У Ашмянскім раёне рэалізуецца міжнародны праект YES!

Общество

 

Імкненне моладзі ў буйныя гарады можа прывесці да стагнацыі рэгіёнаў. Прадухіліць гэту праблему прызваны шэраг мер, якія прымае дзяржава: гарантаванае першае працоўнае месца, льготныя крэдыты для маладых спецыялістаў, дадатковыя выплаты…

Скіраваць намаганні  моладзі на  працаўладкаванне, на пераўтварэнне асабістых ідэй у жыццё, навучыць зарабляць грошы і, тым самым, павысіць  узровень якасці жыццядзейнасці ў сельскай мясцовасці – такую мэту ставіць міжнародны праект YES!, удзел у рэалізацыі якога прыме Ашмяншчына.

Праект “Скарачэнне беднасці шляхам працаўладкавання сацыяльна неабароненай моладзі ў менш развітых рэгіёнах Беларусі” рэалізуецца  Карытас Беларусь  па  ўсёй рэспубліцы пры падтрымцы Renovabis  (Германія) і Caritas Linz (Аўстрыя) з мэтай павышэння ўзроўню жыцця маладых людзей Беларусі ва ўзросце 18-35 гадоў, якія патрабуюць падтрымкі.

Як расказала падчас семінара менеджэр праекта Наталля Вішнеўская, працягвацца ён будзе больш за два гады пры непасрэдным удзеле Карытас Гродна і падрымцы  прадстаўнікоў мясцовай улады. Партнёрскія ўзаемаадносіны  ў межах праекта будуць пашырацца ва ўмовах  развіцця стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і пашырэння ініцыятывы па падтрымцы вытворчай дзейнасці, стварэння рабочых месцаў і падтрымцы прадпрымальніцтва.

У хуткім часе ў Ашмянах будзе адкрыты Рэгіянальны цэнтр развіцця сацыяльна-арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва, які стане кансультацыйным  цэнтрам для моладзі па падтрымцы ў галіне камерцыйнай дзейнасці. Спецыялісты шырокага профілю змогуць правесці  кансультацыі, даць  парады, дапамагчы з афармленнем дакументацыі. Маладыя людзі змогуць адказаць на пытанні, ці гатовыя яны да адкрыцця ўласнай справы, ці здольныя справіцца з тым ці іншым накірункам.

Падчас семінара, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, прадстаўнікі зацікаўленых сфер – адукацыі, сацыяльнай абароны, работы з моладдзю, а таксама партнёра праекта – супрацоўнікаў Белаграпрамбанка, было адзначана, што плануецца прыцягнуць да праекта звыш 100 жадаючых маладых людзей з Ашмянскага раёна, якія пройдуць бясплатнае навучанне па адукацыйных праграмах.

Зусім хутка распачнецца арганізацыя груп моладзі  для навучання, якое плануецца праводзіць з 2021 года.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *