Сёлетні фестываль «Гальшанскі замак» здзіўляў гасцей сярэднявечнымі мініяцюрамі, баталіямі і феерверкам

Культура События

Гальшаншчына – зямля, якая  ўжо шмат стагоддзяў вабіць сваёй гістарычнай спадчынай. Яна прыцягвае душы людзей сваёй таямнічасцю, чароўнай атмасферай быліннасці і цудоўнымі паданнямі. Гэта ўнікальны куток не толькі Ашмяншчыны, але і ўсяго нашага беларускага краю. І невыпадкова менавіта на гэтай зямлі зарадзіўся і да гэтай пары існуе фестываль “Гальшанскі замак”, які ў трэці раз збірае сваіх прыхільнікаў.

Адметна тое, што кожны раз заснавальнікі фэсту праграму напаўняюць нечым новым і цікавым.

У апошнюю майскую суботу першымі вакол замчышча раскінулі свае гандлёвыя палаткі рамеснікі, народныя майстры і ўмельцы са сваімі непаўторнымі па сваёй прыгажосці вырабамі.

Фестываль распачаўся парадам рэтра-машын. Ад цэнтра аграгарадка да руінаў замка сваім ходам тэхніка накіравалася на свята. Па-сапраўднаму захапляючае відовішча, бо ў баку не засталося раўнадушных да рарытэтнай тэхнікі. Кожны меў магчымасць сфатаргафавацца каля аўтамабіляў, ўзрост якіх налічваў каля паўсотні гадоў.

У апошні час мы ўсё часцей звяртаемся да нашай мінуўшчыны. Яна вабіць сваёй таямнічасцю, асаблівасцямі звычаяў таго часу, а каларытныя фігуры нашых продкаў выклікаюць непадробную цікавасць і шчырую павагу.

Урачыстае адкрыццё фестываля “Гальшанскі замак-2012” пачалося пад гукі старажытных трубаў. Па традыцыі на свята завіталі Соф’я Гальшанская, у ролі якой выступіла Наталля Гардзей, і Ягайла (Аляксандр Спірыдонаў), каб павітаць шматлікіх гасцей і сваіх нашчадкаў, выказаць словы падзякі за слаўны фестываль старажытнасці. Пакідаючы сцэну, велічная каралеўская пара дала наказ нашчадкам Гальшан, каб працягвалі адраджэнне славутай гісторыі свайго краю.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў фэсту звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец. Ён падзякаваў ўсім, хто прыбыў на свята, а таксама выказаў спадзяванне на працяг фестывалю і надалей.

2012 год выдаўся для гісторыі Гальшаншчыны знамянальным. 510 гадоў мінула з таго часу, калі юная Соф’я Гальшанская і кароль польскі Ягайла злучылі свае лёсы шлюбнымі заручальнымі пярсцёнкамі.

Сваю версію падзей, заснаваных на гістарычных звестках, да ўвагі гледачоў прадставіў гістарычны тэатр “Падарожжа ў Сярэднявечча” з горада Ліды. Удзельнікі фестывалю мелі магчымасць пабываць на сватаўстве Ягайлы да Соф’і, а таксама стаць сведкамі тэатралізаванага каралеўскага вяселля.

Спаўна адчуць дух і перадаць настрой той даўняй каралеўскай эпохі удзельнікам фестывалю дапамог тэатр сярэднявечнай мініяцюры  “Фламея” і “Яварына”. Яго артысты спачатку прадэманстравалі сярэднявечныя танцы, танцы эпохі Рэнесанса (эпоха Францыска Скарыны і Сапегі) і барока, а таксама танцы эпохі Ампір (часы Напалеона Банапарта) і беларускіх мястэчкаў.

Удзельніцы гуртоў уразілі  гальшанцаў і шматлікіх гасцей сваёй грацыяй, а потым кожны жадаючы мог станцаваць з абаяльная партнёршай.

Наведвальнікі мерапрыемства, яго госці мелі магчымасць стаць сведкай пасвячэння ў рыцары. Старажытны абрад быў выкананы народным клубам славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” з Гародні (Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы).

Вялікую цікавасць выклікалі конныя і рыцарскія турніры,  турніры лучнікаў, бугурды ў выкананні ваеннага гістарычнага клуба “Дайнава” з Ліды на пляцоўцы “Іпадром” і міні-спектакль “Вайна 1812 года”. Звон мячоў, рыцарскай кальчугі і стрэлы з сярэднявечных гармат – сапраўдныя баталіі разгарнуліся на уваходзе ў замак. Пасля завяршэння тэатралізаванага прадстаўлення адбылося ўзнагароджванне рыцараў-пераможцаў.

Вечарам культурная праграма прадоўжылася канцэртам старадаўняй музыкі з удзелам ансамбляў “Стары Ольса”, “Тутэйшыя” і “Яварына”, “Унія”, а таксама дзі-джэй праекта “ПАВА” і дзі-джэя П. Бальцэвіча.

На працягу дня сваіх пакупнікоў і аматараў ручных вырабаў чакала пляцоўка “Горад рамёстваў”. Падчас фестывалю свой гандаль разгарнулі палаткі райспажыўтаварытсва і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Напрыканцы ўдзельнікам мерапрыемства тэатральныя гурты “Яварына” і “Фламея” паказалі вогненнае прадстаўленне. А завяршыўся фестываль “Гальшанскі замак-2012”  гучным феерверкам, які расквеціў неба над замкам у розныя колеры вясёлкі.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

Фота Цімафея СЯМЁНАВА.

На здымках: падчас правядзення фестывалю “Гальшанскі замак-2012”.



1 комментарий по теме “Сёлетні фестываль «Гальшанскі замак» здзіўляў гасцей сярэднявечнымі мініяцюрамі, баталіямі і феерверкам

  1. Малайцы,суседзі,ёсць чым здзівіць і што паглядзець

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *