Дзе ў Ашмянскім раёне можна браць пясок для будоўлі?

Общество

 

Штомесяц на планёрцы ў райвыканкаме абмяркоўваюць вынікі маніторынгу аб’ектаў, якія нясуць пагрозу здароўю і жыццю чалавека, наносяць страты экалогіі. Сярод іх — пясчаныя копанкі, якія ўзнікаюць то тут, то там у выніку гаспадарчай дзейнасці. «Чыёй?» — запытаеце вы. Адказаць — значыць схапіць за руку.

Такая задача, між іншых, стаіць перад раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Галоўная мэта  — не пакараць, а папярэдзіць няшчасце накшталт таго, якое адбылося сёлета ў Гальшанах.

Гравійна–сартавальны завод у Барунах рэалізуе пясок і друз розных фракцый

Зрэшты, часта спыніць тое ці іншае парушэнне ўдаецца менавіта дзякуючы ўдару па кішэні. А ён адчувальны. Так, некалькі тыдняў таму кампенсавала шкоду, нанесеную прыродзе, адно з прадпрыемстваў раёна, якое ажыццявіла забор пяску ў неўстаноўленым месцы. Такая самаволка каштавала яму каля 5 тысяч рублёў, суд прызначыў таксама адміністрацыйны штраф у памеры 10 базавых велічынь. Напэўна, танней было б пайсці законным шляхам. Якім? Адказ на гэта пытанне наш карэспандэнт спрабаваў знайсці ў супрацоўнікаў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Аказваецца, забор пяску для будоўлі і іншых мэтаў можна весці толькі ў прамысловых кар’ерах. У нашым раёне гэта тэарэтычна тры аб’екты — гравійна-сартавальны завод у Барунах, прамысловы кар’ер ААТ «Будаўнік» каля вёскі Лусцішкі і кар’ер Ашмянскага ўчастка ДРБУ-159 у Баранцах. На практыцы продаж пяску і друзу розных фракцый ажыццяўляе толькі гравійна-сартавальны завод.

Як паведамілі на прадпрыемстве, кошт 1 м3 пяску другога класа (для будаўнічых работ) складае 7 рублёў 13 капеек. Такім чынам, стандартны 20-тонны МАЗ (а гэта прыкладна 12 кубоў) абыдзецца ў 85 рублёў, праўда, без дастаўкі. Завод у Барунах такіх паслуг не аказвае. Давядзецца шукаць прыватніка або выпісваць транспарт у іншай арганізацыі. Клопаты, канешне, ёсць, аднак сумленне спакойнае.

Тэлефонны званок аднаму з прыватнікаў, якія шчыльна занялі існуючую нішу, паказаў: за 130 рублёў у Ашмяны гатовы прывезці 20 тон незаменнага на будаўнічай кухні складніка. Мужчына ўдакладніў, навошта пясок, і паправіў: «Калі для фундамента, то вам патрэбен гравій». Названы кошт уключае і цану груза, і дастаўку. Праўда, адкуль той гравій возьмецца, мне не паведамілі. Затое на гравійна-сартавальным заводзе расказалі, што некаторыя прыватнікі супрацоўнічаюць з імі на пастаяннай і афіцыйнай аснове, а ёсць і тыя, хто пайшоў у цень. Уласны самазвал, экскаватар-пагрузчык, відаць, дазваляюць абыходзіцца сваімі сіламі.

Сельскагаспадарчым прадпрыемствам (і толькі ім, а не фізічным асобам!) дапускаецца таксама браць пясок ва ўнутрыгаспадарчых кар’ерах, якія знаходзяцца на іх рахунку. Аднак жыццё паказвае, што часам прасцей і зручней якраз там, дзе нельга.

Адны зарабляюць грошы, другія іх эканомяць. Відаць, таму і не атрымліваецца раз і назаўсёды паставіць кропку ў гэтым пытанні і закрыць чорны ўваход у нетры.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *