У Ашмянах адзначылі Дзень настаўніка

Общество

 

На ўрачыстае мерапрыемства былі запрошаны лепшыя педагагічныя работнікі раёна, а таксама ветэраны працы – людзі, чый прафесійны досвед стаў надзейным арыентырам для наступных пакаленняў настаўнікаў і выхавацеляў, кіраўнікоў устаноў адукацыі і метадыстаў.

Настаўнік – прафесія, якая вымагае нястомнай працы душы, яна поўная трывог і хваляванняў, радасцей і засмучэнняў, пошукаў і адкрыццяў, гэта пастаяннае выпрабаванне на мудрасць, цярплівасць, прафесійнае майстэрства. Гэтая думка стала лейтматывам урачыстасці, якая адбылася ў сярэдняй школе №1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага.

Шчырыя віншаванні ў гэты дзень прымалі педагогі ад сваіх вучняў, бацькоў, калег… Словы ўдзячнасці за прафесійную годнасць адрасавала педагогам начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Баркоўская.

— Я жадаю вам здароўя, мудрасці, цярплівасці, самаразвіцця, самаўдасканалення – усяго таго, без чаго немагчыма ўявіць асобу настаўніка. Наша праца заўсёды накіравана на рэзультат. І гэта датычыцца не толькі ўдала праведзеных урокаў ці мерапрыемстваў, вынікаў на алімпіядах і конкурсах, але і галоўнай мэты – выхавання годных грамадзянаў нашай краіны, патрыётаў, шчырых і добрых людзей. Згадзіцеся, бадай ці не ў гэтым асноўнае прызначэнне настаўніка.

У святочны дзень многія педагогі атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адзначаны поспехі педагога-аранізатара СШ №1 г. Ашмяны М.М. Гружэўскага Наталлі Бізукойць,  загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада №1 г. Ашмяны Святланы Кураловіч, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Цудзенішскага ВПК Таццяны Плоскай. Граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама атрымалі настаўніцы пачатковых класаў СШ №2 Вольга Завадская, настаўнік абслугоўваючай працы СШ №3 Алена Місюкевіч, выхавацель дашкольнай адукацыі Гальшанскага ясляў-сада Данута Скаржынская, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Мураванаашмянкоўскага ВПК Генадзь Барткевіч, дырэктар Барунскага ВПК Аляксандр Саванец, дырэктар СШ №2 Наталля Галашэўская, настаўніца беларуская мовы і літаратуры СШ №3 Святлана Лабачэўская.

Некалькі дзясяткаў педагогаў падняліся на сцэну, каб атрымаць граматы ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

Са святам павіншаваў калегаў старшыня райкома прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксей Дэрвіс, які адзначыў, што галоўнымі ў адукацыйным працэсе застаюцца асобы вучняў і настаўнікаў – творчых, зацікаўленх, мэтанакіраваных. Лепшым у прафесіі Аляксей Казіміравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды. Не засталася ўбаку ад ушанавання настаўнікаў і раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”.

Букетам яркіх фарбаў расквеціла палітру свята выступленне юных талентаў СШ №1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага. Удзельнікі тэатра мініяцюр “Фламінга” падрыхтавалі цікавае аздабленне для канцэртнай праграмы.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *