На фестывалі Pradmova адбылася сустрэча з перакладчыцай кнігі Збігнева Жакевіча «Віленскі трыпціх» Таццянай Кляшчонак

Культура

 

У Мінску прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Некамерцыйны грамадска-адукацыйны праект, скіраваны на развіццё інтэлектуальнага асяроддзя, стаў месцам сустрэчы аўтараў, выдаўцоў, дызайнераў, мастакоў, рэдактараў, перакладчыкаў, бібліятэкараў і ўсіх знаўцаў кнігі.

Мерапрыемствы «Прадмовы» праходзілі сёлета ў розных фарматах – ад джэм-сесій да квэстаў, музычных выступленняў, інтэлектуальных дыскусій, лекцый, а таксама прэзентацый вядомых аўтараў.

У межах фестывалю адбылася сустрэча з перакладчыцай кнігі Збігнева Жакевіча «Віленскі трыпціх» Таццянай Кляшчонак.

Таццяна Іванаўна Кляшчонак — наша зямлячка, цяпер жыве ў Граўжышках. Яна нарадзілася на Ашмяншчыне, жыла і працавала настаўніцай у суседняй Смаргоні, затым, будучы навуковым супрацоўнікам музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, шчыльна даследавала жыццё і дзейнасць вялікага кампазітара, а таксама асоб з яго атачэння.

Літаратурным і паэтычым перакладам вершаў, мемуараў і краязнаўчых матэрыялаў з польскай мовы Таццяна Іванаўна займаецца даўно. Што тычыцца імя Збігнева Жакевіча і жадання перавесці з польскай мовы на беларускую “Віленскага трыпціха”, то пачатак гэтай справе паклаў краязнавец Уладзімір Прыхач, які на той час быў дырэктарам Смаргонскай гімназіі №4, дзе працавала і Таццяна Кляшчонак. Збігнеў Жакевіч — польскі пісьменнік, публіцыст, русіцыст, гісторык рускай літаратуры, даследчык творчасці Фёдара Дастаеўскага і Івана Буніна — прысылаў Прыхачу цёплыя лісты разам з сямейнымі фатаграфіямі і геаграфічнымі картамі той мясцовасці, дзе ён правёў цяжкія ваенныя гады (ваколіцы вёсак Паніззе Татарскае і Крэва). Неразборлівы почырк Жакевіча Таццяне Іванаўне ўдавалася разабраць хіба з трэцяй спробы! Першапачаткова апантаныя краязнаўцы шукалі ў творах Жакевіча толькі новыя матэрыялы для сябе і вучняў, а за пераклад Таццяна Кляшчонак узялася праз некалькі гадоў.

— Працуючы над перакладам, я змагла належным чынам ацаніць каштоўнасць гэтага твора для смаргонцаў і ўсіх беларусаў. Тут і апісанне рэальных падзей і канкрэтных людзей, адносін ва ўласнай сям’і, жыцця вясковага люду, шляхецкіх традыцый, беларускі фальклор і метафізічнае стаўленне да падзей жыцця. Трыпціх можна назваць і своеасаблівай кнігай па псіхалогіі сямейных узаемаадносін, бо аўтар моцна паглыбіўся ў складаныя сямейныя стасункі дзядулі і бабулі, бацькоў. Скрупулёзным самааналізам у сваіх творах аўтар прымушае задумацца пра вытокі чалавечага лёсу, шматзначнасць свету, у якім мы ўсе злучаныя між сабой, — адзначае перакладчыца.

З’яўленне гэтай кнігі ў Беларусі перакладчыца Таццяна Кляшчонак лічыць своеасаблівай прэм’ерай, і не толькі літаратурнай, але і мастацкай.

— Назва “Віленскі трыпціх” зусім не выпадковая, — лічыць Таццяна Іванаўна. — Бо як жа назваць твор, які ўзрушвае настолькі, што нават змяняе душу і робіць яе больш адкрытай і міласэрнай, а творчая манера аўтара нагадвае пры гэтым манеру геніяльнага мастака-імпрэсіяніста, які, падмеціўшы нават дробязі і ні ў чым не салгаўшы, яскрава і выпукла малюе жыццё свайго роднага заходнебеларускага кутка падчас крушэння яго ранейшых цывілізацыйных асноў? І хоць паводле тэматыкі “Віленскага трыпціха” яго аўтара можна было б залічыць да прадстаўнікоў так званай “крэсавай літаратуры”, на справе ён – літаратурны эксперыментатар, адзін з заснавальнікаў складанай анірычнай плыні, блізкай да французскай плыні nouveau roman з элементамі фантасмагорыі. Гэты жанр аказаўся найбольш адпаведным для раскрыцця ўнутраных перажыванняў Жакевіча-падлетка падчас апошняй вайны, калі гэты цяжар станавіўся нязносным для ўражлівай юнацкай душы.

Збігнеў Жакевіч – аўтар больш чым 100 мастацкіх твораў для дарослых і дзяцей, літаратуразнаўчых артыкулаў, эсэ, звязаных з прадметам яго навуковых даследаванняў у Гданьскім універсітэце, дзе ён выкладаў рускую літаратуру. Яго творчасць была высока ацэнена пры жыцці. Ён – уладальнік многіх ганаровых узнагарод, у тым ліку і дзяржаўных, сярод якіх – Залаты Крыж Заслугі, Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы.

Таццяна Іванаўна Кляшчонак шчыльна працавала над перакладам аповесцей Жакевіча некалькі год, і ўвесь гэты час яе не пакідала думка пра выданне трыпціха. Каб “прарэкламаваць” кнігу і пазнаёміць з яе аўтарам, тым самым зрабіць магчымы крок у справу яе друкавання, яна нават выдала “Трыпціх” самвыдатам і распаўсюджвала сярод сяброў, а таксама запрашала ўсіх цікаўных звяртацца да сябе на старонку “Збігнеў Жакевіч” у Фэйсбуку, дзе падавала ўрыўкі з трылогіі з ілюстрацыямі і фатаграфіямі Жакевіча.

У трох аповесцях “Віленскага трыпціха” паслядоўна апісваюцца падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Ашмянскага павета — адметнага куточка былой Віленшчыны — з 1938 па 1946 гады. Пра гэты складаны і цяжкі перыяд дасюль мала напісана і беларускімі пісьменнікамі, і дакументалістамі, таму сведчанні Збігнева Жакевіча маюць для нас вялікую каштоўнасць. Варта ўзгадаць, што Ашмянскі павет на той час уключаў у сябе частку Маладзечанскага раёна, Смаргоншчыну і Ашмяншчыну. Будучы пісьменнік нарадзіўся ў Маладзечне, яго бацька, Юзаф Жакевіч, быў дарадцам і ўпраўляючым маёнткам графа Здзіслава Тышкевіча ў Ізабеліне пад Маладзечнам. Маці Зоф’я — дачкой дробнага землеўладальніка Аганоўскага з-пад Крэва. Роднымі мясцінамі для Збігнева Жакевіча быў маёнтак дзеда паблізу Паніззя, а таксама Крэва і Ленкаўшчына Маладзечанскага раёна, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка ў час ваеннага ліхалецця. У кнізе чытач знойдзе апісанне Крэўскага замка, залескай сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага падчас вайны, гістарычных помнікаў Лоска, Беніцы, Маладзечна.

Другая аповесць трылогіі “Род Абачаў” напісана ў жанры гімнічнай прозы, якая ўяўляе сабой сплаў мелодыкі, рытму і слова.

-Гэта непаўторны гімн любові да Айчыны, — кажа Таццяна Іванаўна. — Дарэчы, вядомы нямецкі перакладчык, узяўшыся перакладаць на нямецкую мову “Род Абачаў”, неўзабаве спыніў сваю працу, бо не змог перадаць меладычныя асаблівасці твора. А вось на беларускую мову перакласці ўдалося, і гэта сімвалічна! Унікальныя творы Жакевіча патрэбны перш за ўсё на яго Радзіме, дзе нават старыя дрэвы “смуткуюць па нас на векі вякоў”!

Вяртанне Жакевіча ў Беларусь Таццяна Кляшчонак называе справай свайго жыцця, і ад яе яна ніколі не адступалася. І вось ў маі бягучага года ў выдавецтве Рамана Цымберава кніга пабачыла свет. Падчас яе прэзентацыі перакладчыца падзякавала ўсім, хто меў да яе дачыненне. Сярод іх мінскі фотамастак Васіль Чмыхаў, які зрабіў цудоўныя здымкі жакевічаўскіх мясцін, і краязнаўца і прадпрымальнік Францішак Жылка, які сваім грашовым ахвяраваннем даў штуршок падрыхтоўцы да друку гэтай кнігі, і дзеці Жакевіча, Зоф’я і Мацей, якіх з Таццянай Іванаўнай аб’яднала агульная радасць ад таго, што неўзабаве з’явіцца кніга і беларусы адкрыюць для сябе імя яшчэ аднаго таленавітага земляка.

Адной з задач на сённяшні дзень перакладчыца лічыць прэзентацыю кнігі “Віленскі трыпціх” у Ашмянах і Смаргоні, каб пра аўтара і яго твор даведалася як мага больш беларусаў.

Аліна САНЮК.

Фота Віталя СНЕЖНЯ і аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *