыйшоў на возера, найперш адзначылі сімвалічны выгляд купелі: ашмянскія выратавальнікі выразалі палонку ў выглядзе праваслаўнага крыжа ў ледзяным абрамленні. Работнікі ААТ “Будаўнік зрабілі драўляныя сходы і парэнчы, каб было зручна падыходзіць да купелі, а затым паднімацца наверх.

Пасля малітвы і асвячэння іардані настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова Пётр Пятлёха павіншаваў ашмянцаў са святам Богаяўлення і пажадаў адзначыць яго ў міры душэўным і радасці. З пажаданнем спакойных дзяжурстваў і поспехаў у службе звярнуўся святар да выратавальнікаў-пажарных, якія сёння святкуюць сваё прафесійнае свята.

На Вадохрышча ў Ашмянах акунаюцца і праваслаўныя, і католікі, і аматары «экстрыму», і тыя, хто пажадаў загартаваць арганізм ад хваробаў. Дарэчы, і ў праваслаўны храм за святой вадой таксама Такім чынам, гэта традыцыя яднае вернікаў розных канфесій — праваслаўных і католікаў. А гэта знак асаблівай Божай ласкі, бо Вадохрышча прыпадае акурат у першы дзень Тыдня малітваў за адзінства хрысціян.

Маразы не спалохалі вернікаў. Яны смела заходзілі ў купель і тройчы акуналіся ў святую ваду: з усведамленнем таго, што гэта працэдура ўмацоўвае іх веру. Пагружэнне ў халодныя воды іардані сведчыць аб веры чалавека ў непахісную сілу ласкі Боскай, якая зберажэ яго ў моцныя маразы, а таксама ад хвароб і немачы абароніць.

Сагрэцца пасля абраду можна было гарачым чаем. За захаваннем правапарадку сачылі праваахоўнікі. На ўсялякі выпадак дзяжурыла ля месца купання брыгада хуткай дапамогі. Пільна неслі сваю службу супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і выратавальнік раённай арганізацыі выратавання на водах.

У гэты дзень айцец Пётр асвяціў таксама ваду ў абсталяванай купелі ў в. Агароднікі, на тэрыторыі селекцыйна-племяннога цэнтра, і ў крыніцы, што цячэ побач.

У народзе лічыцца, што пасля Вадохрышча зіма паступова пачынае паварочваць на лета і казалі так: “Трашчы не трашчы, прыйшлі Вадохрышчы – не к Раству, а к Пятру”.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля