У Ашмянах прайшоў раённы выпускны баль. Фотарэпартаж

Главное События

Ашмянскія адзінаццацікласнікі  ў мінулую суботу развіталіся са школай. На раённым выпускным балі яны, прыгожыя і акрыленыя, у апошні раз  былі школьнікамі. Яны яшчэ не ведаюць, што з імі будзе, як  складзецца жыццё, куды выведзе лёс, аднак  яны ўжо ступілі на бегавую дарожку жыцця. Пачынаецца дарослае сур’ёзнае спаборніцтва, дзе будуць пераможцы і, на жаль,  пераможаныя.

Жыццё развядзе іх, раскідае. Некаторыя, магчыма, ужо  ніколі і не сустрэнуцца. Хіба толькі знойдуць адзін аднаго  на старонках сусветнага сеціва і будуць успамінаць шчаслівыя імгненні дзяцінства.  Побач яны застануцца хіба толькі  на здымках і відэа —  вясёлыя, бесклапотныя, крыху разгубленыя і ўсхваляваныя.

Але пакуль аднакласнікі аб гэтым не думаюць. Яны яшчэ разам. Прымаюць цёплыя шчырыя віншаванні ад сваіх настаўнікаў і бацькоў, святароў, старшыні райвыканкама Юрыя Адамчыка, начальніка аддзела адукацыі Наталлі Кучынскай, малышоў з дзіцячага садка. Дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак: Міхаіл Чарнушэвіч, Вераніка Кетрыс, Сяргей Ждановіч, Ірына Стэмпкоўская, Дзмітрый Швабовіч, Міхаіл Станулевіч, Арцём Лугін, Яўген Базык, Юлія Тарасевіч, Віталь Гарлуковіч  —  трымаюць у руках высокую ацэнку сваёй працы – залатыя і сярэбраныя медалі.

Адзінаццацікласнікі танцуюць прыгожы школьны вальс, дораць свае песні настаўнікам і бацькам. Яны клянуцца памятаць  аднакласнікаў і педагогаў, наведвацца ў школу, якая дала ім моц і ўпэўненасць. Яны абяцаюць быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

…Адпушчаныя ў вольны палёт 234 паветраныя шары забралі з сабой бесклапотнае  дзяцінства. І пакуль рознакаляровыя плямкі  не зліліся з небам, па горадзе разлівалася  мелодыя школьнага вальса:

Когда уйдем со школьного двора

Под звуки нестареющего вальса…

Аліна САНЮК

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *